Жыццё даражэй за рыбалку

Распараджэннем кіраўніка раёна для забеспячэння бяспекі на вадаёмах у зімовы перыяд, папярэджання няшчасных выпадкаў на вадаёмах належыць актывізаваць растлумачальную работу сярод дзяцей і дарослых па захаванні мер бяспекі. У перыяд ледаставу, таяння і разбурэння лёду на вадаёмах з мэтай недапушчэння выхаду людзей на лёд райаддзелам унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях, раённай арганізацыі Асвода даручана праводзіць сумесныя рэйды.

Каляндарная зіма неяк незаўважна пераваліла за сваю палову, а вось традыцыйных зімовых забаў іх аматары пакуль так і не дачакаліся. Ні табе на лыжах усур’ёз пракаціцца, ні на санках праехацца са снежнай горкі, ні на канькі трывала ўстаць.
Самымі нецярплівымі аказаліся прыхільнікі падлёднай рыбалкі. Лёгкі марозік ледзь паспеў прыхапіць водную паверхню, а самыя адчайныя ўжо спрабуюць сваё рыбацкае шчасце. Або няшчасце. З пачатку зімы ў лядовыя пасткі на вадаёмах трапіў не адзін чалавек: не толькі дарослыя, але і падлеткі. Выратаваць паспелі не ўсіх…
Прадстаўнікі Асвода і МНС гэтымі днямі частыя госці на тэлеэкранах, у радыёэфіры, на газетных старонках і, канешне, на саміх вадаёмах. Папярэджваюць, нагадваюць, пераконваюць: лёд яшчэ нетрывалы, можа ў любы момант падвесці, трэснуць пад нагой. Чуюць, на жаль, не ўсе. І гэта надзвычай трывожна. Няўжо хтосьці свядома ацэньвае эмоцыі, атрыманыя падчас рыбалкі, даражэй за бяспеку і жыццё?

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *