Усе вы нашы, нашы дзеці!

Супрацоўнікі раёнкі да гэтай сустрэчы рыхтаваліся асабліва натхнёна. І вось у мінулую сераду з падарункамі – кнігамі, цацкамі, салодкімі пачастункамі і навагоднімі віншаваннямі газетчыкі завіталі ў Тальмінавіцкі дзіцячы сад. Цяжка сказаць, хто больш радаваўся, – хлопчыкі і дзяўчынкі, якія адразу пасябравалі з Дзедам Марозам і Снягуркай, адгадвалі загадкі, расказвалі вершы, ці «веснікаўцы», якія далучыліся да дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці».
Дарэчы, да такой добрай традыцыі газетчыкі далучыліся летась. Напрыканцы мінулагодняга снежня «ЛВ» гасцяваў у Жарабковіцкім дзіцячым садзе. Спадзяёмся, што ў 2018 годзе ў раёнкі з’явяцца новыя маленькія сябры.
Пераднавагодні марафон дабра «ЛВ» прадоўжыў у Ляхавічах: з мехам сюрпрызаў завіталі на вуліцу Інтэрнацыянальную ў мнагадзетную сям’ю Ракуцяў. Падарункі ад раёнкі атрымалі Карына, Яна, Каця, Паліна, Арцём, Уладзіслаў (хлопчыку, дарэчы, менавіта 27 снежня споўнілася 14 гадоў). Акцыя «Нашы дзеці» працягваецца. Неабыякавыя, далучайцеся!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *