Доктар Млынчык

У вёску Крывошын на работу ў абласную псіхіятрычную бальніцу па размеркаванні пасля заканчэння Брэсцкага медыцынскага вучылішча накіраваны Валянцін Млынчык.
Ішоў 1968 год: у працоўнай кніжцы маладога медыка з’яўвіўся першы запіс аб прыняцці на работу… медсястрой.
– Заўсёды хацеў дапамагаць людзям, ніколі не шкадаваў пра выбар прафесіі. Лячыць – гэта так адказна, а лячыць душу – удвая. Канешне, спецыфіка псіхіятрычнага лячэння асаблівая, многія з нашых пацыентаў хранічныя хворыя. Добрае слова, уважлівыя адносіны, спачуванне для іх надзвычай важныя, –  расказвае Валянцін Васільевіч.

Работа захапіла, і Млынчык-медбрат пайшоў вучыцца ў Гродзенскі медінстытут, адкуль з дыпломам урача вярнуўся ў Крывошын. Побач, таксама доктарам, – і жонка Тамара Сяргееўна.
У 1984 годзе Валянцін Млынчык узначаліў абласную бальніцу і працаваў на гэтай пасадзе амаль чвэрць стагоддзя, каб… праз пяць гадоў зноў стаць галоўным урачом.
Успамінае, як у час дэфіцыту разам з агентам па забеспячэнні «даставалі» абсталяванне для бальніцы, прадукты харчавання для хворых. Тады пастаянна былі запоўнены ўсе 800 ложка-месцаў, у калектыве працавала 600 чалавек (цяпер 195 і 200 адпаведна).
На тэрыторыі падначаленай Млынчыку медыцынскай установы заўжды быў ідэальны парадак. І гэта не толькі вынік укладзеных у рамонт дзяржаўных сродкаў, але і справа рук калектыву абласной псіхіятрычнай бальніцы.  
За добрасумленную працу, прафесіяналізм Валянцін Млынчык у сваім паслужным спісе мае нямала грамат, падзячных пісьмаў. Ён – уладальнік спецыяльнай прэміі Ляхавіцкага райвыканкама ў намінацыі «Чалавек года» (2015 г.). Але, як адзначае сам Валянцін Васільевіч, галоўная ўзнагарода – словы шчырай падзякі ад пацыентаў і іх родных.
І вось Валянцін Млынчык ідзе на заслужаны адпачынак. Канешне, для чалавека, які аддаў прафесіі і адной медустанове паўстагоддзя, падзея выклікае змешаныя пачуцці. Але Валянцін Васільевіч сядзець склаўшы рукі не збіраецца.
– Спраў і на пенсіі безліч. Цяпер для маіх любімых кніг часу будзе хапаць. З інтарэсам перачытаў амаль усе творы Шамякіна, Караткевіча, Алешы. Зноў адкрываю Пушкіна, – расказвае Валянцін Млынчык. А яшчэ ён з нецярпеннем чакае Алімпіяду ў  Пхёнчхане:
– Я вельмі азартны балельшчык. Ёсць за каго з беларускіх спартсменаў пабалець. Не магу справіцца з хваляваннем, асабліва калі на дыстанцыі біятланістка Дар’я Домрачава.
Вось такі наш зямляк Валянцін Млынчык, які лічыць, што яму пашанцавала працаваць, набірацца вопыту і сталець, а потым і кіраваць дружным калектывам калег-прафесіяналаў.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *