Алеі Ажэшкі быць!

Сёлета ў “ЛВ” № 69 за 11 верасня     ў сваіх чарговых ”Маналогах” пад назвай “Заверасніла” галоўны рэдактар раёнкіВольга Барадзіна выказала арыгінальную ідэю як захаваць для нашчадкаў памяць пра вядомую польскую пісьменніцу Элізу Ажэшка. Пра яе сувязь з Ляхавіччынай сведчыць дуб, які яна пасадзіла ў 1909 годзе ў Флер’янове.

Задумка даволі простая і не патрабуе асаблівых фінансавых укладанняў. “Гэта зусім нескладана, і гэта па сілах чалавеку. Нам з вамі, дарагія чытачы, юнакам і дзяўчатам з бээрэсэмаўскімі білетамі, школьнікам, каляджанам, эколагам, леснікам – усім, хто зацікавіцца ідэяй і яе ажыццяўленнем”, – гаворыцца ў публікацыі. І цудоўна, што заклік зберагчы і прымножыць гісторыю не толькі быў пачуты, але і пачаў увасабляцца ў жыццё.

Як паведаміў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Баргамон, у кастрычніку ідэя пачала рэалізоўвацца. Актывісты БРСМ і супрацоўнікі райінспекцыі сабралі жалуды ад ажэшкінскага дуба. Зараз жалуды “адпачываюць” – знаходзяцца ў стане спакою, які неабходны любому віду насення. Праз пэўны час іх перасадзяць у спецыяльныя гадавальнікі, з іх вырастуць маладзенькія дрэўцы, якія потым утвораць алею ці сквер. Можна не сумнявацца, што алеі Ажэшкі быць! Пройдуць гады, і нашы нашчадкі будуць адпачываць пад разгалістымі кронамі дубоў “з радаслоўнай”, марыць пра будучыню і ў шэпце лісця слухаць расказы пра мінулае, у якіх абавязкова знойдзецца месца  і аповяду пра Элізу Ажэшка і пасаджаны калісьці ёю дуб.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *