Банкноты з балота. ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» атрымаў на фінішы 2017-га дыплом трэцяй ступені вытворчага аб’яднання «Белпалівагаз»

Любімыя зімовыя святы цудоўныя падарункамі. Адным з такіх для работнікаў ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» стаў атрыманы на фінішы 2017-га дыплом трэцяй ступені вытворчага аб’яднання «Белпалівагаз». Гэтая адзнака –  пацвярджэнне плённай работы калектыву на працягу апошняга сезона здабычы торфу. Па нарматывах ён доўжыцца 4 самыя цёплыя месяцы года, якія для торфаздабытчыкаў становяцца па-працоўнаму гарачымі. Трэба ўкласціся – «падняць» той аб’ём сыравіны, што здольны забяспечыць бесперапынную работу брыкетнага цэха на працягу года. У іх выпадку гэта 180 тысяч тон фрэзернага торфу патрэбнай вільготнасці.

Дырэктар завода Уладзімір Гунько і начальнік участка па здабычы торфу Уладзімір Комса.

Справіліся, нягледзячы на нелаяльнасць надвор’я мінулага лета. Дажджы прымусілі ўсе  3 помпавыя станцыі працаваць з поўнай нагрузкай, пачынаючы з сакавіка. Яны і зараз «круцяцца», забяспечваюць неабходны ўзровень стаяння паверхневых вод. Даўно такога не адбывалася, сцвярджае дырэктар прадпрыемства Уладзімір Гунько. Усё гэта дадатковае энергаспажыванне і, канешне, дадатковая капейка ў сабекошце прадукцыі.
Тым не менш: страчанае ў адным месцы змаглі «адбіць» у іншых накірунках і звёнах вытворчага ланцуга. У параўнанні з леташнім, за 10 месяцаў бягучага года расход электраэнергіі на вытворчасць тоны брыкету ўпаў на 12 працэнтаў. На чым змаглі зэканоміць? Ашчаднасць паўсюдная, рацыянальнае выкарыстанне энергарэсурсаў, рэканструкцыя вытворчых сістэм і бытавых падсістэм. Сёння з’яўляецца ўжо няпростай задачай знайсці на прадпрыемстве лямпачку напальвання ці люмінісцэнтную лямпу ў якасці крыніцы святла. Прыкладна на 90 працэнтаў іх «выціснулі» святлодыёдныя свяцільні. Праз год, па словах дырэктара, участкі і цэхі ТБЗ будзе асвятляць толькі эканамічны «дыёд».
За апошні час на заводзе з’явілася новае помпавае абсталяванне – помпа параўнальная па паказчыку прадукцыйнасці са сваёй папярэдніцай, аднак утрая менш «апетытная» па электраспажыванні. Істотна менш цягне і ўсталяваная сёлета сістэма абяспылвання брыкетных прэсаў. Дзякуючы ёй, атрымана эканомія і вады, і тарфяной сушонкі, якая ў старым варыянце ішла ў нікуды – разам з вадой.
Восень і зіму для торфапрадпрыемства можна ахарактарызаваць як сезон рамонтаў. Вядзецца кантроль за работай помпавых станцый, рамонт палёў здабычы, ачыстка каналаў сістэмы водаадвядзення, іншае. Падобныя клопаты працягнуцца і вясной, каб сустрэць новы палявы сезон ва ўсеўзброенасці. Дарэчы, у наступным сезоне палі здабычы фрэзернага торфу прырастуць больш як сотняй новых гектараў замест ужо выпрацаваных плошчаў.
З характэрнай міжсезоннай нагрузкай працуюць зараз рамонтна-механічныя майстэрні: праз іх пройдзе фактычна ўся «балотная» тэхніка. Трактары, фрэзерныя барабаны, варушылкі, агрэгаты, якія збіраюць сухі торф у валок, уборачныя машыны.
Поспех работы прадпрыемства залежыць ад зладжанасці і збалансаванасці ў рабоце яго асобных службаў, участкаў, цэхаў.
Галоўная задача транспартнікаў –  забяспечыць бесперапынны трафік фрэзторфу з участка здабычы да цэха брыкетавання. Транспартнікаў ТБЗ правільна будзе назваць чыгуначнікамі. Іх гаспадарка – цеплавозы, мноства грузавых і некалькі пасажырскіх вагонаў, вагон-цыстэрна, кіламетры пастаянных і часовых чыгуначных шляхоў вузкай каляіны.
Дырэктар Уладзімір Гунько сцвярджае:
– Калектыў завода вопытны, працаздольны. Гультаёў няма, паколькі такія на нашай вытворчасці не прыжываюцца. Бачым перспектыву развіцця завода, імкнёмся працаваць у дынаміцы. Гадавы план па вытворчасці брыкетаў, а гэта 92 тысячы тон, выканалі яшчэ напрыканцы лістапада. Падлічылі магчымасці і гатовы выпусціць да канца 2017-га  104-105 тысяч тон прадукцыі. А замест сёлетніх 180 на 2018 год запланавалі здабыць 240 тысяч тон фрэзторфу.
Першачаргова важным з’яўляецца той факт, што тухавіцкі тарфяны брыкет у складскіх бункерах не затрымліваецца. Доказам таму служаць некалькі велікагрузаў на пляцоўцы перад прахадной брыкетнага цэха. У чарзе чакаюць сігнала заняць сваё месца пад загрузку. Пры гэтым пакупнікам прапануюцца варыянты, чым апошнія не адмаўляюцца скарыстацца. Брыкет адпускаецца звычайным навалам, на паддонах, у так званых біг-бэгах, вагой 500 або 1000 кілаграмаў, у поліэтыленавых 10-кілаграмовых упакоўках, на якія ёсць попыт сярод замежных пакупнікоў тухавіцкага «цяпла». Спецыяльна пад апошні праект устанавілі дадатковае абсталяванне, набылі машыну-ўпакоўшчык. Раней гэтую аперацыю выконвалі падрыхтаваныя людзі, у рэжыме ручной працы.
Сваім «цяплом» ТБЗ «Ляхавіцкі» дзеліцца з партнёрамі ледзь ці не з дзясятка замежных краін. У Фінляндыю, Швецыю, Літву, Польшчу, Славакію, Германію, Калінінградскую вобласць Расійскай Федэрацыі, Латвію, Эстонію за  10 месяцаў года адпраўлена  8 тысяч тон брыкетаў.
– Адгрузка ажыццяўлялася рознымі спосабамі – у адпаведнасці з пажаданнямі пакупніка: і аўтатранспартам, і па чыгунцы. У плане нарошчвання экспартнага складніка прадпрыемства ёсць значная заслуга ДВА «Белпалівагаз». Як і ў наладжванні дзелавых сувязяў з цэментнымі заводамі нашай краіны, – гаворыць дырэктар.
Экспарт экспартам, але прадукцыю Ляхавіцкага торфабрыкетнага добра ведаюць і ў межах Беларусі. Жыхары 22 раёнаў Брэсцкай, Гомельскай, Магілёўскай абласцей грэюць свае дамы тухавіцкім палівам. І, верагодна, з цяплом у сэрцы ўспамінаюць тое месца, дзе яго вырабілі. Чым не вытворчая дыпламатыя?
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

Факт

Гадавы план выпуску тарфяных паліўных брыкетаў ТБЗ «Ляхавіцкі» выканаў яшчэ напрыканцы лістапада. Да канца года прадпрыемства выйдзе на лічбу ў 104-105 тысяч тон паліва. Ёсць попыт – ёсць прапанова.

Святлана Малевіч – машыніст вагонаперакульніка.   Гэта адна з самых няпростых і адказных прафесій на прадпрыемстве.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *