Рэжым – санітарны

Віталій ЦІХАНАЎ,  галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна:

– Галоўная задача раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі – захаванне і ўмацаванне здароўя землякоў, забеспячэнне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва. Немалаважная акалічнасць – умовы, у якіх мы жывём, атрымліваем адукацыю (ад дзіцячага садка да сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў), працуем, сярод іх – і стан навакольнага асяроддзя.
Пад пільным наглядам санслужбы – усе аб’екты горада і раёна. Чысціня вады, што цячэ дома з крана, стан рэк і вадаёмаў, якасць прадукцыі, якую прапаноўваюць ляхавічанам шматлікія гандлёвыя кропкі, і страў, якія падаюць у кафэ і рэстаранах, – далёка не ўсё, што знаходзіцца ў зоне адказнасці і кантролю работнікаў райЦГіЭ.
Дарэчы, летась праверылі 215 аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання. Больш за 245 кілаграмаў прадукцыі знята з рэалізацыі з-за сышоўшага тэрміну годнасці, адсутнасці дакументаў, што пацвярджаюць якасць і бяспеку прадуктаў. Трэба заўважыць што ў параўнанні з папярэднім годам «праблемных» кілаграмаў, як і адрасоў, становіцца менш.
Летні сезон для санітарнай службы і ў прамым, і ў пераносным сэнсе гарачы. Градусы з адзнакай плюс даюць нагоду для павышанай увагі супрацоўнікаў райЦГіЭ: у гэты перыяд часцей за ўсё парушаюцца ўмовы захоўвання скорапсавальных прадуктаў, якія могуць стаць прычынай захворванняў людзей. У бахчавы сезон з прафілактычнымі рэйдамі наведваем месцы продажу кавуноў і дынь – правяраем, каб усё адпавядала патрабаванням санітарных нормаў і правілаў.
Яшчэ адзін накірунак нашай работы – кантроль за ўмовамі знаходжання навучэнцаў ва ўстановах адукацыі. А гэта патрабаванні да асвятлення, правільнай расстаноўкі партаў, вучэбнай нагрузкі на працягу тыдня, харчавання і шмат іншых дэталяў.
Між іншым, па даных СААЗ, здароўе чалавека на 50 працэнтаў залежыць ад ладу жыцця. Фарміруючы яго, мы ўмацоўваем арганізм, надзяляем яго надзейнай аховай ад вірусаў і інфекцый. Санітарная служба ў гэтым накірунку працуе самым актыўным чынам: выступае ў працоўных калектывах, установах адукацыі, выдае інфармацыйныя буклеты.
Работу цэнтра прадстаўляюць аддзелы эпідэміялогіі, гігіены і мікрабіялагічная лабараторыя – гэта 33 нераўнадушных супрацоўнікаў, у прафесіяналізме якіх я ўпэўнены. Прыемна, што летась калектыў райЦГіЭ папоўніўся трыма маладымі спецыялістамі. Лічу, вопыт старэйшых калег і наватарства маладых – трывалы тандэм у дасягненні поспеху.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *