І на абед, і на дэсерт

Галіна ЯКУБЕЦ,  дырэктар філіяла «Кааппрам» райпо:

– Ляхавіцкі хлеб – смачны! Пацверджана пакупніцкім попытам. Наша колішняя прапанова «Гарачы хлеб» стала ўжо добрай традыцыяй. І сёння, штодня ў пяць гарадскіх магазінаў у 16.30 прывозяць найсвяжэйшыя духмяныя «цаглінкі». Ідзе чалавек з работы дамоў, заходзіць у краму, чуе ні з чым непараўнальны водар і абавязкова робіць пакупку.
І кааппрамаўскія кандытарскія навінкі хутка знаходзяць сваіх прыхільнікаў, напрыклад, аўсянае пячэнне з разынкамі і шакаладам, 12 найменняў пірожных. З навінак адзначу булачкі «камея» па нашым фірменным рэцэпце, «камелія» з фруктовай і макавай начынкай. Вывучылі вопыт і попыт і прыйшлі да высновы: прыцягнуць увагу пакупнікоў можна не толькі таварам, але і ўпакоўкай. Расфасавалі мучныя салодкасці па каробках па 300, 800 грамаў, па кілаграме, і купляць іх сталі куды актыўней, чым пры продажы на вагу.
Мадэрнізацыя (капітальны рамонт цэхаў хлебапячэння і мясных паўфабрыкатаў, устаноўка новага абсталявання), пачатая некалькі гадоў назад, працягваецца. Набылі ўзбівальную і раскатачную машыны, што дазволіла не толькі павялічыць аб’ёмы выпускаемай прадукцыі, але і палепшыць яе якасць. Пачалі выпякаць бісквіты.
Нашу прадукцыю можна набыць ва ўсіх гандлёвых кропках райпо, у ляхавіцкіх магазінах «Верас», «Усходні», крамах «Еўраопта». Па вёсках яе развозяць і шэсць аўталавак. Хлебабулачныя вырабы кааппрама чаканыя ў школьных сталовых і дзіцячых садках. Белы фармавы хлеб пастаўляем у ляхавіцкую райбальніцу. З лютага пачнём адпраўляць хлеб і ў абласную бальніцу «Крывошын».
Даўні адрас нашага гандлю – Баранавічы: павільёны на цэнтральным і аляксееўскім рынках, некаторыя магазіны Белкаапсаюза і прыватныя. Сваіх пакупнікоў знайшла таксама прыкормка для рыбы, якой рэалізавалі больш за паўтары тоны.
Шчыльна займаецца кааппрам і нарыхтоўкамі. Мінулы сезон па праве можна паставіць сабе ў залік. Закуплялі агародніну, грыбы, ягады, фрукты не толькі ў нашым раёне, але і за яго межамі. Прадукцыя адразу паступала на прылаўкі магазінаў, добра ішоў гандаль і ў павільёне на рыначнай плошчы. На зіму дастаткова назапасілі вітаміннай прадукцыі, прадаём яе ў сваіх гандлёвых кропках і падумваем пра спецыялізаваную краму.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *