Па закону

Кожны год у судзе Ляхавіцкага раёна разглядаюцца сотні спраў – крымінальных, грамадзянскіх, адміністрацыйных. Па колькасці разглядаемых спраў Ляхавіцкі раённы суд займае 6-е месца сярод 18-ці судоў вобласці.
Карэспандэнт “ЛВ” запрасіў да размовы пра надзённыя праблемы і клопаты старшыню раённага суда Наталлю БУДНІК.

— Наталля Віктараўна, якім з пункту гледжання суддзі быў мінулы год?
— Статыстыка, на жаль, не суцяшальная: нашым судом разгледжана 191 крымінальная справа супраць 189 у годзе папярэднім.
Значна павялічылася колькасць крадзяжоў. Былі справы аб цяжкіх цялесных пашкоджаннях, у тым ліку і са смяротным зыходам. Кожнае шостае злачынства ўчынялася ў стане алкагольнага ап’янення, кожнае трэцяе – непрацуючымі. Насцярожвае той факт, што кожны другі пацярпелы – жанчына. Наогул, пацярпела 206 грамадзян, 6 – загінула.

— Якія асноўныя прычыны іх гібелі?
— Адна з самых распаўсюджаных – дарожна-транспартныя здарэнні, якія забралі жыцці трох чалавек, у двух выпадках – забойства, адзін чалавек памёр ад цяжкіх цялесных пашкоджанняў.
Па-ранейшаму застаецца вельмі значнай удзельная вага злачынстваў і адміністрацыйных правапарушэнняў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення. Колькасць апошніх за мінулы год узрасла. І, што засмучае, гэтая заганная з’ява нашага грамадства вельмі жывучая. Летась суд даў ацэнку 81 факту самагонаварэння, 15 фактам незаконнага захоўвання і рэалізацыі спіртных напіткаў. А колькі яшчэ існуе такіх “падпольных” вытворчасцей. Людзі, якія співаюцца, становяцца абыякавымі не толькі да ўсяго, што адбываецца навокал, але і да сябе, і да сваіх дзяцей, лёгка ідуць на ўсялякага роду злачынствы, каб толькі здабыць спіртное. Летась 16 грамадзян былі накіраваны на прымусовае лячэнне ў ЛПП. Барацьба з алкагалізмам стала клопатам многіх службаў. Але як канчаткова перамагчы гэтае зло – адказ пакуль так і не знойдзены.

— Самае балючае, што ад п’янства бацькоў пакутуюць дзеці. Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неўладкаваных сем’ях” прадугледжвае шэраг мер для абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей у такіх сем’ях. Адна з іх – кампенсацыя гора-бацькамі сродкаў, затрачаных дзяржавай на выхаванне іх дзяцей. Колькі такіх бацькоў у полі зроку суда?
— На жаль, адзначаецца рост колькасці грамадзян, з якіх у судовым парадку спаганяецца запазычанасць дзяржаве за выхаванне іх дзяцей (было 97 чалавек, а на пачатак 2012 года ўжо 121). Усе гэтыя людзі павінны працаваць і вяртаць дзяржаве даўгі. Аднак, можна сказаць, які кантынгент, такая і праца: большасць з іх ходзіць на работу пад прымусам, часта прагульвае, паколькі праца нізкакваліфікаваная, то і заробкі малыя. Расце доўг многіх бацькоў яшчэ і таму, што дзяржава выхоўвае па некалькі дзяцей з адной сям’і. У выніку, запазычанасць так званых абавязаных асоб: перад дзяржавай складае 2 мільярды 14 мільёнаў 526 тысяч рублёў, спагнана менш за палову – 821 мільён 167 тысяч рублёў. За мінулы год разгледжана 18 спраў аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў, і ва ўсіх выпадках аказалася, што гэтым людзям не патрэбныя іх дзеці. Прычым, некаторыя пазбаўлены бацькоўскіх правоў паўторна.

— Які далейшы лёс гэтых рабят, дзе яны выхоўваюцца?
— З 18-ці дзяцей некага забралі сваякі, аформілі апякунства. Некаторыя засталіся з маці, бо пазбаўлялі правоў бацьку: працэдура выконвалася дзеля будучыні дзяцей, каб у іх сталым узросце біялагічны бацька не змог прад’явіць патрабаванняў па доглядзе за ім ці грашовых выплатах. Астатнія выхоўваюцца ў дамах сямейнага тыпу, якія ўжо некалькі гадоў дзейнічаюць у райцэнтры.

— Акрамя згаданых, якія яшчэ справы давялося разглядаць у судзе летась?
— На разгляд паступіла многа грамадзянскіх спраў – 1074, з якіх летась разгледжана 996. Сярод іх 195 спраў аб скасаванні шлюбаў. Здаецца, шчасце све-ціцца ў вачах маладых людзей на вяселлях, а праходзіць некаторы час і высвятляецца, што гэта не тая “палавінка”, якую шукаў ці шукала. Дзеляць маёмасць, жыллё. Практычна кожны дзень разглядаюцца такія грамадзянскія справы.
Частка спраў датычыць абароны правоў спажыўцоў: напрыклад, прэтэнзіі паступаюць у адрас прыватных фірмаў з Баранавіч: аформілі дагаворы, узялі грошы, а работу не выканалі. Даводзіцца разглядаць шмат адміністрацыйных спраў, у асноўным гэта сямейныя сваркі. Дарэчы, чамусьці іх найбольш паступае з Востраўскага і Ганча-роўскага сельсаветаў, з Ляхавіч. А крадуць часцей за ўсё ў Конькаўскім сельсавеце.
У судзе разгледжана 9455 выканаўчых вытворчасцяў іншых органаў (у асноўным гэта адміністрацыйныя штрафы, накла-дзеныя РАУС, РАНС і г. д.). Акрамя таго, суд Ляхавіцкага раёна разглядае некаторыя справы з Ганцавіцкага і Баранавіцкага раёнаў.

— Зразумела, што кожны грамадзянін можа звярнуцца ў суд, калі ёсць на гэта прычына. Але іншы раз бывае, што скаргі неабгрунтаваныя, а чалавек працягвае іх “страчыць”. Ці ёсць управа на такіх “пісакаў”?
— Бываюць такія выпадкі, і часта. Калі грамадзянін злоўжывае сваімі правамі і скаргі яго неабгрунтаваныя, то, згодна Закона “Аб зваротах грамадзян”, з ім спыняецца перапіска.

— Ці займаецца суд прафілактычнай работай?
— Безумоўна. Прафілактыка правапарушэнняў – адзін з асноўных напрамкаў работы таксама і судовых органаў. Прычым, практыка паказала, што найбольш дзейснымі з’яўляюцца выязныя судовыя пасяджэнні ў калектывах, асобных вёсках. На такія суды запрашаюцца ўсе жадаючыя. У мінулым годзе мы пабывалі ў Начаўскім, Востраўскім, Падлескім сельсаветах.
Як адна з мер прафілактыкі – сустрэчы ў працоўных калектывах, гутаркі, кампетэнтныя адказы на многія пытанні, якія цікавяць людзей. Летась работнікі суда Ляхавіцкага раёна арганізавалі 34 такія сустрэчы.

— У жыцці бываюць розныя сітуацыі. Часам чалавек не можа самастойна знайсці правільнае іх рашэнне. Калі можна трапіць на прыём да старшыні суда Ляхавіцкага раёна?
— Кожную сераду я вяду прыём грамадзян па асабістых пытаннях. Кожны чацвер – прыёмны дзень суддзі, а ў аўторак можна ўзгадніць свае пытанні са старшым судовым выканаўцам. Да таго ж, кожную суботу з 9 да 13 гадзін у судзе таксама арганізаваны прыём грамадзян.

Гутарыла Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *