Смачны перапынак

Тэма аднолькава цікавая бацькам, настаўнікам, медыкам, якая не страчвае сваёй актуальнасці, – дзіцячае харчаванне. Ёй прысвячаюцца акцыі, нарады, семінары, у школе нават арганізаваны асобны факультатыў «Па лесвіцы правілаў здаровага харчавання» і многае іншае.
Яшчэ восенню школы Ляхавіччыны далучыліся да абласной кансультацыйна-адукацыйнай акцыі «Школьнае харчаванне – здаровае і рацыянальнае». У СШ №1, напрыклад, у яе раскладзе быў дзень, калі вызначалі лепшы тэматычны малюнак, дэгуставалі стравы са школьнага меню, спаборнічалі ў спартыўна-пазнавальнай гульні «Сябруем з вітамінамі» і г.д.
Раённая санітарна-эпідэміялагічная служба кантралюе арганізацыю дзіцячага харчавання ва ўстановах адукацыі, правярае захаванне санітарных нормаў і правілаў. Аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама выступае адначасова і кантралюючым, і матэрыяльна адказным бокам. За круглым сталом «ЛВ» пра дзіцячае харчаванне і яго ролю ў захаванні здароўя хлопчыкаў і дзяўчынак разважаюць галоўны санітарны ўрач раёна Віталій ЦІХАНАЎ, урач-гігіеніст райЦГіЭ  Валянцін СКАРЫНА, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Мікалай ПРЫХАЧ, повар Жарабковіцкай СШ Іна КРУГЛІК, маці чацвёртакласніка Вольга Ідрысава.

Віталій ЦІХАНАЎ:
– Сярод мноства фактараў, якія маюць важнае значэнне для гарманічнага росту, аптымальнага фізічнага і псіхічнага развіцця дзяцей, галоўная роля належыць рацыянальнаму харчаванню.
Даказана, што няправільныя сняданкі, абеды і вячэра – адна з асноўных прычын распаўсюджвання вострых рэспіраторных захворванняў, павелічэння колькасці часта і доўга хварэючых дзяцей. Правільнае харчаванне папярэджвае ўзнікненне адхіленняў у развіцці і росце. Нядаўна медыкі канстатавалі: да 14 гадоў у паловы падлеткаў маюцца праблемы са страўнікам.

Мікалай ПРЫХАЧ:
– Гарачым харчаваннем у школах ахоплена 100 працэнтаў школьнікаў раёна. Кожны кіраўнік адукацыйнай установы нясе асабістую адказнасць за стан дзіцячага харчавання. Створаны саветы па харчаванні і бракеражныя камісіі, якія перад кожнай выдачай ежы правяраюць яе якасць і робяць адпаведныя запісы ў журнале. Пытанні цэнтралізаванага забеспячэння школьных і садковых харчаблокаў прадуктамі вырашае служба харчавання аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Прадукты для сталовых закупляюцца напрамую на прадпрыемствах-вытворцах. Гэта істотна ўплывае на кошт абедаў. Дарэчы, з 1 студзеня бацькі аплачваюць школьнае харчаванне праз адзіную разлікова-інфармацыйную прастору. Спачатку новаўвядзенне паспяхова апрабавалі ў гімназіі, а зараз укараняем ва ўсіх школах раёна.

Віталій ЦІХАНАЎ:
– Дзіцячы рацыён павінен быць разнастайным і збалансаваным па асноўных харчовых рэчывах, адпавядаць патрэбам арганізма, даваць дастаткова энергіі для росту.
Дысбаланс асноўных харчовых рэчываў, у тым ліку вітамінаў і мінералаў, з’яўляецца адной з прычын затрымкі фізічнага развіцця дзяцей і фарміравання ў іх паталогій шчытападобнай залозы, парушэння зроку, іншых захворванняў.
Хацеў бы параіць бацькам: не давайце сынам і дочкам булачкі, салодкае і іншыя прысмакі ў перапынках паміж прыёмамі ежы. Гэта адмоўна ўплывае на апетыт і стрававальную сістэму.

Валянцін СКАРЫНА:
– Ва ўстановах адукацыі складаюць прыкладнае меню на 10-12 дзён, што дазваляе больш дакладна размеркаваць прадукты з улікам іх каларыйнасці і хімічнага саставу. На падставе прыкладнага дзесяцідзённага меню складаецца штодзённае. Падчас праверак устаноў адукацыі, бывае, выяўляем некаторае незахаванне натуральных нормаў харчавання. Але недапрацоўкі адразу выпраўляюцца.
Арганізацыя рацыянальнага харчавання дзяцей прадугледжвае і строгае выкананне рэжыму дня. У такім выпадку выпрацоўваюцца ўмоўныя харчовыя рэфлексы, павышаецца апетыт: дзеці ядуць больш ахвотна і са смакам. А яшчэ ўмацоўваецца нервовая сістэма, павышаюцца ахоўныя сілы арганізма.

Мікалай ПРЫХАЧ:
– У адпаведнасці з распрацаваным меню рабяты штодзень атрымліваюць малочныя прадукты, салаты са свежай і адваранай агародніны, мяса. Тварог, яйка, сыр уваходзяць у меню 2-3 разы на тыдзень. Ёсць і карысныя ласункі – зефір, мармелад і іншае.

Віталій ЦІХАНАЎ:
– Матэрыяльна-тэхнічная база харчаблокаў большасці ўстаноў адукацыі знаходзіцца ў здавальняючым санітарна-тэхнічным стане. Сертыфіка-вана халадзільнае і тэхнічнае абсталяванне, правяраецца і абнаўляецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі СанПіНа.
У гэтым навучальным годзе правераны ўсе 15 школ, у тым ліку 13 двойчы, а таксама шэраг дзіцячых садкоў. Большасць выяўленых парушэнняў абумоўлены так званым чалавечым фактарам: работнікі нядобрасумленна падышлі да выканання сваіх абавязкаў. Адна з прычын, што гэтаму спрыяе, – неналежны вытворчы кантроль.

Мікалай ПРЫХАЧ:
– Кожны год сталовыя і харчаблокі ва ўстановах рамантуюцца, робіцца касметычны рамонт. Летась на замену мэблі ў абедзеннай зале Ліпскай СШ з раённага бюджэту было выдаткавана
40 тысяч рублёў. Зроблены рамонт буфетных (памяшканне для раздачы ежы) у дзіцячых садах № 1 і № 3. Выраблена праектна-каштарысная дакументацыя для правядзення рамонту харчаблока ў Навасёлкаўскай СШ. Прадукты ў школы і дзіцячыя сады дастаўляюць 3 спецыяльныя аўтамабілі.

Віталій ЦІХАНАЎ:
– Каб прыцягнуць увагу да праблемы атлусцення і іншых захворванняў з-за няправільнага харчавання, Сусветная арганізацыя аховы здароўя выдала рэкамендацыі. Яны складзены па прынцыпе святлафора: зялёным колерам пазначана ежа, якую можна ўжываць без абмежаванняў (хлеб з мукі грубага памолу, крупы і не менш за 400 грамаў у суткі агародніны і фруктаў), жоўтым – малочныя прадукты, мяса, рыба. У адрозненне ад «зялёных» яны павінны быць у меню ў меншым аб’ёме і толькі абястлушчаныя. Цукар, масла, кандытарскія вырабы пазначаны чырвоным колерам, іх лепш ужываць як мага радзей.

Іна КРУГЛІК:
– Люблю, калі дзеці з апетытам ядуць і пакідаюць пасля чыстыя талеркі. Узмацняе апетыт атмасфера сталовай: дзяжурныя ў форме, на сталах сурвэткі, вада ў кулерах. Разнастайнасць, рацыянальнасць і збалансаванасць – тое, што вызначае меню школьнікаў. Яго зацвярджае дырэктар установы і ўзгадняе з раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі. Стравы на працягу двух тыдняў амаль не паўтараюцца. Прадугледжана іх вітамінізацыя. Абеды ў вясковай школе бясплатныя. У нашай іх штодзень атрымліваюць 93 чалавекі. Бульбай забяспечвае мясцовая гаспадарка. 9 студзеня, напрыклад, хлопчыкі і дзяўчынкі на абед елі суп са свежай капусты, тэфтэлі, а на гарнір кашу прасяную, салат са свежай капусты з яблыкам і сырам. Усё запілі кампотам з сухафруктаў.

Вольга ІДРЫСАВА:
– Мікіту школьныя абеды падабаюцца. Дома ён прывучаны да кашаў, запяканак, таму і ў школе не перабірае. Нават просіць: звары, як у школе. Я спакойная, што дзіця сытае. У СШ № 2 гатуюць штодзённа, прадукты свежыя і здаровыя.

Матэрыялы «круглага стала» падрыхтавала   Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *