Ода жывёлаводу

Гадавы каляндар жывёлавода ўявіць сабе лёгка і проста. Калі без адценняў, то яго фарміруюць не чатыры, а ўсяго два колеры – цёплы і халодны. Зіма на фермы і комплексы прыходзіць у вобразе і форме статкаў жывёлы, пасля пашавай вольніцы пераведзеных на стойлавае ўтрыманне. Зараз яе час, самы пік, пазначаны ў тым ліку і першым за сезон устойлівым снегам.

СВК «Ляхавіцкі». Прафсаюзны лідар аграрыяў краіны Мікалай Лабушаў Міхаілу Хмаруку: «Дзякуй за працу!».

Прафсаюзныя заслугі Людмілы Мікуліч адзначаны адпаведным знакам.

На мінулым тыдні раён наведалі старшыні рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Мікалай Лабушаў і Брэсцкага галіновага абкама –  Міхаіл Юхімук. Прыехалі, каб разам  з кіраўніком раённай арганізацыі аднайменнага прафсаюза Ірынай Чурой пабываць на фермах, жывёлагадоўчых комплексах сельгаспрадпрыемстваў Ляхавіччыны ў межах акцыі «Наш жывёлавод».
Вядучым звяном у ланцугу падзей і мерапрыемстваў рэспубліканскай акцыі з’яўляецца галіновы прафесійны саюз, сацыяльнымі партнёрамі выступаюць Мінсельгасхарч і рэспубліканскі аграпрамысловы саюз.
Па часе кампанія прымеркавана іменна да зімова-стойлава перыяду ўтрымання жывёлы – праходзіць з 1 снежня 2017 па 1 красавіка года бягучага і мае на мэце праінспектаваць усе жывёлагадоўчыя аб’екты на прадмет адпаведнасці рэальных санітарна-бытавых умоў патрабаванням стандарту, паглядзець, наколькі выконваюцца нормы аховы працы, ці своечасова і дакладна людзі атрымліваюць заработную плату і іншае. Ну і, канешне, сказаць дзякуй, падтрымаць маральна і матэрыяльна калектывы і асобных работнікаў за іх нялёгкую і выключна важную працоўную місію. Без абавязковай прывязкі да вытворчых паказчыкаў таго ці іншага аб’екта жывёлагадоўлі. Як падкрэсліваецца, гэта не спаборніцтва, а стымулюючая акцыя.

Старшыня галіновага абкама прафсаюза Міхаіл Юхімук шчыра павіншаваў з узнагародай Тамару Зубік і ўвесь калектыў МТФ.

Гутарылі на прафсаюзную і прафесійную тэмы.

Адзін такі ў раёне – гэта пра СВК «Ляхавіцкі», які каля года як узначаліў малодшы Вітко – Іван Аляксандравіч. Ды і ў вобласці знойдзецца няшмат гаспадарак з сярэднегадавым удоем на карову больш за 8 тысяч кілаграмаў малака: за 2017 год тут надаілі прыкладна 8,3 тысячы. З наведвання адной з фермаў сельгаспрадпрыемства – малочнатаварнага комплексу «Русінавічы» – і стартаваў ляхавіцкі маршрут прафсаюзнай акцыі «Наш жывёлавод».
Комплекс можна лічыць новабудоўляй. У тым сэнсе, што ўсё тут выканана ў фармаце і патрабаваннях сучасных стандартаў. Даільная зала-аўтамат, поўны спіс неабходных санбытпамяшканняў. Іх, і без таго нядрэнна абсталяваных, «даўкамплектаваў» Міхаіл Юхімук: ад абкама прафсаюза работнікаў АПК калектыву МТК «Русінавічы» прэзентавана мікрахвалевая печ. Падзячным пісьмом рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў АПК адзначаны работнік комплексу – слесар Міхаіл Хмарук. Узнагароду Мікалай Лабушаў уручыў за шматгадовую добрасумленную працу, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў, працоўную і тэхналагічную дысцыпліну.
Востраўскія жывёлаводы не могуць пахваліцца русінавіцкімі надоямі. Але абнадзейвае дынаміка. Ёсць фактычна 4,5 тысячы кілаграмаў малака, атрыманых летась ад кожнай «сярэдняй» каровы. Маючы месца скачок вагой прыкладна ў тысячу кілаграмаў у параўнанні з пазамінулым годам нельга не звязаць з дырэктарам КСУП «Востраў-Агра» Тамарай Церах і калектывам фермы, якім кіруе Тамара Зубік. Калектыў МТФ «Востраў» узнагароджаны Ганаровай граматай рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў АПК. У камплекце з граматай у якасці матэрыяльнага да яе дапаўнення значылася мікрахвалевая печ – вельмі патрэбны падарунак. А яшчэ і электрычны чайнік з наборам чайнага посуду – ад абласнога галіновага прафсаюза.
Дарэчы, нягледзячы на складанасці, гаспадарка знайшла магчымасць будавацца. Адно з памяшканняў фермы заставалася закінутым з 80-х гадоў мінулага стагоддзя да жніўня 2017-га, калі пачалася яго рэабілітацыя. Засталося крыху даабсталяваць – і кароўнік будзе гатовы прыняць на пастой 200 галоў жывёлы. Па-большасці, работы выконваліся ўласнымі сіламі і на ўласныя сродкі.
– Кармы ў гаспадарцы ёсць. Нам бы пару спецыялістаў, – разважае ў размове з Мікалаем Лабушавым Тамара Церах.
Потым была МТФ «Чашчы» – новая вытворчая не кропка, нават цэлая малочная фабрыка ў складзе ААТ «Жарабковічы». Усё прыгожа, наколькі дарэчным будзе гэты эпітэт у адрас вытворчага аб’екта. У калідорах – фаянсавы бляск, даільнай залай на 40 пастановачных месцаў кіруе камп’ютар. Будзе і працяг, паколькі ў працэс вытворчасці запушчана толькі першая чарга фермы.
У «Жарабковічах» свае лаўрэаты прафсаюзнай акцыі «Наш жывёлавод». Падзячным пісьмом рэспубліканскага камітэта адзначана аператар машыннага даення Святлана Калядзіч, а слесар фермы Сяргей Вейкніс удастоены Ганаровай граматы абкама прафсаюза аграрыяў. Ад Ляхавіцкага ж райкама прафсаюза АПК калектыву МТФ дастаўся чайнік.
Дарэчы, пра чай: чайна-кававыя перапынкі мелі месца на кожным з наведаных аб’ектаў.
Асобны радок прысвецім старшыні прафсаюзнай пярвічкі ААТ «Жарабковічы» Людміле Мікуліч, дзейнасць якой адзначана нагрудным знакам Беларускага прафсаюза работнікаў АПК «За заслугі».
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

✓Ляхавіцкая раённая прафсаюзная арганізацыя работнікаў АПК аб’ядноўвае 18 пярвічных прафсаюзных арганізацый.
✓Апроч сельгаспрадпрыемстваў, у яе склад уваходзяць пярвічкі, створаныя на Ляхавіцкіх ПМС, ільно- і кансервавым заводах, ільнонасенстанцыі, ТАА «Трансэлектракамплект».
✓Агульная колькасць членаў – 3188 чалавек. І гэта самая вялікая прафсаюзная структура ў раёне.

Тамара Церах расказала Мікалаю Лабушаву   пра перспектывы гаспадаркі.

Чайная цырымонія па-жарабковіцку.

Новы Востраўскі кароўнік амаль гатовы да «засялення»

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *