Чытайце пра Брэстчыну

Кніга – карабель думкі. Яна вандруе па хвалях часу і беражліва нясе свой каштоўны груз з пакалення ў пакаленне. Сярод новых выданняў, якія папоўнілі кніжны фонд, ёсць і краязнаўчыя, прычым цікавасць да іх тым большая, што яны ўтрымліваюць звесткі пра Брэстчыну і нашу Ляхавіччыну.

Нарматыўны даведнік “Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць” уключае ўсе наяўныя на 1 мая 2009 г. населеныя пункты вобласці ў межах адміністрацыйна-тэрытарыяльных падраздзяленняў (раён, сельсавет). Назвы падаюцца беларускай кірыліцай, лацінскай і рускай графікай. Указаны страчаныя назвы, варыянты назваў населеных пунктаў.

Вялікую зацікаўленасць вы-клікае новы альбом “Мастакі Брэстчыны”. Гэта выданне ўяўляе сабой кароткі агляд творчасці членаў Брэсцкай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў”. Альбом данясе да ўсіх аматараў мастацтва яскравае сведчанне высокага майстэрства мастакоў Берасцейшчыны, як старэйшага пакалення, так і маладых, якія сваёй творчасцю дапаўняюць багатую палітру мастацтва нашага краю. У альбоме змешчаны матэрыялы аб творчасці больш як 70 мастакоў Берасцейшчыны.

На старонках даведачнага выдання “Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь” змешчана інфармацыя пра помнікі археалогіі, архітэктуры, гісторыі, горадабудаўніцтва, мастацтва, а таксама матэрыяльныя, рухомыя аб’екты і нематэрыяльныя праяўленні творчасці чалавека, якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Звесткі аб гісторыка-культурных каштоўнасцях дапоўнены шматлікімі (больш за 800) здымкамі, апісаннем і кароткай гістарычнай даведкай.

Кніга “На лініі агню: воіны-інтэрнацыяналісты Брэсцкай вобласці ў афганскай вайне 1979-1989” утрымлівае каштоўны матэрыял. Ёсць у выданні ўспаміны ўдзельнікаў афган-скай вайны, змешчаны і поўны спіс загінуўшых.
Калі вас зацікавілі навінкі і вы жадаеце з імі пазнаёміцца, то запрашаем у бібліятэку.

Ларыса ЛЕШЫК,
бібліятэкар аддзела камплектавання і апрацоўкі літаратуры

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *