Сустрэча з вопытам

Зацікаўленая размова пра надзённае, па тое, што хвалюе, не проста заўвагі ці скаргі, а слушныя прапановы – у такім фармаце ў мінулы аўторак прайшла традыцыйная штогадовая сустрэча старшыні райвыканкама Вячаслава Сельмановіча з ветэранамі працы райвыканкама. У размове прыняў удзел і старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч.
Ва ўтульнай абстаноўцы за кубачкам чаю прыемна абмеркаваць важныя тэмы, як адзначыў Вячаслаў Лукіч, з саветам старэйшын. Нягледзячы на шаноўны ўзрост, актыўнасці ў нашых ветэранаў хапае, а іх бадзёрасці, жаданню не застацца ў баку ад жыцця можна толькі пазайздросціць.
Перад тым, як перайсці да абмену думкамі, ідэямі і меркаваннямі, кіраўнік раёна расказаў, чаго дасягнулі летась. Нагадаў, што стаіць за лічбавымі паказчыкамі ў аграрным сектары, якія задачы сёння прыярытэтныя ў сельскай гаспадарцы. Закранулі пытанні медыцынскага абслугоўвання насельніцтва, жыллёвыя, асаблівая ўвага – сацыяльнай падтрымцы людзей пажылога ўзросту.
Гаварылі пра запатрабаванасць дома сумеснага пражывання пажылых грамадзян і інвалідаў у Ганчарах. І хоць першапачаткова да падобнай ідэі многія паставіліся скептычна, успамінае Вячаслаў Сельмановіч, цяпер адзінокія землякі зусім не супраць стаць часовымі жыльцамі гэтага дома.
На сустрэчы ветэраны ўздымалі пытанні, якія хвалююць не толькі іх, але і многіх землякоў. Напрыклад, бяспекі дарожнага руху, у тым ліку ўладкавання пешаходных пераходаў у зручных для людзей месцах. (Пра недарэчнае размяшчэнне такога – насупраць былога будынка РАУС – пісала і раёнка).
Ветэраны расказалі, чым жывуць сёння. Вячаслаў Сельмановіч і Яўгеній Юрлевіч падзякавалі ім за нераўнадушнасць і заўсёдны актыўны ўдзел у жыцці раёна, пажадалі моцнага здароўя.
Маргарыта КУХТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *