«Красуня» і «купава» ў каледжскіх выпрабаваннях. У апошнюю нядзелю студзеня адзначаецца Дзень беларускай навукі

Ці ведаеце вы чумізу? Недасведчаныя і не зразумеюць, пра што ідзе гаворка. А ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы гэту аднагадовую кармавую расліну з сямейства злакавых збіраюцца вырошчваць і вывучаць: праводзіць дослед пры сяўбе, доглядзе.

– Год навукі для каледжа прайшоў насычана і адметна. Нашы выкладчыкі працавалі над стварэннем падручнікаў і  вучэбных дапаможнікаў, праводзілі навуковыя даследаванні і экс-перыменты, удзельнічалі ў разнастайных канферэнцыях і сустрэчах,  плённа супрацоўнічалі  з навуковымі ўстановамі, павышалі якасць навучання.  Загадчыца агранамічнага аддзялення Яўгенія Рытвінская абараніла кандыдацкую, выкладчыца  Наталля Вярбіла паступіла ў  аспірантуру  ў інстытут  ільну Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Сёлета   сумесна з кафедрай аграрных дысцыплін БарДУ пачынаем вялікі цыкл доследаў па агратэхналогіі малавывучаных сартоў  чумізы і грачыхі. Кіраўніком іх выступіць доктар навук прафесар інстытута льну Таццяна Анохіна. У планах – правесці даследаванне   для вызначэння  сартоў  грачыхі    найбольш прыцягальных  для   пчолаў, – дзеліцца навуковымі планамі дырэктар ЛДАКа, кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт  Алена Абарава. 
Чаму такая ўвага да чумізы? Змяняецца клімат, узнікае неабходнасць у вырошчванні раслін, на ўраджайнасць якіх не ўплывае адсутнасць ападкаў. Чуміза вызначаецца ўстойлівасцю да засухі і  замаразкаў, абсыпання, шкоднікаў і захворванняў. Даследаванні сартоў «золушка» і «красуня» будзе праводзіць выкладчыца каледжа  Наталля Вярбіла. 
Грачыха  – культура добра вядомая, у тым ліку і ў нашым раёне. Яна таксама стане ў ЛДАКу доследным аб’ектам на прыкладзе  сорту  «купава». Такія даследаванні цікавыя каляджанам не толькі з пункту гледжання агратэхнікі, але і меданоснасці культуры. ЛДАК мае вучэбную лабараторыю «Пчальнік», заведуе там пчаляр у трэцім пакаленні Сяргей Мінец. 
Наогул, асноўным накірункам каледжскай навукова-даследчай дзейнасці з’яўляецца вывучэнне рэакцыі разнастайных культур на экалагічныя ўмовы рэгіёна вырошчвання. Працуюць з 47 культурамі, якія прадстаўлены на каледжскіх доследных палях больш як 115 сартамі. 
Частка даследаванняў  вядзецца згодна дагавораў з вядучымі навукова-даследчымі ўстановамі рэспублікі. Атрыманыя вынікі друкуюцца ў навуковых выданнях як нашай краіны, так  і ў Расіі, Літве, Польшчы.
ЛДАК паспяхова асвойвае  адзін з наватарскіх напрамкаў – арганічную  сельскую  гаспадарку, гэты тэрмін азначае вырошчванне сельскагаспадарчых культур без сінтэтычных удабрэнняў і пестыцыдаў. Выкладаецца спецкурс «Арганічнае земляробства», выдадзены   вучэбны дапаможнік. Напрамак гэты вельмі папулярны ў іншых краінах, павялічваецца колькасць яго прыхільнікаў і  ў Беларусі. У каледжы  гэта  навуковае хобі, падчас якога праводзіцца экалагічнае сортавыпрабаванне зерневых і кармавых  культур ва ўмовах мясцовага клімату. 
Дарэчы, даўно захапляецца тэмай дырэктар ЛДАКа Алена Абарава, зацікавіла ёй і сваіх калег, навучэнцаў. Выступала напрыканцы снежня на   IV міжнароднай канферэнцыі па развіцці арганічнай гаспадаркі на базе Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі ў Горках.  У лютым на канферэнцыю «Арганічная сельская гаспадарка – справа маладых» адправіцца сярод іншых і выпускнік каледжа Павел Есіс, які працуе ў вучэбна-біялагічнай гаспадарцы БарДУ, уваходзіць у склад  арганік-школы пры сталічным цэнтры экалагічных рашэнняў.  
Асобна пра цвёрдыя сарты пшаніцы, якія ідуць на вытворчасць макаронных вырабаў, мукі-крупчаткі і г.д.    Цвёрдая пшаніца ва ўмовах нашай краіны не вырошчваецца.    Загадчыца агранамічнага аддзялення Яўгенія Рытвінская расказвае, што ў ЛДАКу год назад пачалі даследаваць «паводзіны» ў мясцовых глебавых умовах яравой  цвёрдай  пшаніцы        сорту «разалія». Атрыманы нядрэнныя вынікі. Прыступяць і да вывучэння  нядаўна раяніраванага ў Беларусі сорту цвёрдай  азімай  пшаніцы. Да гэтага такія выпрабаванні праводзіліся на сартах пшаніцы замежнай селекцыі.  На гэтых культурах будуць  вывучаць  уздзеянне прэпарата аграмік, які стымулюе здольнасць  расліны  назапашваць азот – так  яна можа    абысціся малой дозай мінеральных удабрэнняў.  
Нясвіжская сортавыпрабавальная станцыя падзялілася  прыкладна  двума дзясяткамі  сартоў і гібрыдаў пшаніцы, якія яшчэ нераяніраваны, але вельмі перспектыўныя і знаходзяцца на выпрабаванні. Гэтай восенню насенне будзе высеяна  на доследным полі.
Яшчэ адзін  вытворчы  вопыт  датычыць выкарыстання кармавой дабаўкі  ў кармленні  буйной рагатай жывёлы.  Два гады ў вучэбнай гаспадарцы «Каменка» энзілакт,  які мае шэраг карысных уласцівасцяў,  дабаўляюць  у корм цялятам.  Вынікі самыя станоўчыя.
Дарэчы, навуковымі напрацоўкамі   і рэкамендацыямі  каляджан кіруюцца сельгаспрадпрыемствы не толькі нашага раёна.
У рэзалюцыі II з’езда вучоных Беларусі засяроджана ўвага на развіцці эфектыўных формаў кааперацыі навукі, вытворчасці і адукацыі, а таксама стварэнні галіновых і міжгаліновых даследчых лабараторый і цэнтраў, доследных вытворчасцяў. ЛДАКу ёсць чым пахваліцца ў гэтым напрамку.
Наталля ПЕРАПЕЧКА. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *