Дарослая размова дарослых людзей. Размова «Наша здароўе ў нашых руках» адбылася ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы

Пра СНІД і як засцерагчы сябе ад гэтай хваробы чуем-бачым з экранаў тэлевізараў, чытаем у інтэрнэце, перыёдыка таксама не абмінае хвалюючае пытанне. І, здаецца, усё ведаем – колькі ж можна пра гэта паўтараць?! Але варта закрануць тэму, як узнікае шмат дробязяў і дэталяў, момантаў, што прымушаюць зноў і зноў вяртацца да адкрытага дыялогу.
Размова «Наша здароўе ў нашых руках» з дарослымі людзьмі на дарослыя і важныя тэмы напачатку снежня адбылася ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы.

Урач-інфекцыяніст райбальніцы Віктар Макарчук расказаў навучэнцам, што адбываецца з арганізмам пры паражэнні вірусам імунадэфіцыту чалавека і яшчэ раз нагадаў: СНІД не сінонім ВІЧ, а яго чацвёртая заключная тэрмінальная стадыя. Сёння ёсць пэўная група прэпаратаў для лячэння ВІЧ-інфіцыраваных людзей, але яны не здольны канчаткова зняць дыягназ і выкарыстоўваюцца для зніжэння актыўнасці гэтага віруса.
Людзі розных узростаў і прафесій у пераважнай большасці ўпэўнены, што пра ВІЧ ведаюць дастаткова. Аднак каля 40 працэнтаў не могуць нават адказаць на пытанні: што ж гэта такое, якія існуюць шляхі заражэння і як яго пазбегнуць? На жаль, многія лічаць, што гэтая праблема ніколі іх не закране, тым больш калі размова ідзе пра невялікі населены пункт. Але ў групе рызыкі – кожны. У Ляхавіцкім раёне 14 ВІЧ-інфіцыраваных, з якіх двое, мяркуецца, заразіліся ў выніку шпрыцавага ўвядзення наркотыкаў, астатнія – праз палавыя кантакты. Пытанне аднаго з навучэнцаў да ўрача-інфекцыяніста:
– Віктар Валер’евіч, як пераканацца, што ў чалавека няма ВІЧ?
– Ацаніць свой імунны статус можна толькі здаўшы адпаведны аналіз на ВІЧ-інфекцыю. Гэта можна зрабіць і ў Ляхавіцкай райбальніцы. Трэба звярнуцца непасрэдна да ўрача-інфекцыяніста, у інфекцыйнае аддзяленне. Не трэба саромецца ці баяцца: гэта нармальнае жаданне чалавека адчуваць сябе ўпэўнена. Ёсць таксама экспрэс-тэст імуннай сістэмы арганізма чалавека: сёння здаяце аналізы, а вынікі вядомыя ўжо заўтра.
Пасля размова перайшла да не менш хвалюючых чалавецтва праблем –  курэнне і злоўжыванне алкаголем. Як адзначыла ўрач псіхіятр-нарколаг Вікторыя Дзярачыц, матывам, чаму падлетак бярэцца за цыгарэту, часта бывае жаданне выглядаць дарослым, быць падобным на сваіх бацькоў. Больш за 1200 шкодных рэчываў трапляюць у арганізм праз цыгарэту і становяцца прычынай ракавых і анкалагічных захворванняў.
З залы да Вікторыі Аляксандраўны паступае правакацыйнае пытанне:
– Доктар, даўно прыдумалі электронную цыгарэту, не такую шкодную для здароўя. Значыць ад прывычкі можна не адмаўляцца?..
– Катэгарычна не згодна. Гэта «ўнікальнае» вынаходніцтва распаўсюджвае не менш розных рэчываў, якія адмоўна ўплываюць на арганізм чалавека. Той факт, што ў вэйпе ёсць нікацін, які выклікае прывыканне, дае падставу сцвярджаць: электронныя цыгарэты ні ў якім разе не могуць прэтэндаваць на эталон бяспечнага курэння. І незалежна ад тыпу цыгарэты, варта памятаць пра людзей, якія побач.
Што датычыць апошняга, тут ёсць і прававы аспект, пра які каляджанам нагадала загадчыца юрыдычнай кансультацыі Юлія Чаранкевіч:
– За курэнне ў грамадскіх месцах прадугледжваецца адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу да  4 базавых велічынь. Для курэння ёсць спецыяльна прызначаныя месцы. І яшчэ адзін важны момант: уцягванне заведама непаўналетняга ва ўжыванне спіртных напіткаў вя-дзе таксама да адміністрацыйнай адказнасці – штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь.
У каляджан пытанняў да гасцей сустрэчы шмат. І гэта прыемна. Часам менавіта няведанне становіцца прычынай многіх учынкаў чалавека, пра якія ён пасля шкадуе. Першы крок засцерагчы сябе ад бяды тычыцца самых розных акалічнасцяў і звычак. Папярэдзіць праб-лему – значыць вывучыць яе. Магчыма тады і электронная цыгарэта не падмане сваёй бясшкоднасцю, і не ўзнікне жадання прапусціць «пад футбол» куфаль піва, і закурыць не захочацца на аўтобусным прыпынку… Бо вядомы наступствы.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *