Дарожна- будаўнічая механіка

Блок пытанняў, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі намесніка старшыні райвыканкама Сяргея Юшкевіча, быў і застаецца ў топе блізкіх і хвалюючых, таму што будаўніча-камунальная кухня датычыць літаральна кожнага. Калі ў сістэме нешта «рвецца» – пачынаюцца хваляванні, тэлефанаванні, адрасна гучаць не самыя цёплыя словы-характарыстыкі.
Пра зробленае і задачы – размова з кампетэнтным субяседнікам, які курыруе пытанні будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, электрасувязі і электразабеспячэння, рамонту і ўтрымання дарог раёна і некаторыя іншыя.

– Сяргей Вікенцьевіч, хаця дарожнае пытанне сёння надзвычай хвалюе землякоў, але нельга адмаўляць, што з кожным годам добрых дарог у раёне становіцца больш. Канкрэтызуйце, калі ласка, сітуацыю.
– Прывяду некалькі фактаў. У 2017 годзе праведзены ямачны рамонт асфальтавага пакрыцця асобных вуліц у аграгарадках Ліпск, Падлессе, вёсцы Мыслабаж. Гэта атрымалася ажыццявіць не без дапамогі вобласці. У наступным годзе нашы дарожнікі вернуцца і ў Падлессе, і ў Мыслабаж, каб прадоўжыць работу ў фармаце больш глыбокага і якаснага рамонту названых аб’ектаў. На вуліцах з’явяцца так званыя лакальныя карты новага асфальтавага пакрыцця.
Нямала зроблена і ў горадзе: з бюджэту раёна былі прафінансаваны работы па асфальтаванні вуліцы Савецкай, асфальт і пешаходныя дарожкі з’явіліся на вуліцы Янкі Купалы і часткова Камсамольскай. Завяршальны акорд запланаваны на 2018, пасля пракладкі на незаасфальтаваным яшчэ ўчастку падземных камунікацый.
Дарожная сетка раёна патрабуе, скажу так, рэабілітацыі. У значнай сваёй частцы скаргі насельніцтва тычацца стану гравійных дарог. Усім неабходным патэнцыялам (маю на ўвазе тэхніку, кадры) наша ДРБУ-200 валодае. Але з грэйдзіраваннем паспявае не заўсёды. Прычыны? У шэрагу выпадкаў надвор’е не дазваляе своечасова выканаць работу, мае месца недастаткова эфектыўная арганізацыя вытворчага працэсу, не магу не ўзгадаць пра так званы чалавечы фактар, прысутнічаюць і іншыя моманты.
Дарогі на тэрыторыі раёна абслугоўвае і Баранавіцкае ДЭУ-24. У гэтай арганізацыі «пад нагамі» выключна асфальт ці, як гэта гучыць на прафесійнай мове, дарогі з удасканаленым пакрыццём. З Баранавіч праз Ляхавічы, Русінавічы і да так званага Тальмінавіцкага скрыжавання – адна з іх. І другая – з райцэнтра праз Жарабковічы і выходзіць на мяжу Клецкага раёна. Да названых шляхоў менш за ўсё прэтэнзій, яны знаходзяцца ў даволі добрым стане.
Нагадаю, што ў Беларусі дзейнічае рэспубліканская праграма, у адпаведнасці з якой да 2020 года ўключана ўсе аграгарадкі павінны быць злучаны з асноўнымі трасамі-дарогамі з удасканаленым пакрыццём. Фінансавае забеспячэнне гэтага маштабнага праекта ажыцяўляецца за кошт сродкаў дзяржаўнага бюджэту. Вынікі першага года дзеяння праграмы ў нашым раёне ўжо матэрыялізаваліся ў выглядзе асфальтаваных дарог. Першай ластаўкай стала дарога, што злучыла райцэнтр з аграгарадком Падлессе. Бюджэту яна каштавала 1,28 мільёна рублёў. Змяніў гравійную вопратку на асфальтавую ўчастак дарогі паміж Альхоўцамі і Малым Гарадзішчам. Кошт пытання – 1,21 мільёна рублёў. Асноўныя работы правялі спецыялісты нашага ДРБУ, хоць былі задзейнічаны і субпадрадчыкі. На падвозцы пясчана-гравійнай сумесі, у прыватнасці.
Дарожнае пытанне з’яўляецца вельмі актуальным, знаходзіцца пад пільнай увагай кіраўніцтва раёна. Упэўнены, што паступова, крок за крокам мы будзем набліжаць час яго вырашэння.
– Не менш важная і яшчэ адна вытворчая галіна – будаўнічая.
– У раёне дзве арганізацыі агульнабудаўнічага профілю. Ляхавіцкая ПМК-13 ААТ «Пінсксаўгасбуд» мае падрад на Магілёўшчыне, працуе над узвядзеннем другой чаргі МТФ «Сакуны». ПМК-17 на сённяшні дзень з’яўляецца адной з дзвюх стратных арганізацый раёна. Станоўчы ж момант у тым, што сума страт планамерна змяншаецца. З 33 тысяч рублёў па стане на кастрычнік 2016-га да 9 тысяч на аналагічную дату сёлета. Нетаропкаму, але цвёрдаму руху наверх, лічу, пасадзейнічаў і той факт, што каля паўгода назад арганізацыя перайшла ў раённую ўласнасць. Што датычыць страт, то яны ўзніклі ў сувязі з налічэннямі ў павышаным памеры падаткаў на нерухомасць, якая не выкарыстоўваецца, у сувязі з амартызацыяй гэтых аб’ектаў, з-за штрафаў па пратэрмінаванай запазычанасці па крэдытах.
На некаторых аб’ектах працуюць, на жаль, не мясцовыя будаўнікі. Напрык-лад, на доме па Южакова, 12 асноўныя аб’ёмы работ выканалі спецыялісты з Бярозы, падрадчыкам на мадэрнізацыі харчаблока бальніцы – баранавіцкія будаўнікі, на спартшколе – прыватная мінская фірма. Усё на падставе тэндарных таргоў. Нашы будаўнікі не здолелі прапанаваць дастаткова выгадныя ўмовы для заказчыкаў.
– Не магу не задаць, Сяргей Вікенцьевіч, «жыллёвае» пытанне. Колькі, дзе і якіх «квадратаў» пабудавана?
– За 11 месяцаў года ў раёне ўведзена ў эксплуатацыю 4570 квадратных метраў жылля. З іх 2029 метраў умясціў у сябе завершаны ў жніўні рэканструкцыяй дом камерцыйнага выкарыстання па вуліцы Леніна, 54 у Ляхавічах. Кватэры ў ім арандуюць у тым ліку і размеркаваныя ў наш раён пасля вучобы маладыя спецыялісты.
Астатнія «квадраты», якіх у агульнай колькасці 2541, – заслуга індывідуальных забудоўшчыкаў. Большасць гэтых дамоў мае гарадскую прапіску. Названыя аб’ёмы ўпісваюцца ў даведзеныя раёну планавыя лічбы.
Увод жылля з’яўляецца адным з чатырох паказчыкаў, якія ў многім адлюстроўваюць работу галіны. Тры іншыя – будаўніча-мантажныя работы, энергазберажэнне, падрадныя работы. Па кожным з іх раёнам выконваюцца зададзеныя тэмпы росту. Найбольш значна – на 22 працэнты ад узроўню
9 месяцаў 2016 года – падраслі аб’ёмы выкананых падрадных работ. Такога тэмпу не паказаў ні адзін раён вобласці. Пастараліся ПМС, ДРБУ-200, абедзве нашы ПМК. А вось камунгас у гэтым плане спрацаваў у мінус. Выканалі падрадаў прыкладна на 50 працэнтаў менш, чым за такі ж перыяд 2016 года.

Гутарыў Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *