Паляўнічыя пад прыцэлам увагі

Па даручэнні КДК Рэспублікі Беларусь Баранавіцкім міжраённым камітэтам дзяржкантролю Брэсцкай вобласцісумесна з Ганцавіцкай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету, Брэсцкім дзяржаўным вытворчым лесагаспадарчым аб’яднаннем, інспекцыяй МПЗ Рэспублікі Беларусь па Баранавіцкім раёне, Баранавіцкім міжраённым аддзелам УДФР КДК па Брэсцкай вобласці ў студзені 2012 года завершана пазапланавая праверка ўстановы “Баранавіцкая раённая арганізацыйная структура рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”.

Праверкай устаноўлена, што таварыствам не забяспечана эфектыўнае выкарыстанне маёмасці, набытай за кошт бюджэтных сродкаў. Так, больш за год у гаспадарчай дзейнасці не выкарыстоўваюцца шклапластыкавая лодка і матор да яе коштам звыш 9 мільёнаў рублёў. З 2009 года не задзейнічана для рыбаводства перада-дзеная таварыству сажалка, размешчаная ля вёскі Пастарынь. Акрамя таго, сістэматычна парушаліся тэрміны пералічэння  ў мясцовы бюджэт арэнднай платы за рыбалоўныя і паляўнічыя ўгоддзі.

Таварыствам дапушчаны шматлікія парушэнні правілаў вядзення рыбалоўнай і паляўнічай гаспадаркі. У прыватнасці, з парушэннямі дзеючага заканадаўства афармляліся разавыя дазволы на здабычу дзікіх жывёл, у асобных паляўнічых пуцёўках не ўказваўся тэрмін іх дзеяння, не вяліся ўлік і ацэнка здабытых трафеяў, не афармляліся трафейныя лісты, не вёўся пашпарт карыстальнікаў паляўнічых угоддзяў. На аншлагах, размешчаных каля арандуемых таварыствам вадаёмаў, адсутнічае інфармацыя для насельніцтва пра рэжым платнага аматарскага рыбалоўства, а таксама пра парадак рэалізацыі пуцёвак.

Ганцавіцкай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету ўстаноўлены факты, калі кіраўнікамі палявання – егерамі па разавых дазволах ажыццяўлялася здабыча паляўнічых жывёл, аднак, звесткі пра разавыя дазволы на іх здабычу не ўносіліся ў паляўнічыя пуцёўкі. У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам такое паляванне з’яўляецца незаконным. Падчас яго здабыты 4 дзікі і казуля, у выніку навакольнаму асяроддзю прычынена шкода ў суме 10,5 мільёна рублёў.

Акрамя таго, пры праверцы ўстаноўлены шматлікія парушэнні парадку вядзення бухгалтарскага ўліку (незабеспячэнне дакладнасці пры правядзенні інвентарызацыі актываў, уліку руху кармоў, зняцці  рэшткаў паліва ў баках транспартных сродкаў і г.д.), прадастаўленне недакладных даных у статыстычнай справаздачнасці пра выкананне біятэхнічных мерапрыемстваў, колькасць здабытых паляўнічых жывёл, недаплата падаткаў на суму 1,5 мільёна рублёў.

Мікалай ШВАЙ,
старшыня Баранавіцкага міжраённага
Камітэта дзяржаўнага кантролю

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *