Дзякуй ад «Залатога ўзросту»

Доўгачаканай падзеяй стала адкрыццё ў райцэнтры аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. Яно гасцінна расчыніла дзверы летась у апошні вераснёўскі дзень. Для нас, людзей сталых, такія ўвага і клопат з боку дзяржавы вельмі важныя. Удзячны раённай уладзе, асабіста старшыні райвыканкама Вячаславу Сельмановічу і кіраўніку раённага Савета дэпутатаў Яўгенію Юрлевічу, упраўленню па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. З бюджэту былі выдаткаваны значныя сродкі на рэканструкцыю памяшкання, набыццё мэблі, абсталявання. Словы асаблівай падзякі і дэпутату райсавета, намесніку старшыні райвыканкама Дзіяне Трысцень, якая заўсёды ўважліва ставіцца да патрэб ветэранаў. І не толькі таму, што курыруе сацыяльныя пытанні, а і таму, што неабыякавы чалавек.
А мы, атрымальнікі такога шыкоўнага падарунка, адразу ўзяліся за справу. Колькі клубаў па інтарэсах у нас дзейнічае: «Гаспадынька», «Аптыміст», «Прыгажосць. Здароўе. Даўгалецце», «Залаты ўзрост», «Праяві сябе» і іншыя. Наведваць іх адно задавальненне. Прычым, колькасць тых, хто прыходзіць сюды з карысцю бавіць вольны час, з кожным днём павялічваецца. Шмат цікавага прапануюць загадчыца аддзялення Святлана Яраш і кіраўнік гуртка Вольга Давідоўская.
Паклапаціліся арганізатары аддзялення і пра наша здароўе. Аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама пайшоў нам насустрач: кожны аўторак усе жадаючыя бясплатна займаюцца фізкультурай і фітнесам у ДЮСШ. Заняткі праводзіць наш калега па ўніверсітэце трэцяга ўзросту Віктар Алейнік.
Дарэчы, пра гэты ўніверсітэт. Ніколі не думала ў свае гады, што зноў стану студэнткай. Вывучэнне польскай і англійскай моў, камп’ютарнай граматы, асваенне смартфонаў, завочныя падарожжы і рэальныя экскурсіі – толькі частка ўніверсітэцкай праграмы. Нядаўна ездзілі ў Мінск у музычны тэатр. Не маглі прапусціць і Дзень студэнта, мы ж таксама студэнты, хоць і ва ўзросце.
Праяўленне дзяржаўнага клопату, у тым ліку і пра людзей шаноўнага ўзросту, – арганізацыя пакоя міласэрнасці, дзе можна скарыстацца сродкамі рэабілітацыі, работа сацыяльнай цырульні, паслугі якой асабліва запатрабаваны інвалідамі, мнагадзетнымі сем’ямі.
Здорава, што ёсць такое месца, дзе цябе чакаюць, дзе можна праявіць свае таленты і здольнасці, адчуць, што ты не адзінокі і, канешне ж, сустрэцца з блізкімі па духу людзьмі. Здорава, што гэта – наш сённяшні дзень.

Марыя БІЗА, жыхарка г. Ляхавічы.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *