Шчадрэц па-нашаму

Выкарыстана ілюстрацыя

Некалі даўным-даўно гэта народнае свята ў нашых мясцінах распачыналі напярэдадні 1 студзеня і працягвалі да трэцяй куцці – хрышчэнскай. Назву сваю шчадрэц ці шчодрык узяў ад імя бога балявання і бяседы. Акрамя гулянняў-жартаванняў абавязковым у гэтыя дні лічылася адорванне адзін аднаго і асабліва тых, хто не вызначаўся заможнасцю.
Багаты сэнс, глыбокая сутнасць, адухоўленая існасць у сённяшняй цёзкі шчадраца – шчадраца па-нашаму. Назаву так надзвычай масавае дзейства, у якое вылілася ўсебеларуская дабрачынная акцыя «Нашы дзеці». Не дзеля прыгожага слова, не для радку ў справаздачы, а выключна для запальвання радасці ў дзіцячых вачах і бясконцага захаплення на шчаслівых тварах і ў душах юных адрасатаў акцыі: усё ж яны здараюцца – цуды, усё ж яны збываюцца – мары! Пасылы любві і ўвагі у сэрцайках хлопчыкаў і дзяўчынак гучаць радасцю і будуць працягваць гэта гучанне доўга-доўга. А карагод вакол ёлкі… А неварагодна смачныя шакаладкі, ірыскі, карамелькі, мандарынкі… А жаданыя абноўкі, цацкі, гульні… Ну што можа быць чароўней, чым калі гэта – ад Дзеда Мароза?! Мілыя дзеці, не сумнявайцеся, ён ёсць – чароўны Дзядуля з белай барадой і посахам, і Снягурка, і ўся іхняя світа. Інакш каму ж гэта расстараўся купіць новае адзенне торфабрыкетны завод «Ляхавіцкі»? Яму – Марозу і ўнучцы ягонай, а яшчэ мех з салодкімі падарункамі. Гэта могуць пацвердзіць рабяты з тухавіцкіх школы і дзіцячага садка.
У навагодне-калядным марафоне «Нашы дзеці» зусім не гледачамі выступалі многія нашы землякі. Салідны стаж чараўнікоў, якія выконваюць загаданыя хлопчыкамі і дзяўчынкамі жаданні, у ТАА «Трансэлектракамплект», СВК «Ляхавіцкі», ДП «Нача», ЦБП № 117 «Беларусбанка», ААТ «Шлях новы», «Жарабковічы», «Ляхавіцкі льнозавод», ТАА «Ажуруна», фермерскіх гаспадарак «Шавялі», «Вялікае Падлессе-Агра», «Уладзімір плюс», ЗАТ «Белпрампрыбор», завод «Металапластмас», ПГУП «Арт-Наталі», ДРСУ-200, цэнтральнай раённай бальніцы, РАУС, раённага аддзела Следчага камітэта…
Адным з першых у дабрачынны марафон уключыўся член парламента Леанід Цупрык. І намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Кацуба завітала да выхаванцаў дзіцячага садка № 2 з падарункамі. «ЛВ» не толькі расказваў пра навагодне-калядныя цуды, а і сам паспрыяў, каб яны адбыліся ў адным з аграгарадскіх садкоў і ў мнагадзетнай сям’і ляхавічан. А вынікам канцэрта народнай эстраднай студыі «Экспрэс» стаў грашовы падарунак – 600 рублёў – цэнтру карэкцыйна-разві-ваючага навучання і рэабілітацыі.
І гэта далёка не поўны пералік тых, хто з радасцю і жаданнем сёлета прымераў на сябе ролю Дзеда Мароза. Дарэчы, акцыя «Нашы дзеці» па ўзросце ўжо зусім дарослая – праводзілася ў краіне па ініцыятыве Прэзідэнта дваццаць другі раз.
Ніхто не лічыў і не лічыць тыя тоны цукерак, апельсінаў, пячэння, колькасць цацак, канструктараў, кніжак, фарбаў, алоўкаў, што ў падарунак атрымалі хлопчыкі і дзяўчынкі ля навагодняй ёлкі. І тым больш не вымераць дзіцячую радасць – няма адзінак вымярэння для гэтага пачуцця. Галоўнае – адчуванне шчасця ў сэрцах маленькіх землякоў. І гэта мы зрабілі. Разам!
Вольга БАРАДЗІНА.
P.S. Скончыліся школьныя канікулы, выносяцца з кватэр абавязковыя атрыбуты свята – ёлкі, рассейваецца флёр казачнасці. А дзеці застаюцца дзецьмі. Заўсёды. Незалежна ад каляндарнага раскладу. Давайце гэтае веданне не адкладваць у далёкі куточак душы…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *