Майстэрства і Маргарыта

Што можа адчуваць малады чалавек творчай прафесіі, калі яго работа заўважана і адзначана ў рэспубліканскім конкурсе?
– Я шчаслівая! – сказала наша юная калега Маргарыта Кухта, калі даведалася, што перамагла ў маладзёжным творчым конкурсе «Дэбют» у намінацыі «Лепшы аўтар рэгіянальных і карпаратыўных СМІ», які праводзіць Беларускі саюз журналістаў. Уручэнне ўзнагарод адбылося ў мінулы чацвер у сталічным Доме журналіста. Карэспандэнту аддзела сацыяльных пытанняў газеты «Ляхавіцкі веснік» лаўрэацкі дыплом уручыў старшыня БСЖ Анатолій Лемяшонак.
Для чытачоў «ЛВ» аўтарскія матэрыялы Маргарыты Кухта і зробленыя ёю фотаздымкі сталі прывычнымі ўжо на старонках газеты. І не толькі за некалькі месяцаў працы пасля інстытута журналістыкі, але і за літаральна ўсе вытворчыя практыкі на працягу вучобы, якія дзяўчына праходзіла ў нашай раёнцы. Раскрыем сакрэт: Маргарыта вучылася па спецыяльнасці «журналістыка» па накіраванні рэдакцыі, дыплом атрымала з адзнакай. З адзнакай, як бачым, пачала і працу. З чым «веснікаўцы» шчыра віншуюць сваю калегу і жадаюць ёй цікавых сустрэч, творчых праектаў, натхнення, відушчага сэрца, вострага пяра, радасці ад зробленага.
Газетчыкаў радуе, што вяртанне з Мінска на сваю малую радзіму і работу ў ляхавіцкай раёнцы Маргарыта Кухта расцэньвае як падарунак лёсу: ёй усё тут міла і цікава. І яна марыць стаць сапраўдным майстрам у любімай журналістыцы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *