Эканаміст з душою мастака

Нягледзячы на ўзрост, невялікі працоўны стаж і статус маладога спецыяліста, нядаўняя выпускніца Баранавіцкагадзяржаўнага ўніверсітэта Ганна Дунчык займае  адказную пасаду. Яна — галоўны  эканаміст СВК «Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычнік».  «І хоць на гэтай пасадзе Ганна зусім нядаўна — (яе працоўны стаж пачаўся   з 12 ліпеня 2011 года), яна паспела зарэкамендаваць сябе як ініцыятыўны, мэтанакіраваны і адказны спецыяліст», — гаворыць намеснік старшыні СВК па ідэалагічнай работе Аляксандр Вітко.

— Цяжкасці ў рабоце былі і ёсць, асабліва напачатку. І ў гэтым няма нічога дзіўнага, бо па размеркаванні ў гаспадарку прыехала, лічыце, са студэнцкай парты — закончыла  факультэт бухгалтарскага ўліку, аналізу і аўдыту ў аграпрамысловым комплексе. Канешне, многае значаць веды, атрыманыя падчас вучобы і вытворчай практыкі. Але самастойная работа, калі толькі ад цябе залежыць, наколькі правільна і дакладна яна выканана, — гэта зусім іншая справа, куды больш важная і складаная, — разважае Ганна Дунчык.

Малады спецыяліст  не адкладваючы на потым пытанні і праблемы, хутка пачала ўнікаць у кола сваіх абавязкаў. Не саромелася звяртацца за дапамогай да больш вопытных калег. Чытала шмат спецыяльнай літаратуры, з навінкамі і асаблівасцямі прафесіі  знаёмілася і ў інтэрнэце. Дзень за днём знікала ўнутраная няўпэўненасць, якую перамаглі вера ў свае  сілы, магчымасці.

Пакуль Ганна жыве на здымнай кватэры (арэнду якой аплачвае гаспадарка), але спадзяецца, што хутка атрымае і ўласнае жыллё.

— Вось адаптуюся  ў якасці эканаміста і абавязкова буду атрымліваць другую вышэйшую адукацыю, хутчэй за ўсё — юрыдычную, — дзеліцца планамі дзяўчына.

Дарэчы,  з выбарам прафесіі яна вызначылася даўно.

— Мая бабуля калісьці працавала бухгалтарам. І добрая знаёмая нашай сям’і таксама была бухгалтарам. Яна — вельмі цікавы чалавек і з захапленнем расказвала пра прафесію. І я яшчэ ў дзяцінстве вырашыла, што калі вырасту, пайду вучыцца на бухгалтара. Таму пасля заканчэння школы сумненняў у выбары будучай прафесіі не было, — успамінае Ганна.

Дапамагаюць ёй па жыцці актыўнасць і неабыякавасць. Яна любіць быць у гушчыні падзей, таму з задавальненнем і энтузіязмам займаецца грамадскімі справамі.

— Ва ўніверсітэце амаль да кожнага свята ўдзельнічала ў выпуску насценгазеты, у валанцёрскім руху па лініі Чырвонага Крыжа.  Напрыклад, напярэдадні навагодніх і калядных свят  у баранавіцкім універмагу «Радуга» збіралі ахвяраванні  для дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі, а потым куплялі на гэтыя грошы падарункі для іх. Трэба было бачыць, якой радасцю свяціліся вочы дзетак, калі яны трымалі ў маленькіх ручках новыя цацкі і салодкія пачастункі. Гэта дарагога варта, — гаворыць Ганна.

З першых дзён работы ў гаспадарцы Ганна Дунчык таксама адразу акунулася і ў грамадскую работу — узначаліла пярвічку БРСМ сельгаскааператыва, знайшла агульную мову з маладымі  аднавяскоўцамі. Разам у адной камандзе яны актыўна ўдзельнічалі ў спартландыі, дзе сапернікам была каманда старшакласнікаў Конькаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы.

Спраў у маладзёжнага лідара шмат. Але  маладосць, азарт, імкненне да самаўдасканалення, цікаўнасць дапамагаюць не стамляцца, і ў Ганны Дунчык на ўсё хапае сіл. А яшчэ дзяўчына прыгожа малюе. У малюнках раскрываецца рамантычнасць характару. І калі малюе Ганна пакуль толькі для сябе (крыху саромеецца паказваць работы іншым), то розныя рэчы, вязаныя кручком у дзяўчыны не залежваюцца, разыходзяцца ў якасці падарункаў: прыгожа, эксклюзіўна, эстэтычна і з густам.

Свет захапленняў Ганны наогул вельмі разнастайны. Яна  любіць слухаць класічную музыку ў сучаснай аранжыроўцы. Не забывае і пра літаратуру, тут перавагу аддае  дэтэктывам. Ганна, як і большасць яе равеснікаў, на ты з камп’ютарам, што дапамагае і ў рабоце, і ў адпачынку.  І яшчэ Ганна Дунчык цвёрда пераканана, што наперадзе яе чакае шмат новага і цікавага, дакладней, самае цікавае.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *