Каб у свірне не было пуста. Паўната свірна і паўната запраўкі глебы арганікай знаходзяцца ў прамой залежнасці

Паўната свірна і паўната запраўкі глебы арганікай знаходзяцца ў прамой залежнасці. І гэта ўсяго толькі адна з умоў, якія стаяць на варце ўраджаю сельскагаспадарчай нівы. Апошняя на пару-тройку месяцаў уступіла ўжо ў фазу спакою. У адрозненне ад яе працаўнікоў, чые клопаты працягваюцца.

Працуюць аратыя тых гаспадарак, дзе пакуль яшчэ не выйшлі на планава вызначаныя гектары ўзнятага за восень зябліва. У райсельгасхарчы пацвярджаюць, што самы спрыяльны для вядзення ворыўных работ час застаўся ў кастрычніку. Але ж пакуль надвор’е не выставіла забаронных бар’ераў, то чаму б не. Не пакідаць жа на вясну тое, што можна зрабіць зімой. Тым больш, што якая і калі яна – вясна – будзе, мы не ведаем. Затое дакладна і на ўсе часы вядома: вясной, на ярыне ў жорсткім дэфіцыце кожны працаўнік, кожныя гадзіна і сельгаспрылада.
Да запланаваных на сезон 14 000 гектараў узнятага зябліва аграрыі раёна не дабралі зусім трохі: па стане на 6 снежня, усяго толькі 4 працэнты. Плугі працягваюць працаваць у «Шляху новым», «Белпрампрыборы», «Тальмінавічах», «Востраве-Агра» і некаторых іншых арганізацыях.
Але ж не на ворыва, таксама і на склад мінеральных удабрэнняў працуюць гэтым часам землякі-аграрыі. Азотныя, фосфарныя, калійныя – не адна тысяча тон у пераразліку на масу дзеючага рэчыва спатрэбіцца іх пад будучую сяўбу. Мінеральная база пад яе пачынае фарміравацца задоўга да вясны. Што трэба? 8699 тон дзеючага рэчыва тукаў усіх найменняў у цэлым на агравытворчы комплекс раёна. Складскія ж запасы пакуль налічваюць каля 1300 тон.
Найбольш запаслівым, у сэнсе паўнаты склада мінудабрэнняў, выглядае ДП «Нача». І ў цэлым, і ў раскладзе на азотныя, фосфарныя і калійныя тукі. Прычым, частку сваіх будучых яравых палеткаў дзяржпрадпрыемства ўжо мінеральна падтрымала. На плошчах у 360 гектараў прайшліся з фосфарам, амаль на такім жа кавалку поля – каліем.
Але вернемся да таго, з чаго і пачыналі. З арганікі, якой гас-падаркам раёна спатрэбіцца больш за 250 000 тон. Канешне, калі за мэту трымаць якасную запраўку глебы пад ярыну. Купляць не трэба: сельгаспрадпрыемствы заняты нарыхтоўкай, вывазкай, унясеннем гэтага кампанента ўрадлівасці. І кола іх несезонных клопатаў на тым не замыкаецца.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *