Калі не мы, то хто?

Юрый ЧАРАНКЕВІЧ, старшыня Крывошынскага сельвыканкама:

– Раніца 22 красавіка сёлета выдалася дажджлівай. Тым не менш, як толькі пачало распагоджвацца, на тэрыторыі паркавага ансамбля «Рэпіхава» стала шматлюдна. Падчас рэспубліканскага суботніка на добраўпарадкаванні тут шчыравалі работнікі лячэбна-вытворчых майстэрняў, прадпрыемства «Свяціцадрэў», пажарныя-выратавальнікі Ліпскага ПАВП, дэпутаты Крывошынскага сельскага Савета, вучні і настаўнікі Крывошынскай СШ. Збіралі сушняк, спілоўвалі аварыйныя дрэвы, ачышчалі ўчасткі ад смецця – з натхненнем працавалі ўсе. Прыемна ўразіў адказ школьніцы на пытанне карэспандэнта абласнога тэлебачання, чаму яны тут наводзяць парадак. Дзяўчына паціснула плячамі: «Калі не мы, то хто?»…
Сапраўды, разам мы здольны на многае. Толькі так, аб’яднаўшы намаганні, можна навесці парадак у агульным доме. Магу пацвердзіць, што ўзрастае свядомасць вяскоўцаў, якія з ахвотай падтрымліваюць прапановы аб добраўпарадкаванні. Ды і сельвыканкам робіць нямала. Толькі сёлета ліквідавана больш за 10 несанкцыянаваных сметнікаў у населеных пунктах сельсавета, выдалена больш за 150 аварыйных дрэваў, своечасова абкошваліся месцы агульнага карыстання, разабрана 13 старых дамоў. Усяго з бюджэту на вырашэнне пытанняў жыццезабеспячэння населеных пунктаў выдаткавана амаль 29000 рублёў. Дарэчы, добрай падтрымкай сталі і сродкі, сабраныя грамадзянамі шляхам самаабкладання: каля 2500 рублёў пайшлі ў асноўным на выдаленне аварыйных дрэваў на могілках.
Адзін з важных накірункаў работы сельвыканкама – прафілактыка правапарушэнняў. І гэта пытанне немагчыма вырашыць без цеснага ўзаемадзеяння сельвыканкама, міліцыі, школы, сацыяльна-педагагічнага цэнтра, медыкаў, культработнікаў. Штомесяц праводзім пасяджэнні савета грамадскага пункта аховы правапарадку. З правапарушальнікамі вядзецца растлумачальная работа. На асобым кантролі і сем’і, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, грамадзяне, якія мелі праблемы з законам. Станоўчы момант: многія становяцца на шлях выпраўлення.
Найбольшае задавальненне атрымліваю, калі канкрэтнаму чалавеку своечасова аказваем слушную дапамогу. Зусім нядаўна, напрыклад, адрамантавалі электраправодку ў дамах ветэрана Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Навасёлкі і інваліда І групы – у Нетчыне.
Наведванне на даму, абследаванне ўмоў жыцця і быту адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і інвалідаў, мнагадзетных сем’яў – частка работы з насельніцтвам.
Удзячны за плённае супрацоўніцтва кіраўніцтву і работнікам аблпсіхбальніцы «Крывошын», лячэбна-вытворчых майстэрняў, Крывошынскага і Навасёлкаўскага лясніцтваў, «Белпрампрыбору», «Ліпнянцы», Крывошынскай участковай бальніцы, Ліпскай урачэбнай амбулаторыі, вучням і настаўнікам Ліпскай і Крывошынскай СШ.
Разам з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама сёлета праведзены 4 выязныя кірмашы вакансій. Некалькі чалавек працаўладкаваны, многія сталі на ўлік у цэнтры занятасці, а некаму прапанавалі прафесійнае перанавучанне.
Зроблена нямала. Яшчэ больш запланавана. На парадку дня – рамонт аўтамабільных дарог і вуліц населеных пунктаў, уладкаванне прыпынкаў грамадскага транспарту, добраўпарадкаванне і іншае.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *