Як пацяплее – на лыжы

Дождж і снегапад,  плюсавая тэмпература і моцныя маразы,  сухі асфальт і галалёдзіца — такое супрацьлеглаенадвор’е падарыла нам гэтая зіма. Аднак, нягледзячы ні на што, ёсць у яе і свае вялікія плюсы.  Сярод іх  — лыжы, санкі, хакей і снежкі.  Добра тым, хто мае свой  зімовы інвентар, які трэба толькі дастаць са схованкі.  А што рабіць тым, у каго няма лыжаў, канькоў, клюшкі і нават шайбы?

Можна купіць. Тым больш, што ў магазіне «Тэхніка» ў райцэнтры ёсць у продажы лыжы рознай вышыні коштам крыху больш за 200 тысяч рублёў. Дарэчы, тут пры жаданні інвентар можна купіць і ў растэрміноўку.

Ёсць і іншы варыянт. Як вядома, у Ляхавіцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе працуе нямала секцый. Гэты цэнтр здаровага ладу жыцця прапануе моладзі заняткі ў секцыях (па дзюдо, лёгкай атлетыцы, футболе і гандболе), на платнай аснове пры жаданні можна пазаймацца на трэнажорах, пагуляць у настольны тэніс, більярд ці папарыцца ў саўне.

Як толькі ўсталявалася снежнае, спрыяльнае для зімовых відаў спорту надвор’е, то  надзвычай  папулярным стаў пракат лыжаў. Кошт невялікі: за гадзіну карыстання інвентаром трэба заплаціць 2 тысячы рублёў. Калі лыжы арандуюцца на суткі, то тады каштуюць 10 тысяч рублёў. У выдаваемы камплект уваходзяць непасрэдна самі лыжы, палкі да іх і  чаравікі.  Выбраць можна на любы густ і памер.  Як расказалі ў ДЮСШ, жадаючых пакатацца  на лыжах нямала, а ў першыя снежныя дні нават і чарга была сярод аматараў здаровага ладу жыцця. За лыжамі прыходзілі і школьнікі, і моладзь, і больш сталыя людзі. Тым больш, што апошнія дзён 10 на канікулы дамоў прыехалі і студэнты, якія не прамінулі скарыстацца магчымасцю  пакатацца на лыжах. Яшчэ адзін плюс на карысць заняткаў гэтым відам спорту — тое, што амаль да Каменкі пракладзена лыжная траса, ёсць лыжня і вакол стадыёна «Колас». Адна справа катацца па самаробнай трасе ці замерзлай рэчцы, зусім іншае — на прафесійна пракладзенай лыжні ці катку.

Спецыяльна для тых, каму зіма без катання на каньках — не зіма, каля спартшколы заліты каток. Праўда,  канькі трэба браць свае, напракат іх у горадзе нідзе не возьмеш.

Для маладых і ініцыятыўных, якія любяць актыўны адпачынак, адлегласць не перашкода. Ёсць і такія сярод нашых землякоў, хто ездзіць адпачываць і займацца спортам у іншыя гарады ці турыс-тычныя комплексы. Так, на выхадныя пры жаданні можна без праблем, нават цэлай кампаніяй, з’ездзіць у  Баранавіцкі лядовы палацгарналыжны цэнтр, што ў Сілічах (тут прапаноўваюць і начныя катанні на лыжах, якія вельмі папулярны сярод моладзі) і інш.

На жаль, не ўсе юнакі і дзяўчаты  імкнуцца да заняткаў спортам. Чаму?  Многія лянуюцца, некаторыя проста шкадуюць грошай на заняткі ў трэнажорнай зале. Некаторыя і наогул выбіраюць супрацьлеглы «адпачынак»  — з цыгарэтай ці бутэлькай піва. Што ў такі мароз, як на гэтым тыдні, можа прывесці да сумнага, а то і трагічнага фіналу. Усё ж лепш і карысней адправіцца за здароўем на лыжах.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *