Парадкавы абавязак

Аляксандр   МАЦЮШЭНКА, в. а. старшыні Навасёлкаўскага сельвыканкама:

– Аб’яднаем намаганні, талакой добраўпарадкуем вёскі і аграгарадкі, месцы агульнага карыстання, кожны навядзе чысціню і ўладкуе свой дом і прысядзібны ўчастак – толькі тады можна засведчыць: тут жывуць сапраўдныя гаспадары. Работа з людзьмі, заснаваная на ўзаемаразуменні, надзвычай спрыяе выніковасці. І яшчэ ўпэўнены: трэба даваць толькі тыя абяцанні, якія можаш выканаць.
Выніковасць многіх агульных спраў залежыць ад актыўнасці галоўных памочнікаў – старастаў. Пра кожнага з іх скажу: добрасумленны і адказны чалавек, які мае заслужаны аўтарытэт сярод землякоў. Зайсці ў кожны дом – першачарговае ў нашай паўсядзённай рабоце. Без такога падыходу цяжка вырашаць любыя надзённыя пытанні. Дарэчы, у 19 населеных пунктаў Навасёлкаўскага сельсавета ўваходзіць  990 домаўладанняў, жыве 2310 чалавек.
На тэму дня, пра настрой і праблемы вяскоўцаў гаворым на сельскіх сходах (летась іх праведзена 19). Запрашаем супрацоўнікаў міліцыі, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, сацыяльнай службы.
Разам зрабілі нямала. Па выніках маніторынгу, праведзенага раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі, Навасёлкаўскі сельсавет названы лепшым у раёне па навядзенні парадку на могілках. Выдалілі аварыйныя дрэвы, пафарбавалі агароджы на могілках (работы праводзіліся за сродкі бюджэту і самаабкладання) у аграгарадку Навасёлкі, вёсках Пранчакі і Вялікая Лотва. Усяго на добраўпарадкаванне пайшло амаль 1000 рублёў.
Яшчэ шмат належыць зрабіць па выхаванні культуры быту. Не ўсе нашы землякі добрасумленна ставяцца да навядзення парадку. І несанкцыянаваныя сметнікі, звалкі сведчаць пра гэта. Летась супрацоўнікі сельвыканкама склалі 3 пратаколы на нядбайных гаспадароў.
На пастаянным кантролі сельскай улады – вулічнае асвятленне. У мінулым годзе рэканструявана электрасетка вулічнага асвятлення ў вёсцы Гарбачы, усталяваны дадатковыя ліхтары ў Кавалях, заменены лямпачкі ў ліхтарах па іншых адрасах.
Адно з самых актуальных – дарожнае пытанне. Радуе, што апошнім часам у яго вырашэнні ёсць зрухі да лепшага. Сіламі ДРБУ-200 падсыпаны дарогі па вуліцах Інтэрнацыянальная і 40 гадоў ЛКСМБ у вёсцы Тумашы, Маладзёжнай – у Вялікай Лотве, зроблена прафіліраванне гравійных дарог. Сельвыканкам і мясцовая гаспадарка «Шлях новы» ў мінулым годзе выконвалі даручэнне дэпутата парламента Леаніда Цупрыка па звароце грамадзян наконт уладкавання дарогі да хутара Талкачоўка.
У цэнтры ўвагі – прафілактыка правапарушэнняў, умацаванне дысцыпліны. Істотную падтрымку ў гэтым аказвае грамадскі пункт аховы правапарадку. Разам з сацыяльнай службай, педагогамі, медыкамі штогод абследуем мнагадзетныя і неўладкаваныя сем’і, умовы пражывання адзінокіх састарэлых грамадзян, інвалідаў. У пастаянным полі зроку сельвыканкама – тэмпературны рэжым у сацыяльных аб’ектах у зімовы перыяд і іншыя пытанні.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *