Рамашкі

Чаму так называецца гэтая вёсачка, размешчаная прыкладна ў чатырох кіламетрах ад Падлесся, ніхто не ведае. Хіба што, як тут мяркуюць, навокал паселішча заўсёды быў рамонкавы луг, і мясцовыя дзяўчаты плялі з гэтых мілых кветак вянкі, якімі любілі сябе ўпрыгожваць. Адсюль і назва. Толькі шкада, што Рамашкі могуць хутка знікнуць з карты раёна. Сёння там пражывае ўсяго 12 састарэлых вяскоўцаў.

Зімой вельмі лёгка вызначыць, у якой хаце ёсць людзі, а якая пустуе. Марозным ціхім днём белыя слупы дыму з каміноў дастаюць аж да неба: паляцца печкі. А яшчэ – па слядах.  Ад веснічкаў і да ганка хаты Марыі Шапель пратаптана  і нават пасыпана попелам  сцежачка: на той выпадак, каб рэдкі госць, які, магчыма, завітае ў хату, не паслізнуўся часам. А вось і гаспадыня ўжо стаіць на ганку, пільна ўглядаецца ў твары незнаёмых ёй людзей, запрашае ўвайсці, маўляў, мароз на двары. Бабуля Марыя яшчэ вельмі рухавая, хоць, як прызнаецца, ёй ужо за 80 гадоў. “Каб не сумаваць”, гадуе курэй і індыкоў, паліць печ, гатуе абед і сёння якраз асаблівы: унучка-студэнтка прыехала праведаць бабулю. Госця яшчэ спіць пад цёплай  коўдрай, а бабулька шчыруе ля прыпека, пачастункі гатуе. А заадно расказвае пра вёску і вяскоўцаў:

—   Некалі весела ў нас было, людзей многа пражывала. Што ні двор – маладыя калгаснікі: даяркі, паляводы, механізатары. Усе дзяцей гадавалі, вучылі, а пасля замуж аддавалі дачок, жанілі сыноў. Я таксама дзвюх дзяўчат нарадзіла, не заўважыла, як выраслі, пайшлі замуж. Адна жыве ў Падлессі, другая – у Ляхавічах. Траіх унукаў маю: разумныя, прыгожыя – самы малодшы ў войску служыць, адзін у Падлессі шафёрам працуе, яшчэ адзін у Канюхах– ветэрынарам. На лёс не скарджуся, бо да мяне едуць і дзеці, і ўнукі, шануюць бабулю, да сябе клічуць век дажываць. А я не іду: у сваёй роднай хатцы найлепш… Праўда, усё менш застаецца нашых вяскоўцаў. Хто выехаў, хто памёр, і зімуе нас сёлета 12 чалавек у 8 хатах… Сумна ісці па вуліцы: і тут хата пустуе, і гэтая, і ў тую толькі на лета дзеці прыязджаюць…

Маналог бабулі Марыі, напэўна, працягваўся б, але, выглянуўшы ў акно, яна паведаміла, што хутка ў вёску прыедзе аўталаўка з прадуктамі і трэба збірацца: некаторыя суседзі павыходзілі ўжо яе сустракаць.

Два разы на тыдзень – у аўторак і пятніцу – прыкладна ў 11 гадзін у Рамашкі прыязджае райпоўскі аўтамагазін. І гэта сапраўды падзея для тутэйшых насельнікаў. Усе, хто яшчэ на сваіх нагах, выходзяць на вуліцу, ідуць да ўзгодненага месца прыпынку. Калі надвор’е дазваляе, то і затрымаюцца крыху, абмяняюцца навінамі, запытаюць адзін у аднаго пра здароўе. На гэты раз выйшлі 6 чалавек.

— Ужо Леначка наша едзе, вязе нам прадукты, – як добра знаёмую і жаданую госцю сустрэлі вяскоўцы прадаўца аўтамагазіна Алену Макаед. Яна тут жа выставіла цэннікі на прадукты, і пачаўся гандаль. Малако, тварог, масла, вяршкі, кефір – усё свежае, некалькі сартоў хлебабулачных вырабаў, крупы, макароны, цукар, алей, розныя ласункі, каўбасныя вырабы, селядцы. На гэты раз з задавальненнем куплялі курыную каўбасу, хвалілі.

— Прадукты, якія прывозяць да нас, свежыя, смачны хлеб, – расхвальваюць бабулькі. – І вельмі прыветная і добрая дзяўчына гандлюе: калі чаго няма, можна папрасіць, абавязкова даставіць у наступны раз.

Нягледзячы на мароз, які настырна хапаў за шчокі, халадзіў рукі і ногі, бабулькам хацелася паразмаўляць. Груня Саўкарасказала, як 40 гадоў працавала даяркай, хадзіла ў перадавіках, павагу мела і ад кіраўніцтва тагачаснага калгаса імя Леніна, і ад вяскоўцаў. Яе ўспаміны прадоўжыла Марыя Блахіна:

— А я працавала паштальёнам і 30 гадоў разносіла па навакольных вёсках раённую газету “Будаўнік камунізму”. Вы-пісвалі раёнку ў кожнай хаце. Мы вельмі любілі яе чытаць: прый-дзе свежы нумар, а мы шукаем, дзе там артыкулы Аляксея Петуха, які быў родам з Падлесся, з задавальненнем чыталі ўсё, што пісала Святлана Фокіна, вельмі трапныя фельетоны Вікенція Шталя, ён тады быў рэдактарам газеты. Я і сёння выпісваю раённую газету “Ляхавіцкі веснік” і ўжо шукаю артыкулы новых аўтараў, якіх палюбіла.

Ніна Масцілоўская імкнулася нас пераканаць, што лепшага месца, чым вёска Рамашкі, няма на зямлі. Тут прыгожа, добра, таму і ў многіх людзей доўгі век. Яна расказала, што Васілій і Глафіра Саўкі жывуць у пары ўжо 54 гады, больш як паўстагоддзя разам Генадзій і Фаіна Шапялі. Ва ўсіх вяскоўцаў багатая працоўная біяграфія, уладкаваныя ў жыцці дзеці, дарослыя ўнукі, праўнукі.

— Хоць нас і мала засталося ў вёсцы, – працягвае Ніна Масцілоўская, – але мы не забытыя. Пра здароўе наша клапоцяцца медыкі Падлескай урачэбнай амбулаторыі. Усіх, хто пажадаў, забяспечылі тэлефоннай сувяззю. Дзякуючы сельвыканкаму, на зіму назапасілі ў дастатку дроў і торфу. А яшчэ ў сельвыканкаме клапоцяцца, каб была да нас расчышчана дарога, пытаюцца, ці хапае хлеба. Дзякуй і СВК “Жарабковічы”, які забяспечыў нашы гаспадаркі зернем, саломай. Перазімуем, ужо вясна недалёка: вунь як прыграе сонейка!..

У вёсачцы з прыгожай назвай Рамашкі людзі не губляюць аптымізму.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *