Інжынер дзюдо. Сустрэчы з цікавымі субяседнікамі ў творчым праекце «ЛВ» «Будзьце нашым госцем».

Як часта мы не заўважаем цікавае вакол сябе. Не хапае часу, жадання, уважлівасці, каб у звыклым і штодзённым знайсці адметнае, прыгожае, незвычайнае. А яно ёсць.
Так і з людзьмі. Здаецца, чалавек знаёмы. А што мы пра яго ведаем? Часам нават не здагадваемся, што калега не толькі добры спецыяліст, а і адмысловы кветкавод або, напрыклад, піша цудоўныя вершы. А сусед, акрамя іншага, выдатна разбіраецца ў кухнях народаў свету і дасць фору любому повару.
«ЛВ» пазнаёміў ужо сваіх чытачоў з мноствам цікавых людзей – землякоў і не толькі. Але нам ёсць пра што і пра каго расказаць яшчэ! Сёння ў «ЛВ» – прэм’ера рубрыкі «Будзьце нашым госцем».Сёння Уладзіслаў Цярпіцкі –  малады, але ўжо і з вопытам спартсмен, член нацыянальнай сборнай па дзюдо – выступае не па профілі, а ў якасці нашага і вашага, паважаныя чытачы, суразмоўцы. Ён аказаўся прыемным у гутарцы і проста добрахарактарным чалавекам.
– Дабрата – цудоўная якасць чалавека. Але на татамі не памочнік, павінна пераўтварацца ў нешта іншае. Думаю, падобная трансфармацыя даецца Уладу не заўсёды, што, здараецца, не ў лепшы бок сказваецца на турнірных выніках, – лічыць першы настаўнік атлета трэнер-выкладчык ДЮСШ Ляхавіцкага раёна Віктар Богуш.
– Тым не менш, спартсмен вельмі перспектыўны. І гэта пацвярджае яскравы факт: у сярэдзіне снежня прыйшло паведамленне аб прызначэнні Уладу на 2018 год імянной стыпендыі Прэзідэнтскага спартыўнага клуба. Адпаведныя сертыфікаты ўручаліся 13 снежня ў Зале алімпійскай славы Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Ярка, святочна, урачыста. Так, дарэчы, было летась і пазалетась. Праўда, сёлета Цярпіцкі на цырымоніі не прысутнічаў, паколькі разам з нацыянальнай зборнай знаходзіўся на трэніровачным зборы.

– Уладзіслаў, падобную стыпендыю ты атрымаў ужо трэці раз запар. Рэкардсмен?
– Зусім не. Ведаю, што мой сябар па зборнай Мікіта Свірыд з’яўляецца пяціразовым стыпендыятам Прэзідэнтскага спартклуба.
«ЛВ» спрабаваў выйсці на сувязь з табою раней. Але кантакту не атрымалася: абанент аказаўся за межамі краіны.
– Так, быў у Санкт-Пецярбургу. Некалькі тыдняў назад горад над Нявой вітаў лепшых дзюдаістаў свету. Турнір «Майстарс», які сёлета прыехаў у Расію, збірае толькі такіх – па 16 лепшых нумароў сусветнага рэйтынгу ў кожнай з вагавых катэгорый. Рэйтынг фарміруецца на працягу года па выніках міжнародных спаборніцтваў. Усе яны маюць сваю ацэнку ў праекцыі на занятае там месца. На тым жа «Майстарс», напрыклад, за перамогу спартсмену налічваецца 1800 балаў. Вышэй толькі Алімпійскія гульні і чэмпіянат свету.
У спісе дзюдаістаў вагавай катэгорыі «плюс 100» я знаходжуся на 49 месцы і ў Санкт-Пецярбургу быў у ролі гледача. Назіраць за паядынкамі эліты надзвычай цікава і не ў меншай ступені карысна. Яшчэ мы мелі магчымасць пабалець за сваіх. На жаль, нядоўга: і Дзмітрый Мінькоў, і Аляксандр Вахавяк прайгралі на старце і завяршылі выступленне.
– З 13 па 15 лістапада ў Чарнагорыі праходзіла першынство Еўропы па дзюдо сярод спартсменаў узростам да 23 гадоў. З Падгорыцэ ты вярнуўся сярэбраным прызёрам.
– У фінале сустракаўся з расіянінам Тамерланам Башаевым. Нягледзячы на ўзрост, ужо «дарослы» чэмпіён сваёй краіны. Тэхнічны, вельмі рухавы, дакладна адчувае саперніка, добры тактык. Пераіграў мяне з ацэнкай «вазары». Ужо падчас разбору відэазапісу схваткі трэнеры ды і сам звярнулі ўвагу на момант, калі мог «высекчы» Тамерлана. Але што зараз, пасля бойкі, махаць кулакамі…
– Жартуюць, што каўказцы ўжо нараджаюцца першаразраднікамі па барацьбе.
– У любым жарце толькі доля жарту.
– Функцыяналка, тэхніка, тактыка, магчыма, псіхалогія ці нешта яшчэ. Які з пералічаных кампанентаў сваёй падрыхтоўкі лічыш неабходным удасканаліць у першую чаргу?
– У плане псіхалагічнай устойлівасці, настроенасці на барацьбу, думаю, кожны чалавек сабе першы настаўнік. Усё проста: ніхто не ведае, не адчувае нас так выразна, як мы самі.
З прыведзенага вышэй спіса неабходных якасцяў выберу функцыянальную падрыхтоўку. Іменна «фізіку» найперш хацелася б падцягнуць. Працую над гэтым. І апошнім часам у некалькі іншым фармаце. Зараз трэнерам зборнай па агульнафізічнай падрыхтоўцы служыць Аляксей Шарый. Між іншым, сын алімпійскага чэмпіёна па цяжкай атлетыцы Валерыя Шарыя. Аляксей Валер’евіч, як ніхто, умее паставіць тэхніку работы з цяжарам, у трэнера вопыт, веды, свае методыкі і адмысловасць падыходаў да ўсяго і да кожнага.
– Летам ты, Уладзіслаў, абараніў дыплом і стаў інжынерам. Да гэтага былі 5 гадоў вучобы ў БНТУ. Наколькі складана сумяшчаць універсітэцкія заняткі з заняткамі спортам?
– Галоўнае – жаданне. І да вучобы, і да спорту яно ў мяне было вельмі моцным. Марыў пра дыплом інжынера, імкнуўся ўдасканальвацца ў майстэрстве дзюдо. Была шчырая падтрымка з боку асабістага трэнера. Сямён Абрамавіч Гуманаў, увогуле, асоба-унікум.
Заўсёды ішлі насустрач і ўніверсітэцкія выкладчыкі. Паслабленняў не давалі, але, калі, напрыклад, адказныя спаборніцтвы накладваліся на дзень абароны курсавога праекта, па маёй просьбе пагаджаліся на перанос апошняга. Я вельмі ўдзячны ўсім.
– Са сталіцы ў Ляхавічы часта атрымліваецца прыязджаць?
– У залежнасці ад графіка трэніровак, збораў, спаборніцтваў. Бывае і двойчы на месяц, а, здараецца, што і раз у два месяцы. Амаль заўсёды наведваю спартшколу, размаўляю з цяперашнімі выхаванцамі Віктара Мікалаевіча Богуша. З некаторымі з іх перапісваемся ў сацыяльных сетках. Цікавяцца вынікамі выступленняў, віншуюць, калі ёсць з чым.
– Ведаю, што пасябраваць з дзюдо ў цябе атрымалася не з першага погляду.
– Было і такое. Першая спроба завяршылася фіяска. На секцыю прыйшоў за кампанію з аднакласнікам. Ужо вопытныя равеснікі павазілі навічка па татамі, чым адбілі жаданне прадаўжаць рух па «мяккім шляху». Наколькі памятаю, не пратрымаўся і месяца. Пра гісторыю вяртання ў дэталях гаварыць не буду. Можа гэта лёс, што яна здарылася? А затрымацца дапамагла ўвага трэнера, факт таго, што паступова стала атрымлівацца. Спаборніцтвы дабавілі інтарэсу, з’явіўся азарт.
– Пра планы гаварыць будзем?
– 7 студзеня разам са зборнай краіны адпраўляюся ў Аўстрыю. Гэта будзе трэніровачны збор ва ўмовах сярэднягор’я. Далей не загадваю.
Віншую чытачоў газеты, усіх землякоў з самымі любімымі зімовымі святамі. Выказваю шчырую падзяку сваім спартыўным настаўнікам: першаму трэнеру Віктару Мікалаевічу Богушу, асабістаму – Сямёну Абрамавічу Гуманаву, трэнерам зборнай: галоўнаму – Леаніду Фёдаравічу Свірыду і старшаму – Дзянісу Уладзіміравічу Кунцэвічу.

Ірына ЦЯРПІЦКАЯ, мама:
– Калі сябры і знаёмыя тэлефануюць і віншуюць з чарговай спартыўнай перамогай сына, канешне, адчуваю сапраўднае шчасце. Задаволена, што ён знайшоў справу па душы. Памятаю, як яшчэ ў школе атрымаў званне майстра спорту, як заняў першае месца на чэмпіянаце рэспублікі, як у ДЮСШ на спаборніцтвы прыехаў вядомы трэнер Сямён Гуманаў. Уладзік патэлефанаваў: мама, прыйдзі паглядзі. Маўляў, хачу, каб мяне ў 11 класе забралі ў школу алімпійскага рэзерву. Не адпусціла. Лічыла, што трэба перш-наперш закончыць школу. Каб гучаў апошні званок, быў выпускны баль.
Мы , бацькі, яго жаданні заўсёды падтрымлівалі і падтрымліваем. Толькі ў адным былі непахісныя: спорт-спортам, але трэба атрымаць адукацыю. І калі пасля трэцяга курса ўніверсітэта хацеў цалкам аддацца спаборніцтвам, трэніроўкам – не дазволілі. Спачатку – дыплом. Затое зараз я, дзякуючы сыну, фанатка дзюдо, актыўны камп’ютарны карыстальнік і пастаянны наведвальнік сайта «Дзюдо. Бай». Там маецца расклад усіх спаборніцтваў па мінскім часе. У дзень бою я нічога не магу рабіць – назіраю анлайн. І балею тады не толькі за Уладзіка –
за ўсю каманду. Усіх ведаю, за ўсіх хвалююся. Калі выступаў у Ізраілі, анлайн глядзела, як трэнер праводзіў яго на татамі, як мой сын стаяў на п’едэстале. Тады ён стаў трэцім. У мінулым годзе на спаборніцтвах у Францыі, дзе сабралася ўся эліта сусветнага дзюдо, сустракаўся з японцам. Я на ўласныя вочы бачыла, што той больш дужы, мацнейшы і жадае любым шляхам перамагчы. Балюча назіраць, калі сына б’юць, крыўдна, калі прайграе… А адчуванні, калі сыну ўручаюць медаль і гучыць беларускі гімн, не перадаць словамі.
Улад ніколі не хваліцца пра перамогі. Спытаю, як. Ну, першае месца. Затое пра трэнераў сваіх – Віктара Богуша і Сямёна Гуманава – толькі з натхненнем і ўдзячнасцю.
Шкада, што вольнага часу ва Улада зусім няма. Але ў рукзаку заўсёды кніга: дэтэктыў, фантастыка ці іншая. Любіць іграць на гітары, не раўнадушны да тэхнікі, марыць пра ўласны аўтамабіль. Надзейны дарадца для яго ў сталіцы брат Антон. Некалі яны разам з суседскімі хлопцамі хадзілі на трэніроўкі ў ДЮСШ. Адтуль усё і пачалося.

Наталля СІДОР, класны кіраўнік:
– Заўсёды ведала, што Уладзіслаў даб’ецца поспехаў у сваім захапленні. Уменне даводзіць справу да канца  і трымаць сваё слова – галоўныя рысы ягонага характару.  
А яшчэ Уладзік  вылучаўся  памяркоўнасцю, цярпімасцю да недахопаў іншых. З дзяўчатамі абыходзіўся далікатна. Мы ўсім класам любілі, калі Улад  іграў на гітары.
Дзіўна, але побач з гэтым моцным юнаком іншым хацелася быць больш уважлівымі, дапамагаць слабейшым. Проста пераканана, што мэтанакіраванасць, дабрата і спагада дапамагаюць Уладу дабіцца поспехаў і ў спорце, і ў жыцці.
Хацелася сказаць маім дарагім вучням: дзе б вы ні былі, кім бы вы ні сталі, я вас люблю і заўсёды чакаю.

Яраслаў БАЦКАЛЕВІЧ, сябар:
– З Уладам мы не проста аднакласнікі – сябры. Разам  вучыліся ў школе, потым паступілі ў БНТУ на факультэт транспартных камунікацый, атрымалі дыпломы інжынераў-механікаў. Улад для мяне заўсёды прыклад працаздольнасці і апантанасці. Сумяшчаць вучобу ў тэхнічнай ВНУ са спортам, канешне, было не проста. Але ў яго атрымлівалася, не скардзіўся. Дарэчы, нягледзячы на шчыльны спартыўны графік, у яго ніколі не было пераздач. Бывала, вучыў ночы напралёт, многа трэніраваўся. Ён такі –  надзейны, моцны і вельмі сціплы. Ніколі не пахваліцца, нават калі пераможа на міжнародных спаборніцтвах, хіба паміж іншым абмовіцца. А гатуе – пальчыкі абліжаш! На пятым курсе жылі з Уладам у адным пакоі, таму вельмі добра ведаю яго кулінарныя здольнасці. 

Ва ўніверсітэце яго паважалі. На апошнім курсе мне не далі месца ў інтэрнаце, а ён пайшоў у дэканат і папрасіў за мяне. Пытанне было вырашана.

Гутарылі Іван КАВАЛЕНКА,
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Настаўнік і вучань: Віктар Богуш і Уладзіслаў Цярпіцкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *