Фантазія без узросту

Па ініцыятыве раённага савета ветэранаў педагагічнай працы і пры пад-трымцы райкама прафсаюза работнікаўадукацыі і навукі прайшоў вечар адпачынку для ветэранаў-педагогаў устаноў адукацыі горада і аддзела адукацыі. Ён стаў заключным акордам агляду-конкурсу творчасці гэтых людзей, які праходзіў у некалькі этапаў.

Першы пад назвай “Афармленне падворкаў” быў аб’яўлены летась у ліпені-жніўні – самых расквечаных месяцах года, калі буйства фарбаў у  розных кампазіцыях, прыдуманых удзельнікамі конкурсу, выклікала захапленне і здзіўленне. На прысядзібным участку настаўніцы гімназіі Любові Каваленка, нібы ў батанічным садзе: столькі там было фарбаў і экзатычных раслін.  У кветніку настаўніцы   Зубелевіцкай БШ Элеаноры Пятух пасяліліся казачныя персанажы, гэтак жа, як і  на прысядзібным участку настаўніцы Падлескай СШ Надзеі Бацкалевіч. Там, наогул,  царства кветак, сярод якіх знайшлося месца і лебедзям, і буслам, а на дрэве жыве “кот вучоны”.

На другім этапе конкурсу, які называўся “Мастацкая творчасць”, аб’ядналіся агульнай задачай нашы вышывальшчыцы. Работы Лідзіі Архангельскай — былога дырэктара СШ № 1  г. Ляхавічы, Рэгіны Шпак, якая працавала ў СШ № 2, выхавальніцы ясляў-сада № 3 Марыі Карпавай, Зінаіды Палуэктавай з Жарабковіцкай СШ, настаўніцы Дараўскай СШ Любові Варановіч, Вацлавы Абрамчык з Тальмінавіч, Соф’і Саган з Крывошына вартыя захаплення. Іх творчасць была ацэнена на выставе ў ГДК, прысвечанай Дню настаўніка. Дарэчы, там жа былі прадстаўлены і творчыя работы аматараў швейнай справы. Ёю захапіліся былыя настаўніцы СШ № 2 Надзея Бельмач і Вольга Бяганская.

Ля карцін, напісаных Валерыем Каспяровічам, міжволі затойваеш дыханне. Валерый Адамавіч яшчэ і сёння працуе настаўнікам фізвыхавання СШ №1 г. Ляхавічы і час ад часу здзіўляе калег самымі рознымі творчымі знаходкамі.

Тады ж наведвальнікі выставы мелі магчымасць пазнаёміцца з паэзіяй Веры Дыдышка, якая працавала настаўніцай Свяціцкай СШ, Лізаветы Івашка (Альхоўская СШ), былой настаўніцы Востраўскай СШ Алены Май, настаўніка Мядзведзіцкай СШ Станіслава Жагуня.

І вось выніковы вечар, які праходзіў пад дэвізам “Я люблю цябе, жыццё!”. Гучалі песні, вершы, ветэраны кружыліся ў танцы. Натхнёна чыталі творы  былая выхавальніца ясляў-сада №1 Таццяна Буйкевіч, колішняя загадчыца метадкабінета райана Раіса Сініца, былы намеснік галоўнага бухгалтара райана Марыя Біза. Уласныя вершы ветэрана працы аддзела адукацыі Вячаслава Вайшэвіча сустракалі апладысментамі.

“Я не магу інакш” – гэтая задушэўная песня ў выкананні настаўніцы Любові Мікуліч (СШ № 1) не пакінула нікога раўнадушным,  як і “Снегапад” (Лідзіі Расоха і Вольгі Плескацэвіч з Ляхавіч).

Любоў да жыцця, аптымізм, нераўнадушша натхняюць ветэранаў на новыя ідэі і жаданне ствараць прыгажосць. Гэта добры прыклад для маладога пакалення.

Людміла РАГАЦЭВІЧ,
старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *