Выпрабаванне Афганам. Жыхар Альхоўцаў Ляхавіцкага раёна Алег Ляшэнка ведае пра вайну не па чутках

 

Цяпер і тады

Хто ведае, як бы склаўся лёс звычайнага ўкраінскага хлопца Алега Ляшэнкі, калі б не вайна. Але амаль 36 гадоў назад, у далёкім, як цяпер здаецца многім, 1982 годзе,
яна ўвайшла ў яго жыццё. Увайшла, каб назаўсёды яго змяніць, як змяніла лёсы, светапогляд і жыццёвыя каштоўнасці соцень тысяч савецкіх ваеннаслужачых, што прайшлі праз афганскае пекла.

… Яму 19. За плячамі паўгода дэсантнай «вучэбкі» на Віцебшчыне – спраўдзілася даўняя мара юнака стаць дэсантнікам. А наперадзе – афганская сталіца Кабул, менавіта туды Ту-154 нясе ўчарашніх прызыўнікоў. Ці ведалі, што з Афгана дадому вяртаюцца не ўсе? Безумоўна, пра гэта чулі, але маладым і гарачым здавалася, што ўсё гэта – не пра іх, да таго ж загады ў арміі абмяркоўваць не прынята.
Тое, што давялося ўбачыць, адчуць і перажыць за месяцы вайны, назаўсёды ўрэзалася ў памяць, стала яе неад’емнай часткай. Чужыя і непрыветныя горы, якія маглі стрэліць у любы момант, баявыя аперацыі супраць душманаў, небяспека на кожным кроку, горкія і заўсёды нечаканыя страты. І нават у мірны час зусім іншыя звычаі і традыцыі.
А за паўгода да чаканага «дэмбеля» здарылася тое, што здарылася.
Падчас перамяшчэння да іншага месца дыслакацыі калона БМД (на адной з баявых машын дэсанта ехаў і Алег Ляшэнка) нарвалася на фугасы. «Духі»-снайперы са сваіх сховішчаў расстрэльвалі параненых і тых, каму пашчасціла ўцалець… На дапамогу нашым дэсантнікам прыйшлі верталёты, атаку адбілі, параненых і нежывых загрузілі ў Мі-8. Алег Ляшэнка, якога спачатку з-за шматлікіх страшных ран палічылі забітым, выжыў. Доўгія месяцы па шпіталях, два дзясяткі аперацый – у Ташкенце, Мінску і Маскве, хірургам давялося не толькі даставаць асколкі з галавы юнака, але і, у прамым сэнсе, рабіць яму новы твар.
Жыццё героя-афганца, чые ваенныя подзвігі былі адзначаны ордэнам Чырвонага Сцяга, паступова наладжвалася. Ён застаўся ў беларускай сталіцы, дзе сустрэў сваё каханне – Марыну. Нарадзіліся дочкі. Сям’я атрымала кватэру.
Алег Ляшэнка актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю – стаяў ля вытокаў стварэння асацыяцыі інвалідаў вайны ў Афганістане ў Першамайскім раёне Мінска, узначальваў яе. Нягледзячы на шматлікія ўласныя праблемы, дапамагаў таварышам вырашаць цяжкія жыццёвыя сітуацыі.
Так склалася, што Алег з Марынай сталічнае жыццё змянілі на вясковае, вось ужо два гады, як абжываюцца ў Альхоўцах. Магчыма, і няпроста ўчарашнім гараджанам прывыкаць, прыстасоўвацца, але стараюцца. Ды і сябры Алега не пакідаюць без падтрымкі. Дапамогу аказвае і сацыяльная служба, дзе афганец стаіць на ўліку як інвалід   ІІ групы.
Як гэта ні банальна гучыць, але так ёсць – жыццё працягваецца. Мірнае, хоць і напоўненае клопатамі, перажываннямі, надзённымі патрэбамі. І з незабыўнай старонкай – армейскай.

Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота з сямейнага архіва і Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *