Эканоміка пачынаецца з вытворчасці

Напрыканцы снежня найбольш відавочна, наколькі граматна была пастаўлена работа ў працоўных калектывах у папярэднія 11 месяцаў. Сведчаць пра гэта фінансава-эканамічныя паказчыкі іх дзейнасці.
Якія пазіцыі нашых прамысловых прадпрыемстваў? Што атрымалася, а над чым належыць працаваць далей? Які бізнес-клімат на Ляхавіччыне? Пра гэта і іншае – у размове з намеснікам старшыні Ляхавіцкага райвыканкама Таццянай Кацуба.

– Эканамічны складнік – асноўная крыніца развіцця раёна. Таццяна Міхайлаўна, з якімі вынікамі эканоміка раёна завяршае год?
– Стабільна – так у цэлым можна ахарактарызаваць работу большасці прадпрыемстваў Ляхавіччыны. Усе прамысловыя прадпрыемствы, акрамя льнозавода, павялічылі аб’ёмы выпускаемай прадукцыі.
Самае стабільнае і паспяховае прадпрыемства раёна і адно з лепшых малакаперапрацоўчых на Брэстчыне – Ляхавіцкі малочны завод, вытворчасць якога знаходзіцца фактычна ў працэсе мадэрнізацыі нон-стоп.
За 10 месяцаў года выкананы 10 з 14 даведзеных раёну прагнозных паказчыкаў. Ёсць шэраг праблемных прадпрыемстваў, якім трэба неадкладна паляпшаць фінансавы стан. Належыць навесці парадак з дысцыплінай разлікаў паміж арганізацыямі.
Па рэнтабельнасці продажаў і яе росце Ляхавіцкі раён займае трэцяе месца сярод рэгіёнаў Брэстчыны. А яшчэ прыемны факт: удзельная вага стратных прадпрыемстваў у нас мінімальная.
Выручка на аднаго працаўніка прамысловых прадпрыемстваў за 9 месяцаў склала 36,7 тысячы рублёў (найбольш на малочным заводзе – 183 тысячы).
Асноўнай задачай эканомікі раёна на наступны год з’яўляецца забеспячэнне далейшага павышэння ўзроўню даходаў насельніцтва, у тым ліку за кошт павышэння эфектыўнасці выкарыстання наяўных тэхнічных і працоўных рэсурсаў, мадэрнізацыі вытворчасці і распрацоўкі новых відаў прадукцыі.
Спынюся яшчэ на адным аспекце. Раёну неабходна было забяспечыць не менш як 104,8 працэнта да аб’ёма 2016 года рост знешнегандлёвага патэнцыялу па тэмпах росту тавараў. Заданне выканана з унушальным «плюсам»: за 10 месяцаў экспарт склаў 142 працэнты. Усяго за межы краіны прададзена тавараў на 17 мільёнаў долараў – яшчэ адно па-цвярджэнне, што нашы прадпрыемствы выпускаюць запатрабаваную прадукцыю, яна мае ўстойлівы попыт не толькі ў айчынных, але і замежных спажыўцоў. А рэзервы для пашырэння геаграфіі экспарту ёсць заўсёды.
– Адно з галоўных патрабаванняў Кіраўніка дзяржавы – за кошт прадукцыйнасці працы забяспечыць рост заработнай платы. На пастаянным кантролі занятасць насельніцтва, у тым ліку стварэнне новых працоўных месцаў. Як гэтыя пытанні вырашаюцца ў Ляхавіцкім раёне?
– Планам развіцця раёна на 2017 год прадугледжаны павышэнне ўзроўню даходаў насельніцтва, рост сярэдняй намінальнай налічанай заработнай платы працуючым. Што маем? Фактычна за студзень-кастрычнік рост налічанай зарплаты склаў 9,3 працэнта, рэальнай – 2,8 працэнта. Прычым, у кастрычніку прадпрыемствы істотна павысілі тэмпы росту зарплаты – на 21 працэнт.
Прыкладна на 12 працэнтаў прадпрыемстваў Ляхавіччыны сярэдняя зарплата складае 1000 рублёў. Доля такіх арганізацый, безумоўна, павінна павышацца. А для гэтага кіраўніцтва прадпрыемстваў абавязана сур’ёзна працаваць над павышэннем прадукцыйнасці працы, пашырэннем рынкаў збыту, узмацненнем дысцыпліны, максімальнай эканоміяй матэрыяльных рэсурсаў.
Дарэчы, рост зарплаты акажа істотны ўплыў і папаўненне бюджэту раёна. Паколькі менавіта падаходны падатак з’яўляецца асноўнай крыніцай яго папаўнення. Прыкладна 35 працэнтаў у бюджэтных паступленях – адлічэнні з зарплаты. За кошт гэтых сродкаў фінансуюцца, у тым ліку, ахова здароўя, адукацыя, бюджэтныя сродкі накіроўваюцца на добраўпарадкаванне населеных пунктаў, рамонт жылля, дарог, асвятленне і іншае.
Што датычыць працаўладкавання, то гэта – сацыяльна важная задача. Больш за 70 жыхароў раёна працаўладкаваны сёлета на новыя рабочыя месцы. Адзначу істотны ўклад малога бізнесу ў працаўладкаванне: тут за 10 месяцаў створана 160 новых працоўных месцаў. Узровень афіцыйна зарэгістраванага беспрацоўя знізіўся з 0,8 працэнта на пачатак 2017 года да 0,5 працэнта на
1 лістапада. Колькасць вакансій значна перавышае колькасць зарэгістраваных беспрацоўных. У кожным сельсавеце праведзены міні-кірмашы вакансій. Ствараюцца ўмовы для самазанятасці. Гэтаму, напрыклад, садзейнічае развіццё мясцовых ініцыятыў у межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі ЕС-ПРААН. У прыватнасці, праекты «Доўгая карова» і «Падтрымка дзелавой ініцыятывы насельніцтва на аснове развіцця народнай творчасці і адра-джэння рамёстваў». Напрыклад, у межах рэалізацыі ініцыятывы «Доўгая карова» не толькі павялічылася колькасць вяскоўцаў, якія змогуць атрымліваць даходы за кошт вядзення ўласнай падсобнай гаспадаркі, але і распрацавана канцэпцыя па ўдасканаленні самазанятасці насельніцтва Ляхавіцкага раёна – кіраўніцтва да дзеяння тым, хто жадае працаваць самастойна.
– Дарэчы, еўрапейскія гранты атрымалі не толькі гэтыя праекты…
– Так, у кастрычніку Еўрапейская камісія прыняла рашэнне аб фінансаванні ў межах праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча-Беларусь-Украіна» праекта па аднаўленні былой сядзібы Рэйтанаў у вёсцы Грушаўка.
Рэалізацыя праекта паспрыяе стварэнню прывабнага для турыстаў іміджу Ляхавіччыны. А гэта прадугледжвае і больтш развітую структуру гандлю, грамадскага харчавання, гасцінічнага бізнесу і, адпаведна, выкананне даведзенага раёну задання па экспарце паслуг, які сёлета, на жаль, не ўдалося выканаць.
– Наш раён быў пераможцам рэспубліканскага конкурсу «Лепшы раён для бізнесу». Як развіваецца прадпрымальніцтва на Ляхавіччыне?
– Да прадпрыемстваў малога бізнесу, накшталт, «Трансэлектракамплекта», «Інтэрлака», «Металапластмаса», «Ібіры», «Ажуруны», «Ляхавічыдрэў», якія даўно заявілі пра сябе, далучыліся і навічкі. Сёлета зарэгістраваны 6 новых прыватных прадпрыемстваў: ТАА «НПЦ «Белбіязім» (вытворчасць біялагічных дабавак для корму свойскай жывёле), ТАА «Медлітэкспарт» (аказанне паслуг па суправаджэнні экспарту і імпарту тавараў у Кітай і з Кітая), ТАА «Ляхавіцкая вербачка» (вырошчванне і перапрацоўка вярбы на паліва, якое дае мала адходаў, мае добрую цеплааддачу, па кошце таннейшае за звычайныя дровы) з польскім капіталам і тры прадпрыемствы рознічнага гандлю.
На Ляхавіччыне зарэгістравана 415 індывідуальных прадпрымальнікаў і 135 юрыдычных асоб мікра- і малога бізнесу. Прыкладна дзясятая частка эканамічна актыўнага насельніцтва працуе менавіта на прадпрыемствах малога бізнесу. Прадпрымальнікі забяспечваюць трэцюю частку экспарту тавараў і 95 працэнтаў экспарту паслуг. І яшчэ адна вызначальная акалічнасць: на чвэрць даходную частку бюджэту фарміруюць прадпрымальнікі. Адкрылі сваю справу   46 ІП.  Яшчэ 12 вакансій з’явілася на прыватных прадпрыемствах, створаных  летась і сёлета.
Развіццю малога бізнесу ўключана зялёнае святло, на гэта накіраваны і Дэкрэт Прэзідэнта «Аб развіцці прадпрымальніцтва».

Гутарыла Галіна КАНЬКО.

2,2 мільёна рублёў – столькі за 10 месяцаў гэтага   года склалі інвестыцыі ў прамысловасць. Найбольш вызначыліся малочны і торфабрыкетны заводы.

Эканоміка пачынаецца з вытворчасці: 1 комментарий

  • 23/01/2018 в 08:40
    Permalink

    Даже не знала, что в нашем районе так хорошо развито малое предпринимательство. Интересно, в каких сферах оно боле отчётливо проявляется? Кстати, про «Долгую корову». Сюжет про эту
    инициативу показывали по телевидению. Моя знакомая из Клецкого района даже звонила и просила узнать, можно ли приобрести телёнка жителям других регионов. Значит, действительно нужное предложение.
    И ещё, лично меня, волнует вопрос торгового обслуживание жителей микрорайона улиц Интернациональная, Октябрьская, Матросова и других близлежащих. Да,есть Евроопт , магазины райпо. Но по ним у нас, покупателей много вопросов, в том числе и по новому магазину райпо по Интернациональной: ассортимент небольшой, бывает и просроченный товар. Слышала, што планируется строительство ещё одного сетевого магазина. Это правда?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *