З ненапісанага дзённіка, ці Напярэдадні аднаго юбілею. Не толькі асабістае

Праўленне і спецыялісты калгаса. (П. Бычкоў у першым радзе справа).  На табліцах паказчыкі на 1960 год.

Пасля таго, як не стала мамы, прайшло колькі часу і больш адкладваць гэта было нельга: я пачала разбіраць яе асабістую паліцу ў шафе – тое, што заўсёды было недатыкальным. Сярод дарагіх мамінаму сэрцу асабістых рэчаў і рэліквій перавязаны стужкаю таўшчэзны пакет. Пад цэлафанам лісток паперы: «Дзеці, калі мяне не стане, спаліце. Гэта ўжо нікому не патрэбна».
Стос аказаўся татавымі лістамі да мамы і яе адказамі, значная частка якіх напісана да майго нараджэння. Я чытала і нібы чула іх галасы… Яны расказвалі пра маладых сябе і пра той адрас, які геаграфічна, гістарычна, біяграфічна называўся калгасам з цэнтральнай сядзібай у вёсцы Жарабковічы.

На шыльдзе надпіс: «Радзільны дом к-са імя Сталіна». У цэнтры П. Бычкоў, побач М. Такарчык і А. Булат.

…Малады, поўны сіл франтавік (у армію пайшоў у 1940-м, дэмабілізаваўся ў чэрвені 1946-га) Пётр Бычкоў вярнуўся ў цывільнае жыццё малодшым лейтэнантам. На вайне быў начальнікам пражэктарнай станцыі 465-га  асобнага батальёна аэрадромнага абслугоўвання 3-га Украінскага фронту, потым камсоргам штурмавога палка. Яго гімнасцёрку ўпрыгожвалі пяць медалёў, сярод якіх «За баявыя заслугі», «За абарону Каўказа», «За ўзяцце Будапешта», «За ўзяцце Вены».
Хаця радзімай таты была Віцебшчына (вёска Кавалі тады Мехаўскага раёна), пасля дэмабілізацыі прыехаў на Ляхавіччыну, куды перасялілася ягоная сям’я: маці, два браты і чатыры сястры. Бацька не вярнуўся з фронту, мама памерла ўжо тут.

Такімі Пятра і Людмілу Бычковых  памятаюць старажылы гаспадаркі.

Мірныя падзеі развіваліся імкліва. Праз чатыры месяцы пасля дэмабілізацыі ажаніўся з «усходніцай» Люсяй Саломінай (так называлі яе таму, што родам з Браншчыны). На Пакровы ў 46-м гэта адбылося. Былі і тры гады, калі бацька загадваў аддзелам сельскай гаспадаркі Ляхавіцкага райкама партыі. У маі 1952-га пачалася самая працяглая дыстанцыя ў яго зусім непрацяглым жыццёвым марафоне – узбуйнены калгас імя Сталіна (потым перайменаваны ў «Беларусь», сёння – ААТ «Жарабковічы»), дзе Панкратавіч (так да яго звярталіся і старыя, і маладыя вяскоўцы) быў старшынёй. Пайшоў узнімаць калектыўную гаспадарку па ўласным жаданні ў ліку 20-тысячнікаў. Са сваіх сарака шасці трэцюю частку намагаўся, шчыраваў на жарабковіцкай зямлі.
У маёй памяці карціны даўнія, але ад гэтага не менш выразныя, твары многіх людзей, урыўкі размоў, эпізоды з колішняга сюжэта, назва якога – «Мае Жарабковічы». Жарабковічы, якія набіралі сілу, пачыналі ўзыходжанне да паспяховасці. Жарабковічы, дзе тата і мама былі маладымі і прыгожымі, а мы з братам доўгачаканымі і шчаслівымі дзецьмі вельмі любячых бацькоў і бабулю Олю сваю лічылі зусім старэнькай у яе шэсцьдзясят.
…Доўгай-доўгай уяўлялася цэнтральная вуліца вёскі. Ад старога будынка школы, якім яна пачыналася, да магазіна, што знаходзіўся на другім яе канцы, адлегласць здавалася надзвычай вялікай. Спачатку мы жылі ў хаце пад адным дахам з паштовым аддзяленнем. Кантора была насупраць. Толькі тата ў канторы знаходзіўся рэдка – то на палях ён, то на фермах, то ў раён выклікалі, то ў вобласць. Дзіцячага садка ў вясковай прыродзе не існавала. Затое можна было абысці дом і зайсці да цёткі Олі (так звалі галоўную вясковую паштарку). Гэта строгая жанчына здавалася чараўніцай, а галоўным цудам для мяне было назіраць, як яна прыціскала пячаткай расплаўлены сургуч на тоўстым-тоўстым канверце і атрымліваўся «шакаладны» кружок.
Яшчэ большым чарадзеем уяўляўся ўсемагутны загадчык сельмага дзядзька Хведар. Ён мог узважыць зефірак ці халвы, але для гэтага трэба было здаць у сельпо некалькі яек. Лішніх яек не было, таму часта даводзілася аблізвацца і марыць: падрасту і стану за прылавак сама.
Незабыты напал дзіцячай радасці ад таго, што ўдалося ўпотай сарваць гронку зялёных парэчак і «навітамініцца» да болю ў жываце і шчыра не разумець, чаму дарослыя не ласуюцца самі і іншым не дазваляюць… А якой захапляльнай уяўлялася кожная сустрэча з калгасным садам, дзе тата і садоўнік дзядзька Мірон то планавалі месца для новых пасадак, то абразалі дрэвы, то ішлі на ўскраек, дзе знайшоўся куточак  для парніка з раннімі агурочкамі. Той пах лета, той непаўторны смак…
Дзверы ў наш  дом закрытымі ніколі не былі. Да Панкратавіча ішлі і ішлі калгаснікі: вырашыць нейкае пытанне, проста пагаварыць ці вечарам «на тэлевізар». У 1961 годзе мы пераехалі ў новы цагляны дом. У двары тата пасадзіў лістоўніцу, пад кухонным акном – аронію. У агародчыку ўлетку цвіло ўсё, што на той час можна было пасадзіць на клумбы, а на градках, як і належыць, раслі бульба, гарбузы, буракі. У канцы сядзібы стаялі некалькі вулляў. Пішу гэтыя радкі і разумею, наколькі ж дарагія, «прыхаваныя» ва ўспамінах мае Жарабковічы…
Праз дарогу стаяў дом Тарандаў: дзядзька Міша быў калгасным шафёрам, яго жонка – настаўніцай (дарэчы, потым ёй было прысвоена званне Заслужанай), таму звалі яе ўсе Аленай Іванаўнай. Часта да нас прыходзіла загадчыца фермы, калгасная актывістка і, калі не памыляюся, дэпутат Вярхоўнага Савета Надзея Рамановіч. Дарэчы, на ферму бацькі адпраўлялі мяне на летніх канікулах з гадоў адзінаццаці – вучыцца даіць кароў. Аргумент гучаў рытарычным пытаннем: як гэта дачка старшыні, ды яшчэ Бычкова, да каровы падысці не ўмее?
Памятаю час, калі ў вёсцы вечарам адключалі электрычнасць. Спачатку святло папераджальна міргала, а потым праз пару хвілін гасла канчаткова – да раніцы. І ўсе радаваліся, калі пабудавалі падстанцыю і начныя лямпы, якія запраўлялі газай, трымаліся цяпер на ўсялякі аварыйны выпадак.
Наогул, калгасных перамен не заўважыць было немагчыма. Трымаю пажаўцелы ліст паперы – з характарыстыкай «на члена КПСС Бычкова Пятра Панкратавіча», датаванай 20 жніўня 1957 года: «На пасту старшыні праявіў сябе добрасумленным, прынцыповым таварышам. Удзяляе шмат увагі развіццю грамадскай гаспадаркі калгаса. Толькі за здадзеную льнопрадукцыю ў 1955 годзе калгас атрымаў 1,5 мільёна рублёў». Праз год у характарыстыцы з’явіліся такія радкі: «За дасягнутыя калгасам поспехі ў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў 1957 годзе Бычкоў П. П. узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны».

Ордэн «Знак Пашаны» бацьку ўручыў другі сакратар ЦК КПБ Ц. Кісялёў. 1958 г.

Польская дэлегацыя  гасцявала ў калгасе.

Удзел у ВДНГ у Маскве для гаспадаркі і яе старшыні быў традыцыяй, прычым, часта – медальнай, пра што гавораць самі медалі і пасведчанні на іх.
Усё жыццё баюся навальніцы, гэты страх з дзяцінства. Калі пачыналася нянасце, тата спяшаўся то на ферму, то на мехдвор, а мама ў просціны і коўдры звязвала адзенне і нейкія рэчы. Такая завядзёнка была і ў іншых хатах. Яна з’явілася пасля вялікага пажару, што ад маланкі здарыўся ці то ў Зарытаве, ці то ў Астрэйках альбо Яцкаўшчыне, дакладна не скажу. Памятаю толькі, што тата расказваў, як з агню ратавалі і людзей, і маёмасць, і жывёлу свойскую.
Наша вёска была вялікай і вельмі спагадлівай. Калі ўзводзілі сельскі Дом культуры, здарылася трагедыя. Хлапчукі гулялі на будоўлі і дабраліся да ёмістасці з карбідам… Загінуў хлопчык Валодзя. Страшны дзень яго пахавання, здаецца, памятаю да драбніц. І тое сонца, што сляпіла вочы, і жах у сэрцы, і многа-многа людзей на вуліцы…
У вёсцы былі выдатныя медыкі, якія адгукаліся на просьбу аб дапамозе кругласутачна: медсястра цётка Шура (прозвішча не памятаю), акушэрка Алена (Гэля) Булат і легендарны загадчык ФАПа Такарчык Мікалай Паўлавіч.
У любы час сутак можна было звяртацца і да ўчастковага Палешчука. Калі б тады складалі рэйтынгі папулярнасці і аўтарытэтнасці, то, мусіць, у гэтага чалавека ён бы зашкальваў.
У 1960-м годзе мама доўга ляжала ў маскоўскім інстытуце нейрахірургіі, тата пісаў ёй амаль штодня. І не толькі пра свае пачуцці, і не толькі пра веру ў добры зыход лячэння, але і пра бясконцыя штодзённыя клопаты: «14 кастрычніка 60 г. 23.00. 20 мінут як я з’явіўся дадому. Быў у Ганцавічах па гаспадарчых справах. Учора ў калгасе быў другі сакратар абкама Багроў з Залесскім. Гаспадарка спадабалася. Залесскі сказаў Багрову, што Бычкову на 60-ты год у Брэсцкай вобласці канкурэнтаў няма… Багроў заўваг не рабіў, сказаў дакупіць кароў.
…Надвор’е добрае. Прайшоў толькі чатыры дні назад ноччу моцны дождж. Такі, што вады стала колькі ў веснавую паводку. Паміж Жарабковічамі і Гулічамі сінява. Як мора. У гаспадарцы з 360 га бульбы засталося 40 – гэта на 3 дні. І дзён на 5 буракоў. За дзён 5 заканчваю і кароўнік».

Калегі, сябры, паплечнікі (Бычкоў у першым радзе справа).

Урачыстае шэсце ў калгасе «Беларусь» (П. Бычкоў – злева).

Старонка запісной кніжкі старшыні.

Калгас імя Сталіна перайменавалі ў «Беларусь». Калгасу гэта пайшло на карысць. Але дагэтуль ён ужо мацнеў, станавіўся трывала на ногі. У запісной кніжцы таты, якую сёння трымаю ў руках, нататкі тых часоў. Напрыклад, 18 сакавіка 1960 г.  запіс парадку дня сходу: «1. Аб рабоце СДК. 2. Аб гатоўнасці да сяўбы. Брыгадзір Кухарчык зрабіў справаздачу, што насенне гатова, інвентар таксама». Далей пералік таго, што трэба закупіць для коней, на той час яшчэ былі вельмі запатрабаванай сілай: колаў – 80 шт., вожжаў – 30, уздзечак – 30, осей – 20. На наступнай старонцы: цельных цялушак у Гулічах 30, у Жарабковічах 35, Канюхах 10, Зарытаве 8…
Старонка за старонкай: што зроблена за паўгоддзе, дзе ўбраць сена, дзе неапрацаваны лён, прозвішчы даярак, якія надойваюць у дзень па 16 кілаграмаў малака ад каровы, колькі здалі мяса, малака, яек, нататкі з раённага сходу, параметры на 1961 год…
Але, як кажуць, не хлебам адзіным. На спеўкі часта збіраліся ў СДК удзельнікі тутэйшага хору. Выступалі ўсе як адзін у вышыванках. Бычкоў – у ліку харыстаў: як жа без старшыні (хаця, прызнаюся, тата не вызначаўся музычным слыхам).
Памятаю і дзень, калі на жарабковіцкіх могілках калгас устанавіў помнік расстраляным фашыстамі аднавяскоўцам. Па татавай просьбе на ім было выбіта і прозвішча ягонага бацькі, які не вярнуўся з фронту. У той дзень я ці не ў першы раз бачыла ў вачах свайго моцнага таты слёзы. Ён не паспеў даведацца – гэта стала вядома пасля татавай смерці: ягоны бацька, мой дзед франтавік Панкрат Бычкоў загінуў пад Сталінградам – памёр ад ран. А з жарабковіцкага помніка «бычкоўскі» радок праз нейкі час убралі. Ён ёсць на брацкай магіле там, дзе калісьці грымела Сталінградская бітва.
Яшчэ адзін эпізод аднаўляецца ў памяці. Вечарам на надворак зайшлі дзяўчаты: Панкратавіч, мы да вас з запрашэннем на наш выпускны і з просьбай на святочны стол мяса выпісаць. Памятаю, як бацькі збіраліся тады ў школу. Як радаваліся за моладзь, і як я, дванаццацігадовая, зайздросціла выпускніцам.
Шахоўскі, Новік, Казлоў… – я не вучылася ў Жарабковічах, але ведаю, што тата паважаў педагогаў, ды і ўсіх землякоў. Вельмі шанаваў франтавікоў, напрыклад, млынара з Гуліч дзядзьку Васю Праневіча, які вярнуўся з вайны без нагі. А жонка млынара цётка Зіна была выдатнай гаспадыняй: ткала, вышывала, спявала і пякла самы смачны хлеб, які мне давялося ў жыцці пакаштаваць.
Прозвішчы Размысловіч, Русак, Войтуль, Праневіч, Грамак, Ждановіч, Зянюк, Парасевіч, Леваш, Юруць, Сакалоўскі, Каляда, Шэлех, Арэшка, Кухарчык – адтуль, з «Беларусі», як і назвы вёсак Гулічы, Яцкаўшчына, Астрэйкі, Зарытава, Канюхі.
Калі тата захварэў, калгас быў ужо эканамічна трывалым і паспяховым. Пабудавалі новую школу, СДК, фермы, мехдвор уладкавалі. Заканчвалася ўзвядзенне новай канторы. Праўда, не давялося старшыні Бычкову ў яе ўсяліцца. Вясной 1967-га пасля завочнай вучобы атрымаў дыплом агранома і «здаўся» ў бальніцу. Дыягназ не пакінуў ніякай надзеі, але пра гэта ведала мама, а не ён. І разам, насуперак медыцынскім прагнозам, яны стараліся выкарабкацца. У канцы чэрвеня –  пачатку ліпеня тата апошні раз праехаў па калгасе, па вясковых вуліцах, пабываў у сваім любімым яблыневым садзе, пабачыў дарагіх землякоў. Ён не развітваўся – хацеў верыць, што вернецца. Не атрымалася. За рулём аўтамашыны тады, здаецца, быў вадзіцель дзядзька Валодзя Штундзер.
«Прывітанне, мая любімая незабудачка. Вось мне давялося застацца жывым у ходзе вайны. Гэта адно жаданне. Другое – ажаніцца на каханай. Гэта таксама збылося. Мець дзетак. Гэта трэцяе жаданне. Яшчэ павінны збыцца два: вырасціць дзетак і, апошняе, – дажыць да старасці і разам з табою памерці. Так што збудуцца і два апошнія мае жаданні ў патрэбны тэрмін»… Гэта тата пісаў маме ў адным з лістоў у 1960 годзе… А лёс распарадзіўся па-свойму…
Даруй, мамачка, не змагла я зрабіць тое, што ты прасіла, – спаліць перапіску самых  дарагіх людзей. Нельга выкрасліць з жыцця тое, што жыццё сілкуе, – сапраўднасць. Няхай яна, гэтая сапраўднасць, застаецца і застаюцца ўспаміны.
…Мы пакінулі дом у Жарабковічах і пераехалі да бабулі ў Ляхавічы. Мне было толькі 13 гадоў, брату на два менш, маме сорак. Дата 6 жніўня 1967 года вырашыла гэта за нас.
Вёска Жарабковічы, якая сёння ператварылася ў аграгарадок, ніколі не стане чужой – не выкліча раўнадушша месца твайго нараджэння. Хачу, каб яно квітнела, каб гучала прыгожымі справамі, шчаслівымі лёсамі. Каб з радасцю, верай, надзеяй і любоўю глядзела ў заўтрашні дзень. І каб не забывала дзень прайшоўшы. Без учора сёння было б іншым.

Вольга БАРАДЗІНА (БЫЧКОВА).
Фота з сямейнага архіва.

Р.S. Днямі ААТ «Жарабковічы» адзначыць юбілей. У гэтай прыгожай падзеі вялікая гісторыя, якую стваралі многія людзі. Ведаць і памятаць – гэта так справядліва і ўдзячна.

Ужо тады вытворчыя  новабудоўлі ўражвалі.

Зажынкі – гэта заўсёды свята.

З ненапісанага дзённіка, ці Напярэдадні аднаго юбілею. Не толькі асабістае: 4 комментария

  • 31/01/2018 в 22:15
    Permalink

    Прочитала статью не один раз. Красиво и душевно. Хоть я и не имею отношения к Жеребковичам, но очень проняло. Такая вот душевная проникновенная история хозяйства в лицах. История его рождения, роста и взросления через личное и общее. Как же люди самозабвенно работали, умели радоваться чужим успехам, верили в лучшее, жили, мечтали! Спасибо автору.

  • 01/02/2018 в 23:39
    Permalink

    Набліжаецца юбілей (30 год) выхаду ў свет кніжкі Памяць Ляхавіцкі раён. Ці гатуе раён і шматцеражка, ГДК , РБС нейкую чытальню і сборы сяброў і імпрэзу. Было б добра сустрэцца па гэтае теме у спадара Г.М. Трэццяка у Фларыянаве!

  • 03/02/2018 в 15:28
    Permalink

    Огромное спасибо за память и такое трепетное отношение к истории. Читаешь и хочется остановиться, ещё раз переосмыслить, подумать и вспомнить своих бабушку и дедушку, которые были так молоды в 50-60-е годы прошлого столетия. Вы, Ольга Бородина, очень тонко передали эпоху того, пусть это не звучит пафосно—героического времени. перемешенного с вдохновением и романтикой. Всматриваешься в фото и поражаешься насколько одухотворённые и жизнерадостные люди жили тогда.Огромная просьба, по возможности, пожалуйста., публикуйте ещё такие статьи.

  • 05/02/2018 в 09:49
    Permalink

    Вялікае дзякуй аўтару ўспамінаў пра маю вёску Жарабковічы. Не толькі мяне ўсхвалявалі нататкі з гісторыі нашага калгаса, але і тых, хто там нарадзіўся і жыў. У нашай памяці застаўся вобраз старшыні Пятра Панкратавіча, які многа зрабіў для развіцця калгаса.
    Удзячна Вользе Пятроўне, што захавала бацькаў архіў з фотаздымкамі і падзялілася ім з намі, чытачамі. На адным з іх мой бацька. Дзякуй за памяць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *