Стараемся выкарыстаць магчымасці росту

Генадзій САКУЦЬ,  дырэктар ТАА «Трансэлектракамплект»:

– Наша прадпрыемства на рынку электратэхнічнай прадукцыі ўсяго 14 гадоў, але з гонарам магу сказаць: нас ведаюць, наша прадукцыя запатрабаваная. Каб гэта забяспечыць, неабходна пастаяннае развіццё. Вось і сёлета за кошт уласных сродкаў «Трансэлектракамплекта», крэдытаў пабудавалі новы вытворчы цэх.
На сучасным абсталяванні і з прымяненнем новых тэхнічных і тэхналагічных распрацовак мяркуем павялічыць аб’ёмы вытворчасці, пашырыць асартымент. Запуск новага цэха, які запланаваны на наступны год, дазволіць разгрузіць іншыя вытворчыя памяшканні, што палепшыць умовы працы.
Заўсёдная наша задача – пашырэнне рынкаў збыту, у тым ліку замежных. У нас склаліся трывалыя партнёрскія сувязі з прадпрыемствамі Расіі, Казахстана, Украіны. Цяпер плануем рэалізоўваць сваю электратэхнічную прадукцыю і камплектуючыя да яе ў краіны Еўразійскага эканамічнага саюза. Ужо ёсць канкрэтныя напрацоўкі.
Пытанні аховы працы – прыярытэтныя на «Трансэлектракамплекце». Усе работнікі забяспечаны спецадзеннем, абсталяванне праходзіць абавязковую паверку, рабочыя – інструктажы, усім неабходным аснашчаны спецыяльныя пакоі для адпачынку. Без усяго гэтага, лічу, не можа быць сучаснай вытворчасці і нармальнага мікраклімату ў калектыве.
Два гады назад на прадпрыемстве стварылі пярвічную прафсаюзную арганізацыю. Не на паперы, а на справе дзейнічае калектыўны дагавор,  заключаны  паміж кіраўніцтвам і прафкамам таварыства. Прафкам на чале з Яўгеніем Сяргеем трымае на грамадскім кантролі многія важныя пытанні.
Сярод традыцый «Трансэлектракамплекта» –
дабрачыннасць. Дапамагчы тым, каму гэта асабліва патрэбна, – дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, пажылым людзям, якія па волі лёсу трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю. Аказваем матэрыяльную падтрымку сваім падшэфным – тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, цэнтру карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа і іншым. Наладжаны цесныя стасункі з установамі адукацыі раёна. Падчас летніх канікулаў арганізавалі другасную занятасць гімназістаў-старшакласнікаў. Рабяты перамотвалі ніткі і дрот у школьных кабінетах, фасавалі іх, а потым адпраўлялі ў ТАА. Два гады запар летам у нас дзейнічаў будаўнічы атрад «Флагман» у складзе навучэнцаў Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Што датычыцца школьнікаў, то гэта дапамога з перспектывай – прафарыентацыя. Спадзяюся, што праз нейкі час хтосьці з нашых юных добраахвотных памочнікаў прыйдзе працаваць у «Трансэлектракамплект».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *