Падарыце незнаёмцу жыццё. Ляхавіцкія медыкі прынялі актыўны ўдзел у акцыі «Бязвыплатнае донарства». Далучыцца да важнай справы, стаць донарам – і выратаваць жыццё незнаёмым людзям можа кожны з нас

Ні адно лякарства не здольна замяніць донарскую кроў. Адзіная крыніца такога ўнікаль-нага прэпарата – донар, здаровы чалавек, які асэнсавана прыняў рашэнне дапамагчы іншаму, няхай адрас дапамогі яму і не вядомы.
«Бязвыплатнае донарства». Акцыя пад такой назвай, што гаворыць сама за сябе, у мінулы чацвер прайшла ў Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы. А медыкі і супрацоўнікі райбальніцы сціпла дадаюць – «пачынаецца з нас». Сапраўды, яны лепш іншых ведаюць, як неабходны донарская кроў і яе кампаненты, калі альтэрнатыў выратаваць чалавечае жыццё проста няма. Таму без сумнення дзеляцца часцінкай сябе – дораць незнаёмым людзям надзею, шанц на выздараўленне.
– Прыемна, што з кожным годам неабыякавых да лёсу іншых людзей становіцца больш. Сёлета звыш 200 ляхавічан далучыліся да акцыі – сталі донарамі крыві і зрабілі гэта бясплатна, – расказвае ўрач анестэзіёлаг-рэаніматолаг аддзялення інтэнсіўнай тэрапіі, анестэзіялогіі і рэанімацыі райбальніцы, загадчык кабінета трансфузіялагічнай дапамогі Андрэй Курак (на здымку ўверсе). Ён і яго калегі-медыкі прынялі ў акцыі самы актыўны ўдзел. Некаторыя сталі донарамі ўпершыню. А вось медсястра-анестэзіст Ларыса Кунцэвіч здавала кроў ужо 30-ы раз, выконваючы абавязкі намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Міхаіл Буйкевіч – 25-ы. Для іх гэта справа даўно перайшла ў лік абавязковых.
Урач-трансфузіёлаг Баранавіцкай гарадской станцыі пералівання крыві Наталля Коцур адзначае, што рэгулярная здача крыві не наносіць шкоды здароўю, наадварот, донары радзей пакутуюць ад інфарктаў, ішэмічнай хваробы сэрца. Канешне, не кожны чалавек можа стаць донарам, дазвол дае ўрач-тэрапеўт пасля медыцынскага агляду і анкетавання.
Акцыя працягваецца. Далучыцца да яе могуць усе жадаючыя, хто па стане здароўя здольны стаць донарам.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

На 1 студзеня 2017 года па краіне налічваецца каля 85 тысяч донараў суцэльнай крыві і 11 тысяч донараў кампанентаў крыві. На Баранавіцкай гарадской станцыі пералівання крыві гэтыя лічбы складаюць адпаведна 4,5 тысячы і 350.

One thought on “Падарыце незнаёмцу жыццё. Ляхавіцкія медыкі прынялі актыўны ўдзел у акцыі «Бязвыплатнае донарства». Далучыцца да важнай справы, стаць донарам – і выратаваць жыццё незнаёмым людзям можа кожны з нас

  • 27/12/2017 в 23:16
    Permalink

    Малайцы, медыкі! Паважаю тых людзей, хто здае кроў, дапамагае іншым. Няхай бы іх прыклад натхніў яшчэ каго на добрую справу

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *