Ірына Страмавус: жаночая эканоміка

Літаральна ўсё аб здабытках і праблемах аграпрамысловага комплексу раёна, поспехах і існуючым патэнцыяле развіцця,задачах і перспектывах, а яшчэ аб тонах надояў, прываг і ўраджаях, укладзенай працы і атрыманых мільярдах, валавых аб’ёмах вытворчасці і адрасах-кошце-плюсах новага будаўніцтва і рэканструкцыі старых сельгасаб’ектаў  Ірына Страмавус ведае дакладна.

Ды і здзіўляцца не варта: Ірына Юльянаўна — намеснік начальніка райсельгасхарчу па эканоміцы. Прафесіяналізм спрыяе, пасада абавязвае. Кампетэнтнейшы спецыяліст, практык з аналітычным мысленнем — гэта пра яе. І тады, калі працавала намеснікам галоўнага бухгалтара ў райаграсэрвісе, і цяпер.

Вялікае мноства лічбаў, фактаў, аргументаў па жыццядзейнасці прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу: як палепшыць сітуацыю ў адстаючых гаспадарках, як зрабіць яе яшчэ больш трывалай у перадавых, Ірына Страмавус        выкладае з веданнем справы.

Звычайна эканамістаў прынята лічыць людзьмі не надта эмацыянальнымі, маўляў, паказчыкі для іх — галоўнае. Але пачулі б вы як Ірына Юльянаўна гаворыць пра гэтыя самыя паказчыкі, як абгрун-тоўвае свой пункт гледжання, заўсёды эканамічна вывераны і дасканала выпрацаваны. Ніякай сухасці і суцэльнай «цыфіры», а вельмі зацікаўлены маналог, і  надзвычай  інфарматыўны.

У намесніка старшыні райсельгасхарчу Ірыны Страмавус душа павернута да справы. А колькі прафесіяналізму, сіл і цеплыні сардэчнай укладае яна ў падрыхтоўку галоўнай урачыстасці вёскі — Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і пера-працоўчай прамысловасці АПК. І тое, што летась на раённую сцэну гэтага свята яна была выклікана як пераможца прафесійнага конкурсу «Лепшы па прафесіі», заслужана і справядліва.

Ірына пастаянна вучыцца. Пасля сярэдняй школы быў Баранавіцкі эканамічна-юрыдычны тэхнікум, потым — Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, цяпер — факультэт перападрыхтоўкі па спецыяльнасці «кіраванне аграпрамысловым комплексам» у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

…Яе маленькая радзіма — вёска Гаслаўшчына. Яе любімы пейзаж — мясцовыя краявіды. А хобі — кветкі. Вось такі эканаміст, прагмат і рамантык у адной асобе, ведае дакладна, што лічбы бываюць таксама натхняльнымі, ва ўсякім разе ў жаночай эканоміцы.

Вольга СВЯТЛОВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *