Ромкаў тата самы смелы

У чарговы раз ён аналізуе падзеі мінулага чацвярга і пераконваецца: усё зрабіў, як вучылі ў акадэміі.   18 студзеня ўчастковы інспектар Ляхавіцкага РАУС Яўгеній Вайшэвіч працаваў на сваім участку ў Начаўскім сельсавеце: у вёсцы Мыслабаж планаваў пабываць у некаторых сем’ях. У 13 гадзін 48 мінут ад дзяжурнага РАУС паступіла паведамленне аб пажары ў Гаслаўшчыне. На службовым УАЗе за 7 мінут дамчаў да месца здарэння. Далей падзеі разгортваліся нібы ў прыгодніцкім фільме.

– У 13.55 быў каля ахопленага дымам дома №4 па вуліцы Маладзёжнай. Уключыў гукавы сігнал на машыне для апавяшчэння. На вуліцы мітусілася і клікала на дапамогу гаспадыня. Упэўніўся, што ў памяшканні не было людзей. Паколькі вада ў доме перамерзла, вырашыў тушыць агонь снегам. Адразу на дапамогу прыбег сусед пацярпелых Андрэй Асаскала і яшчэ адзін незнаёмы мужчына.
Снегам мы засыпалі ўвесь пакой, дзе знаходзіўся кацёл паравога ацяплення. Хутка з Тальмінавічаў прыбылі выратавальнікі, – успамінае старшы лейтэнант міліцыі. – Да іх прыезду ўдалося амаль поўнасцю збіць полымя.

Усе дзеянні Яўгенія Вайшэвіча па ліквідацыі пажару – прафесіянальныя. Каб не ўчастковы і яго памочнікі, пашкоджанні былі б куды большыя, – гаворыць першы намеснік начальніка РАНС Сяргей Гатоўчыц.
Сам Яўгеній нічога надзвычайнага ў сваім учынку не бачыць:
– Зрабіў тое, што і павінен быў. Галоўнае, абышлося без ахвяр. На маім месцы, думаю, так паступіў бы кожны, тым больш міліцыянер.
– Адказны, надзейны, перспектыўны супрацоўнік. Актыўна займаецца прафілактычнай работай па папярэджанні правапарушэнняў, – характарызуе ўчастковага першы намеснік начальніка РАУС Андрэй Гіль.
Тое, што будзе міліцыянерам, Яўгеній ведаў яшчэ падлеткам. Ён – адзін з дзясятка выпускнікоў Крывошынскай СШ, хто прадоўжыў вучобу ў Акадэміі МУС. На службу ў Ляхавіцкі РАУС прыйшоў у 2013   годзе, працаваў оперупаўнаважаным аддзялення крымінальнага вышуку, цяпер на ўчастку.
– Участковы – гэта той, хто дапамагае. Галоўным у рабоце лічу кантакт з насельніцтвам, уважлівасць і неабыякавасць да праблем іншых, – гаворыць Яўгеній Вайшэвіч.
… Дома пасля вогненнага здарэння ён спачатку нічога не расказваў пра свой учынак. Аднак, выдалі абгарэлыя флікер і пагон на форме. Жонцы нешматслоўна патлумачыў: гарэў дом, тушыў пажар. І з задавальненнем пасадзіў сабе на калені сына – Ромку 11 месяцаў, ён вельмі любіць тату.
Дарэчы, цяпер Яўгеній Вайшэвіч мае поўнае права святкаваць і Дзень выратавальніка, напярэдадні якога ён змагаўся з агнём.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *