Па святочным загадзе (фота будзе дапоўнена)

Пераможца рэспубліканскай спартакіяды па дзюдо Аляксандра Байрашэўская з СШ № 2, дыпламант і лаўрэат конкурсу даследчых работ і краязнаўчага конкурсу гімназіст Уладзіслаў Гатоўчыц, пераможца рэспубліканскага першынства па лёгкай атлетыцы васьмікласніца СШ № 2 Алеся Давыдава – юныя ляхавічане, якім пашчасціла напрыканцы снежня трапіць на самую яркую навагоднюю падзею – дабрачыннае прадстаўленне каля галоўнай ёлкі краіны ў Палацы Рэспублікі. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка шчыра павіншаваў хлопчыкаў і дзяўчынак з усёй краіны з навагоднімі і каляднымі святамі.

У навагоднім карагодзе разам з дзецьмі старшыня раённай арганізацыі галіновага прафсаюза Ірына Чура і дырэктар Брэсцкай СПМК Сяргей Вярэніч.

 

З выхаванцамі ЦКРНіР і іх старэйшыя сябры-шэфы: начальнік РАСК Віталій Лабанаў, індывідуальны прадпрымальнік Наталля Лойка, актывісты «Белай Русі», банкіры, педагогі і іншыя нераўнадушныя землякі.

У ролі Дзеда Мароза  і Снягуркі – супрацоўнікі  РАУС і педагогі.

Дзед Мароз і мноства казачных персанажаў, гульні і карагоды, конкурсы, музычна-тэатральнае шоу «Выкрадальнікі часу, або Як выратаваць Новы год» – усё для рабят, якія дасягнулі лепшых вынікаў у вучобе, спорце, актывістаў дзіцячых і маладзёжных арганізацый, дзяцей з мнагадзетных і няпоўных, прыёмных сем’яў.
– Пазітыў і прыгажосць, сапраўднае чараўніцтва, шыкоўныя падарункі і, канешне, віншаванне ад Прэзідэнта  Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі – такой мне запомнілася галоўная ёлка. Наогул, сюрпрызаў было шмат, – расказвае Уладзіслаў Гатоўчыц.
Праз некалькі дзён 15 нашых юных землякоў – пераможцаў і дыпламантаў разнастайных конкурсаў, прадметных алімпіяд, творчых фестываляў і спартыўных спаборніцтваў – запрасілі ў Брэсцкі цэнтр маладзёжнай творчасці на абласную ёлку з удзелам старшыні аблвыканкама Анатолія Ліса.
Пасля спектакля «Навагоднія прыгоды ў Каралеўстве крывых люстэркаў» усіх гасцей віталі Дзед Мароз і Снягурка. Дзеці вярнуліся дамоў з добрым настроем і падарункамі. 
А непаўторныя імгненні дабрачыннай акцыі прадоўжыліся і ў Ляхавіцкім раёне. У адзін з апошніх дзён снежня ў ГДК адбылася прафсаюзная раённая ёлка (у межах акцыі «Прафсаюзы дзецям») з удзелам 300 рабят, чые бацькі ўваходзяць у прафсаюз работнікаў аграпрамысловага комплексу. Навагодняя казка-мюзікл, мабільны флэшмоб – толькі частка святочных прыгод.
– Рабіць дабро і бачыць радасць у дзіцячых вачах надзвычай прыемна. Галіновы прафсаюз упершыню ладзіць такое грандыёзнае свята. Здорава, што ўсё атрымалася, –  гаворыць старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза АПК Ірына Чура.
Радасць з рабятамі на прафсаюзнай ёлцы ў Ляхавічах раздзяліў дырэктар камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Брэсцкая СПМК пусканаладачных работ» камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама Сяргей   Вярэніч.
3 студзеня на казачны спектакль, забаўляльную святочную праграму хлопчыкаў і дзяўчынак запрасіў абласны Палац культуры прафсаюзаў у Брэсце. Сярод юных гасцей з усёй Брэстчыны былі 20 дзяцей, чые бацькі працуюць у ААТ «Жарабковічы». На транспарце сельгаспрадпрыемства рабяты прыехалі ў абласны цэнтр, каб паўдзельнічаць у навагодніх прыгодах.
Святочнае прывітанне атрымалі нашы юныя землякі і ад раённай арганізацыі рэспубліканскага аб’яднання «Белая Русь»: 13 шчасліўчыкаў пабывалі ў сталічным тэатры оперы і балета на спектаклі «Шчаўкунчык».
Да акцыі далучыліся супрацоўнікі РАУС і «Трансэлектракамплекта»: падарункі ўручаны 25 хлопчыкам і дзяўчынкам, якія выхоўваюцца ў неўладкаваных сем’ях.
Набліжаецца свята Нараджэння Хрыстова. У кожнага з нас яшчэ ёсць шанс зрабіць свет крышачку дабрэйшым: акцыя «Нашы дзеці» прадаўжаецца. Роля Дзеда Мароза падыдзе кожнаму неабыякаваму!
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і з архіва РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *