Арыенцір – эканамічная эфектыўнасць

У агульнага выніку шмат складальнікаў. Гэта тычыцца і эфектыўнасці эканомікі, якая ствараецца канкрэтнымі  працоўнымі калектывамі. Паспяховасць мае на ўвазе рацыянальнае выкарыстанне вытворчага і рэсурснага патэнцыялаў. На раённым сходзе гаспадарчага актыву, які адбыўся ў мінулую пятніцу, дэталёва, усебакова, прынцыпова прааналізаваны вынікі работы  народнагаспадарчага комплексу Ляхавіччыны ў 2011 годзе. Асаблівая ўвага нададзена пытанню нявыкарыстанага патэнцыялу развіцця і прагнозным арыенцірам бягучага года.

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Бурдук быў аб’ектыўным у ацэнцы дасягнутага. Сярод адрасоў перадавога вопыту, высокіх вынікаў і эфектыўнасці сярод сельскагаспадарчых прадпрыемстваў найчасцей гучалі СВК «Ляхавіцкі» і «Шлях новы», ЗТАА «БелДан», па некаторых пытаннях СВК «Жарабковічы», сярод прамысловых — СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» і  «Торфабрыкетны завод «Ляхавіцкі». І гэта не выпадкова, у чым пераконваюць здабыткі даных калектываў, паслядоўная рэалізацыя імі вытворчых праграм, укараненне новых тэхналогій, выніковы клопат пра якасць і колькасць выпускаемай прадукцыі. Ну, а адзнакі і перамогі ў раённых, абласных, рэспубліканскіх працоўных конкурсах і спаборніцтвах — гэта заслужаны вынік мэтанакіраванасці, граматнасці і паслядоўнасці калектыўных намаганняў.

У мінулым годзе тэмп росту валавой прадукцыі ў сельскагаспадарчых арганізацыях нашага раёна склаў 116,2 працэнта пры прагнозе 111 працэнтаў. Дарэчы, толькі 3 раёны вобласці выканалі даведзенае заданне па гэтым паказчыку, і наш, Ляхавіцкі, забяспечыў самы высокі. Аднак, як адзначыў Дзмітрый Бурдук, за агульнай станоўчай лічбай захоўваецца рознаполюсная стракатасць паказчыкаў у раённай зводцы. Не забяспечылі, напрыклад, вытворчасць валавой прадукцыі да ўзроўню 2010 года 3 гаспадаркі. У СВК «Востраў-Агра» рост намінальнай зарплаты перавысіў рост прадукцыйнасці працы на 18,8 працэнта. Гаспадарка знізіла вытворчасць прадукцыі на 10 працэнтаў. Такі шлях, лічыць старшыня райвыканкама, вядзе да крушэння эканомікі.

Дасягненні ў зерневай вы-творчасці мінулага года відавочныя. Раён можа па праву ганарыцца важкім хлебным караваем. Аднак, і тут не ўсё так бязвоблачна: 4 гаспадаркі атрымалі ўраджайнасць зерневых ніжэй чым 25 цэнтнераў з гектара. А калі б яны дасягнулі хаця б гэтых самых 25-ці, раён дадаткова мог бы атрымаць 2,5 тысячы тон зерня.

Дзмітрый Бурдук адзначыў, што летась Ляхавіччына зрабіла значны крок уперад у вырошчванні кукурузы на зерне, што раён увогуле, і СВК “Ляхавіцкі” у прыватнасці, занялі трэцяе месца ў абласным спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў па вытворчасці алейнага насення рапсу ў разліку на адзін бала-гектар ворыва, і што наш раён стаў абсалютным пераможцам на Брэстчыне па вытворчасці цукровых буракоў, а райаграсэрвіс у гэтым спаборніцтве ўдастоены дыплома ІІ ступені.

Вынікі работы жывёлагадоўлі паказваюць яе і моцныя, і слабыя бакі. Зноў тая самая стракатасць паказчыкаў. Напрыклад, на фоне агульнага выканання задання па росту пагалоўя кароў у чатырох гаспадарках яно не выканана. У пяці гаспадарках вытворчасць малака зніжана. На росце валавой вытворчасці малака негатыўна адбілася зніжэнне ў шэрагу гаспадарак надою на карову. Ды і таварнасць малака на 0,4 працэнта ніжэй узроўню 2010 года.

Што датычыць вырошчвання жывёлы, то тут таксама свае перадавікі і, на жаль, адстаючыя. Сярэднясутачныя прывагі БРЖ па раёне склалі 650 грамаў. І калі ў СВК “Ляхавіцкі” і “Жарабковічы” яны, адпаведна, 759 і 758 грамаў, то ў “Белпрампрыборы” – 353, СВК “Ліпнянка” – 508, ДП “Нача” – 555 грамаў. Прычыны нізкіх прываг не новыя: парушэнне тэхналогіі кармлення і ўтрымання жывёлы. А вынік – недаатрыманыя сотні мільёнаў рублёў.

Старшыня райвыканкама пад-крэсліў, што высокія паказчыкі ў жывёлагадоўлі гарантуюцца ўкараненнем сучасных тэхналогій вытворчасці. І, як прыклад, назваў работу ЗТАА “БелДан” па вырошчванні свініны. Гэта прадпрыемства рэалізавала 48,7 працэнта жывёлы ад  раённага паказчыка. Трэцяга месца ў абласным спаборніцтве па рэалізацыі мяса раён удастоены ў многім дзякуючы дасягненням ”БелДана”. Дарэчы, СВК “Ляхавіцкі” ў гэтым спаборніцтве ўзнагароджаны  дыпломам І ступені як гаспадарка, што атрымала лепшыя вынікі па рэалізацыі мяса сярод гаспадарак, не маючых жывёлагадоўчых комплексаў.

Адна з галоўных задач гэтага года – кардынальнае паляпшэнне работы па аднаўленні статка. 74 цяляці на 100 кароў, атрыманыя летась, – не той вынік, які здольны забяспечыць развіццё жывёлагадоўчай галіны. А вось яшчэ агучаны кіраўніком раёна факт: страты ад ялавасці кароў летась склалі 7863 мільёны рублёў. Лічбы гавораць самі за сябе.

Новыя тэхналогіі вытворчасці маюць на ўвазе абнаўленне абсталявання на жывёлагадоўчых фермах, зернесушыльныхкомплексах, мехдварах. У гэтым плане ў раёне зроблена вельмі многае, як і ў добра-ўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі. Летась на развіццё сельскай  гаспадаркі са сродкаў раённага бюджэту выдаткавана каля 451 мільёна рублёў на набыццё гаруча-змазачных матэрыялаў, запчастак, ветпрэпаратаў і інш. І гэта важкая дапамога.

У мінулым годзе  на вёсцы пабудаваны 14 жылых дамоў, а з пачатку рэалізацыі праграмы будаўніцтва на сяле новае жыллё атрымалі 328 сямей. І ўсё ж аграпрамысловы комплекс раёна адчувае дэфіцыт кадраў. Вельмі важна, каб маладыя спецыялісты  ў сельскагаспадарчых арганізацыях адчувалі і клопат пра сябе, і тое, што яны патрэбныя, і каб самі праяўлялі ініцыятыву, імкненне да новага, падкрэсліў Дзмітрый Бурдук.

Перад аграпрамысловым комплексам раёна сёлета пастаўлены даволі напружаныя задачы. Валавы збор зерня павінен скласці 86,6 тысячы тон (на 33,8% больш, чым летась), пасевы зерневых (з улікам кукурузы на зерне) будуць павялічаны на 800 гектараў. У 1,8 раза неабходна павялічыць валавы збор рапсу. Вытворчасць ільновалакна прагназуецца  давесці да 1550 тон (супраць 1293 тоны ў мінулым годзе) за кошт размяшчэння пасеваў ільну на прыгодных для гэтай культуры ўчастках,  захавання тэхналогіі вырошчвання і ўборкі. Дасягнуты летась узровень вытворчасці цукровых буракоў трэба захаваць.

Не менш напружаныя заданні пастаўлены перад жывёлагадоўчай галіной раёна: валавая вытворчасць малака плануецца на ўзроўні 54 тысячы тон, надой на карову – 5150 кілаграмаў, рэалізацыя жывёлы і птушкі ўзрасце да 12,4 тысячы тон. За кошт уласных сродкаў і крэдытаў банка сельгасарганізацыі раёна плануюць правесці рэканструкцыю 11 малочнатаварных ферм. Будзе працягвацца будаўніцтва МТФ на 765 галоў у СВК “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”, пачата будаўніцтва малочнатаварнай фермы такой самай магутнасці ў райаграсэрвісе, зроблена рэканструкцыя МТФ з давядзеннем колькасці кароў да 720 у СВК “Жарабковічы”.

На фоне поспехаў малочнага, кансервавага і торфабрыкетнага заводаў знізілася вытворчасць прамысловай прадукцыі ў параў-нанні з 2010 годам у кааппраме і райаграсэрвісе. Прычым, адбылося гэта не толькі па аб’ектыўных, але часткова і па суб’ектыўных прычынах, для ўхілення якіх, падкрэсліў старшыня райвыканкама, кіраўніцтва прадпрыемстваў дзейсных мер не прыняло. Сітуацыю трэба выпраўляць, прычым тэрмінова, і шляхі для гэтага маюцца.

Як вядома, эфектыўнасць работы арганізацыі вымяраецца размерам прыбытку, узроўнем рэнтабельнасці вытворчасці і заработнай платы працаўнікоў. Так, заработную плату трэба менавіта зарабіць. Яе высокі ўзровень з’яўляецца і вынікам, і асновай рацыянальнай арганізацыі працы і тэхналагічных працэсаў. Разам з тым, толькі пры яе наяўнасці можна прыцягнуць у калектыў высокапрафесійных  спецыялістаў, якія ў стане арганізаваць высокаэфектыўную вытворчасць, заснаваную на сучаснай тэхналогіі.

І зноў у якасці ўзору называліся малочны, кансервавы, торфабрыкетны і адпаведныя паказчыкі прадукцыйнасці працы: 121,5 мільёна рублёў, 102 мільёны рублёў, 92 мільёны рублёў – па прадукцыйнасці працы па дабаўленым кошце. Пры тым, што ў райаграсэрвісе гэты паказчык складае 30 мільёнаў рублёў, у РКБА – 16,7 мільёна рублёў. ”Адлегласць”, аднак…

Вельмі сур’ёзна трэба падысці прадпрыемствам раёна да выканання задання па эканоміі рэсурсаў, асабліва гэта датычыць райаграсэрвіса, РКБА, жылкамунгаса, СВК “Востраў-Агра”, “Жарабковічы”, “Ліпнянка”.

Што датычыць экспарту прадукцыі, то асноўнымі экспарцёрамі-прамыслоўцамі ў нас  з’яўляюцца СААТ “Ляхавіцкімалочны завод” (41,4 % ад агульнага экспарту па раёне), торфабрыкетны завод “Ляхавіцкі” і ў невялікай колькасці льнозавод і райаграсэрвіс. Ляхавіцкі кансервавы не арганізаваў летась  экспарт сваёй прадукцыі, хаця попыт на яе за межамі краіны ёсць.

Старшыня райвыканкама паставіў задачу перад кіраўніцтвам прадпрыемства прапрацаваць гэтае пытанне з улікам яго важнасці і для раёна, і для рэспублікі. Дарэчы, акрамя прамыслоўцаў у лік асноўных экспарцёраў уваходзіць і ЗТАА “БелДан” (40,7 % агульнага экспарту па раёне).

Старшыня райвыканкама аналізаваў стан і назваў галоўныя задачы, якія стаяць перад будаўнічым комплексам раёна, гаварыў пра  развіццё прадпрымальніцтва і выкананне праграмы занятасці насельніцтва. Асаблівая ўвага ў дакладзе была ўдзелена рэалізацыі сацыяльнай палітыкі на Ляхавіччыне, тым задачам, якія вырашаюць арганізацыі адукацыі, аховы зда-роўя, культуры, фізкультурна-аздараўленчай структуры і іншыя.

Тыя станоўчыя здабыткі, якія дасягнуты летась, павінны стаць кропкай ад-ліку для далейшага развіцця, і нявыкарыстаны патэнцыял неабходна задзейнічаць актыўна, тэрмінова і ўсебакова для гэтай жа мэты. Справа ў тым, што мы і толькі мы ўсе разам можам і павінны забяспечыць варты ўзровень жыцця, вартую зарплату – сваёй эфектыўнай працай і выніковымі намаганнямі. Іншага не дадзена. І гэта гучала галоўнай думкай  у дакладзе Дзмітрыя Бурдука.

Тэму развівалі выступіўшыя на сходзе гаспадарчага актыву намеснікі старшыні райвыканкама Уладзімір Дзяжурны, Мікалай Варажун.

Можна быць і выніковымі, і паспяховымі, і сучаснымі, і запатрабаванымі, калі зрабіць гэта працай кожнага дня, дакладным разлікам і дасканалым веданнем прадмета, – менавіта гэта думка, мяркую, узнікла ў многіх, хто слухаў выступленне дырэктара СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” Вячаслава Жукоўскага. Прадпрыемства сёлета папоўніла скарбонку сваіх узнагарод прэстыжнай прэміяй Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці.

Гэта і шматлікія іншыя адзнакі – за працу калектыву, які забяспечвае сучаснейшую вытворчасць канкурэнта-здольнай, запатрабаванай спажыўцамі прадукцыі, трывалую эканоміку і ўсе вынікаючыя адсюль складальнікі: вартую зарплату працаў-нікоў, пастаянную рэканструкцыю вытворчасці, салідныя інвестыцыі ў яе развіццё і г.д. Плюс яшчэ выдатна арганізаваны фірменны гандаль у магазіне “Верас”. Гаварыў Вячаслаў Жукоўскі і аб праблемах прадпрыемства, пры гэтым сцвярджаючы, што ў аснове  работы – шлях на далейшае абнаўленне вытворчасці.

Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Святлана Юрлевіч засяродзіла ўвагу на дні  сённяшнім раённай адукацыі. Галоўны ўрач ЦРБ Уладзімір Усцюшкоў сярод праблем аховы здароўя раёна назваў кадравую. І іншыя выступаючыя таксама гаварылі пра дасягнутае і пра тое, над чым  будуць працаваць сёлета.

Неабходна, каб кожны кіраўнік адчуў і ўсвядоміў: трэба павялічваць аб’ёмы вытворчасці і рэалізацыі  прадукцыі,  звярнуўся да ўдзельнікаў гаспадарчага актыву намеснік старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Леанід Цупрык. І дадаў, што гэта станоўча адаб’ецца і на зарплаце працаўнікоў, і на ўмацаванні эканомікі раёна. Кіраўнікам трэба думаць пра  рост рэнтабельнасці вы-творчасці.

Леанід Аляксандравіч станоўча адзначыў работу СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”, гаварыў пра тое, што раёну неабходны сучасныя прадпрыемствы, такія, як “БелДан”. Ён падкрэсліў, што  трэба бачыць праблемы і актыўна іх рашаць, у прыватнасці, закрануў кадравы дэфіцыт у раённай медыцыне і заўважыў,  што вынік можа даць актыўная работа па прафарыентацыі сярод школьнікаў раёна. Так, яна праводзіцца, але ж з улікам пэўных абставін справу  можна і патрэбна актывізаваць, зрабіць у ёй належны акцэнт.

Людзі чакаюць ад улады, ад кіраўнікоў прадпрыемстваў абароны іх інтарэсаў, стварэння належных умоў працы. Задача раённай улады – скаардынаваць дзейнасць усіх прадпрыемстваў і службаў, надаць энергію развіцця і ажыццяўляць кантроль за выкананнем пастаўленых задач. Задач, умовы якіх мы ведаем, і якія нам належыць абавязкова і паспяхова рашыць: працаваць так вынікова, каб забяспечыць рост узроўню жыцця.

У любым калектыве, у любым асяроддзі ёсць самыя лепшыя, самыя здольныя, самыя выніковыя. Іх называюць лідарамі, перадавікамі, гонарам і годнасцю – адным словам, людзьмі, якія ўвабралі ў сябе выдатныя тыповыя рысы нашага сучасніка. Добрых землякоў многа, але сёння героямі дня ў Ляхавіцкім раёне названы шасцёра – тых самых-самых, хто стаў пераможцам раённага конкурсу “Чалавек года” і чые прозвішчы былі агучаны на сходзе гаспадарчага актыву. Знаёмцеся і апладзіруйце, як  апладзіравала ім поўная зала гарадскога Дома культуры, калі старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук уручаў дыпломы нашым героям: старшыня СВК “Ляхавіцкі” Аляксандр Вітко, дырэктар СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” Вячаслаў Жукоўскі”, дырэктар прыватнага ўнітарнага гандлёвага прадпрыемства “Гандлёвы дом “Уладзімір” і фермерскай гаспадаркі “Уладзімір плюс” Валерый Радзюк, настаўнік геаграфіі дзяржаўнай установы адукацыі “Тухавіцкая сярэдняя школа” Тамара Васько, трэнер-выкладчык па дзюдо (жаночае аддзяленне) Ірына Амялянава, кіраўнік народнай эстраднай студыі “Экспрэс” Юрый Грынь.

Віншуем і ганарымся, дарагія землякі! Вы па праву ўдастоены гонару стаць “Чалавекам года-2011”.

Вольга СВЯТЛОВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *