Усе вы нашы, нашы дзеці! Дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» крочыць па краіне. Да яе актыўна далучыліся і землякі

Нашу юную зямлячку, пераможцу абласной прадметнай алімпіяды па беларускай мове, члена рэдкалегіі школьнай газеты «Дзянніца», старанную і працавітую дзяўчыну Кацю Козел, якая займаецца ў 11 класе гімназіі, з надыходзячым Новым годам павіншаваў член парламента Леанід Цупрык.
– Таленавітая моладзь – надзея раёна, яго стваральная будучыня. Жадаю, каб усе твае мары спраўдзіліся. Будзь мэтанакіраванай і настойлівай, – пажадаў дзяўчыне дэпутат Палаты прадстаўнікоў і ўручыў падарунак.
Свае віншаванні ён перадаў і бацькам Кацярыны Козел –   Алене Мікалаеўне і Алегу Леанідавічу.
Ну а пра эмоцыі, якія падарыла дзяўчыне гэтая сустрэча, лепш за ўсё гаворыць шчаслівая ўсмешка на твары юнай гаспадыні.

Цуды бываюць! Гэта могуць пацвердзіць 100 хлопчыкаў і дзяўчынак, якім пашчасціла 27 снежня трапіць у казку пад назвай «Тайна чароўнага посаха». Выдатнікі вучобы, самыя творчыя і актыўныя, лепшыя спартсмены, дзеці з мнагадзетных і прыёмных сем’яў – школьнікаў з усіх устаноў адукацыі раёна запрасілі ў гарадскі Дом культуры на раённае дабрачыннае навагодняе свята. Раздзяліць яго з рабятамі прыйшлі намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень, начальнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму Святлана Якубоўская, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Мікалай Дабрыянец.
Як жа весела і цікава было на прадстаўленні! Гульні, конкурсы, загадкі, карагоды, вершы і віншаванні каля расквечанай гірляндамі ёлкі – сумаваць не давялося нікому.
Які ж Новы год без падарункаў? Набор цукерак і мяккую цацку атрымаў кожны ўдзельнік навагодняга прадстаўлення. Падарункі, дарэчы, набыты за сродкі, заробленыя ляхавічанамі падчас раённага суботніка.

Вольга БАРАДЗІНА.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *