Лядовая пастка

Ужо сёлета на вадаёмах краіны патанулі 8 чалавек. Нарэшце, зіма шчодра нават і заліш-не адарыла снегам. І дзецям, і дарослым адно задавальненне катацца на лыжах ці санках. Нямала і аматараў падлёднай рыбнай лоўлі. Іх няцяжка заўважыць, праходзячы па гарадскім мосце праз раку Ведзьма.

Заўзятыя рыбакі з нецярпеннем чакалі першага лёду. Аднак, прага да вялікага ўлову не павінна затуманіць розум, у першую чаргу, не варта забываць пра бяспечныя паводзіны на лёдзе. Нягледзячы на разнастайную прафілактычную работу, штогод дзясяткі гора-рыбаловаў зімой акунаюцца ў ледзяную купель. У Беларусі з пачатку гэтага года 8 чалавек (3 з іх – жыхары Брэстчыны) ужо сталі ахвярамі ўласнай неасцярожнасці і патанулі.

Каб не трапіць у ледзяныя абдымкі вады неабходна ведаць і выконваць пэўныя правілы. Чалавеку можна знаходзіцца на лёдзе, таўшчыня якога не менш за 10 сантыметраў. Памятайце, што лёд нетрывалы ў месцах хуткага цячэння, там дзе б’е крыніца, працякаюць  сцёкавыя воды, а таксама ў месцах, дзе шмат воднай расліннасці. Калі на працягу 3 дзён тэмпература паветра трымаецца   плюсавая, то трываласць лёду зніжаецца на 25 працэнтаў. Увогуле трываласць лёду можна вызначыць візуальна: лёд блакітнага колеру – трывалы, у белага трываласць у 2 разы меншая, шэры ці з жаўтаватым адценнем – ненадзейны.

Нават ведаючы пра ўсе правілы перасцярогі, многія не спяшаюцца іх выконваць. У такіх выпадках да бяды – рукой падаць. Таму чарговы раз варта нагадаць пра правілы паводзін у тым выпадку, калі чалавек правальваецца пад лёд. Ні ў якім разе не панікуйце, не рабіце рэзкіх рухаў, стабілізуйце дыханне, раскіньце рукі ў бакі і пастарайцеся зачапіцца за край лёду і закінуць па чарзе на яго ногі.

Потым, перакочваючыся, асцярожна паўзіце да берага, пажадана ў той бок, адкуль прыйшлі (лёд тут правераны на трываласць).

Калі на вашых вачах чалавек праваліўся пад лёд, паспрабуйце яму дапамагчы. Узбройцеся любой доўгай палкай, дошкай ці вяроўкай, можна звязаць у адно цэлае шалікі, папругі ці адзенне. Паўзком, шырока расстаўляючы рукі і ногі, трымаючы перад сабой выратавальны сродак, асцярожна рухайцеся да праталіны. Спыніцеся ў некалькіх метрах ад чалавека, які знаходзіцца ў вадзе, кіньце яму вяроўку ці край адзення, падайце палку ці  жэрдку. Далей асцярожна выцягніце пацярпелага на лёд і разам паўзком выбірайцеся з небяспечнай зоны, паўзіце ў той бок, адкуль прыйшлі. Калі выберацеся на бераг, дастаўце пацярпелага ў цёплае   памяшканне. Абавязкова здыміце з яго мокрае адзенне, энергічна разатрыце цела (да пачырванення скуры) змочанай у спірце ці гарэлцы тканінай або рукамі, напаіце яго гарачым чаем. Ні ў якім разе не давайце пацярпеламу алкаголь – у падобных выпадках гэта можа прывесці да лятальнага зыходу.

Уладзімір РАДЧАНКА,
намеснік начальніка РАНС

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *