Калі трэба зарэгістраваць госця

Наперадзе чарада святочных дзён. Многія чакаюць гасцей.  Сярод іх могуць быць і грамадзяне іншых краін.  У некаторых выпадках гасцей неабходна на час зарэгістраваць па месцы  знаходжання — у вас дома. Калі ж трэба рэгістраваць замежных гасцей, а калі  не?

Не трэба рэгістраваць вашых гасцей, калі яны прыехалі да вас:

  • на выхадныя дні, дзяржаўныя святы і святочныя дні, устаноўленыя і аб’яўленыя Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь нерабочымі. Да выхадных дзён аднесена толькі нядзеля;
  • на тэрмін да пяці дзён у  звычайныя дні пры ўмове, што вашы госці паедуць з Рэспублікі Беларусь на працягу гэтых дзён. 

Напрыклад, госці з Германіі прыехалі да вас 30 снежня 2017 года (субота) і плануюць паехаць 4 студзеня 2018 (чацвер). Час іх  знаходжання выпадае на выхадны дзень — нядзелю, святочныя дні — 1 студзеня і 4 звычайных дні: 30 снежня (субота) і  са  2 па 4 студзеня 2018 года. Значыць, рэгістраваць такіх гасцей не трэба.  

А вось калі, напрыклад,  госці з Германіі  прыехалі 30 снежня 2017 года і плануюць паехаць 6 студзеня 2018 года, то без рэгістрацыі не абысціся . І зрабіць гэта неабходна да 5 студзеня. 

Вашых гасцей неабходна рэгістраваць , калі яны прыехалі  да вас на тэрмін больш за пяць дзён, выключаючы нядзелю, дзяржаўныя святы і святочныя  дні,  устаноўленыя і аб’яўленыя нерабочымі.

Грамадзяне Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі і Казахстана могуць знаходзіцца без рэгістрацыі ў Рэспубліцы Беларусь напрацягу  вялікага тэрміну з даты ўезду ў краіну.

Для рэгістрацыі гасцей неабходна разам з імі звярнуцца ў аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі  Ляхавіцкага  РАУС (г.Ляхавічы, вул. Дзесюкевіча,43) у прыёмныя  гадзіны. З сабой трэба мець: пашпарт, а гасцям — міграцыйныя карткі з адзнакамі пагранічніка аб уездзе ў краіну (калі такія карткі запаўняюцца пры ўездзе), дакумент  для выезду за мяжу (напрыклад, загранпашпарт) і страхавы поліс ці іншы дакумент аб заключэнні дагавора медыцынскага страхавання.

За рэгістрацыю кожнага госця трэба заплаціць базавую велічыню — 23 рублі.  Рэгістрацыя  чужаземцаў, якія  не дасягнулі 14 гадоў — бясплатная.

Валянціна БАБІЧ, начальнік па грамадзянстве і міграцыі  Ляхавіцкага РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *