Хобі можа стаць бізнесам

12 студзеня Брэсцкі навукова-тэхналагічны парк стаў пляцоўкай для прэзентацыі маладзёжных ініцыятыў у межах рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі». На абласным этапе студэнты, навучэнцы школ, ліцэяў, каледжаў, працуючая моладзь прадставілі каля 50 арыгінальных праектаў.
Інавацыйныя прапановы маладых вынаходнікаў і рацыяналізатараў ахопліваюць розныя сферы і накірункі. А галоўная мэта конкурсу – знайсці найбольш цікавыя ідэі, дапамагчы іх рэалізаваць і падтрымаць аўтараў у далейшым.
Асабліва прыемна, што сярод удзельнікаў выставы-прэзентацыі былі і нашы землякі. Дэлегацыя Жарабковіцкай СШ прадстаўляла праект «Мадэль практыка-арыентаванай бізнес-адукацыі школьнікаў». Яго аўтары – дырэк- тар школы Вольга Бурак і настаўніца гісторыі Святлана Пальчык – расказалі, што праект распрацоўваўся дзеля атрымання школьнікамі тэарэтычных і практычных навыкаў у галіне прадпрымальніцтва, навучання азам фінансавай граматнасці. Адна з мэт праекта – арганізацыя занятасці хлопчыкаў і дзяўчынак па суботах.Актыўная ўдзельніца школьнай бізнес-кампаніі дзесяцікласніца Кацярына Ляшко падчас абласной прэзентацыі падзялілася, што праве-дзенае сярод вучняў 7-11 класаў раёна апытанне паказала: большасць з іх хацела б навучыцца зарабляць грошы, калі б такая магчымасць мелася. Дарэчы, жарабковіцкія рабяты на працягу года вырабляюць у школьнай бізнес-майстэрні разнастайныя магніты, бірулькі, канверты, насоўкі, фартухі і іншыя карысныя рэчы. Такая прадукцыя паспяхова знаходзіць пакупнікоў падчас кірмашоў, выстаў і г.д.
Праект нашых землякоў атрымаў сертыфікат удзельніка і слушныя парады па прасоўванні і развіцці ідэі, а таксама запрашэнне на абласны этап у наступным годзе.
Дарэчы, за час рэа-лізацыі ініцыяванага БРСМ конкурсу «100 ідэй для Беларусі» ў вобласці было прадстаўлена каля 1000 распрацовак, больш за паўсотні ініцыятыў увасоблены ў жыццё.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота з архіва Жарабковіцкай СШ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *