Каварны лёд

Аматары зімняй рыбалкі, нягледзячы на забарону выхаду на лёд, ідуць на вадаёмы. Некаторыя не вяртаюцца…
12 студзеня ў Рагачоўскім раёне праваліўся пад лёд і патануў рыбак 1955 года нараджэння. У гэты ж дзень у Мозырскім раёне ахвярай нетрывалага лёду стаў 13-гадовы хлопчык. 13 студзеня ў Смалявіцкім раёне ў вадзе апынуліся два рыбакі. Аднаму з іх дапамаглі выбрацца тыя, хто знаходзіўся побач. Другога выцягнулі выратавальнікі. На жаль, мужчына 1977 года быў ужо мёртвым. 14 студзеня ў Пінскім раёне праваліўся пад лёд і патануў 14-гадовы хлопчык…
Каб не здарылася бяды, трэба ведаць і выконваць правілы паводзін на лёдзе.
Не выходзіць на тонкі лёд; не збірацца групамі на асобных участках лёду; не набліжацца да прамывін, трэшчын, палонак; не скачвацца на санках, лыжах з крутых берагоў на тонкі лёд; не пераходзіць вадаём у забароненых месцах; не выходзіць на лёд у цёмны час сутак і пры дрэннай бачнасці; не выязджаць на яго на матацыклах, аўтамабілях па-за перапраў.
Бяспечным для чалавека лічыцца лёд таўшчынёй не менш за 10 сантыметраў у прэснай вадзе і 15 сантыметраў у салёнай. Калі тэмпература паветра вышэй за нуль трымаецца больш як тры дні, то трываласць лёду зніжаецца на 25 працэнтаў.
Лёд нетрывалы ў месцах хуткага цячэння, крыніц і сцёкавых водаў, а таксама ў раёнах, дзе ёсць водная расліннасць, паблізу дрэваў, кустоўя, чароту.
Трываласць лёду можна вызначыць візуальна: лёд блакітнага колеру – трывалы, белага – трываласць у 2 разы меншая, матава-белы ці з жаўтаватым адценнем – ненадзейны.
Чалавеку, які праваліўся ў халодную ваду, ні ў якім разе нельга панікаваць, рабіць рэзкія рухі. Трэба раскінуць рукі ў бакі і пастарацца зачапіцца за край лёду, надаўшы целу гарызантальнае становішча, клікаць на дапамогу. Асцярожна налегчы на край лёду і закінуць адну, а потым і другую нагу на лёд. Калі лёд вытрымаў, павольна паўзці ў той бок, адкуль прыйшлі. І – бегам да бліжэйшага жылля. Адпачнуць можна толькі ў цёплым памяшканні. Калі вы сталі сведкам такога здарэння, тэрмінова выклічце хуткую дапамогу і выратавальнікаў (нумар 101). Пастарайцеся дапамагчы пацярпеламу выбрацца з вады. Будзьце асцярожнымі! Калі гэта атрымалася, дастаўце пацярпелага ў цёплае месца. Да прыезду хуткай здыміце з яго мокрае адзенне, энергічна раза-
трыце цела (да пачырванення скуры), дайце гарачага чаю. Ні ў якім разе не давайце пацярпеламу алкаголь – гэта можа прывесці да лятальнага зыходу.
Дзмітрый НОВІК,
старшы інжынер РАНС.

Інфаграфіка БЕЛТА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *