Наш Востраў

Тамара ЦЕРАХ,  дырэктар КСУП «Востраў-Агра»:

– Аграгарадок Востраў – самабытны населены пункт. Адзначаю для сябе характарнасць вастраўчан, іх працавітасць, надзейнасць, гонар за сваю малую радзіму. За амаль 2,5 гады работы ў КСУП «Востраў-Агра» толькі ўмацавалася ў гэтых сваіх «падазрэннях».
Работнікі аграрнага цэха нашага прадпрыемства думкамі ўжо ў вясне. Рамонт, аднаўленне глебаапрацоўчай тэхнікі ў ліку самых надзённых клопатаў. Закуплены запасныя часткі. Інжынерна-тэхнічныя спецыялісты, механізатары даводзяць да ладу тэхніку. Максімальная засяроджанасць на агрэгатах першага выхаду: агрэгаты камбінаваныя шыроказахопныя (АКШ), дыскавыя бароны, машыны для ўнясення арганікі. Комплексны пасяўны агрэгат у нас таксама ёсць –  у адзінкавым экзэмпляры. Пасеяць належыць каля 4 соцень гектараў: авёс, ячмень, зернебабовыя культуры. З мэтай умацавання кармавой базы мінулай восенню гаспадарка пасеяла свірэпу. Апошнім часам гэту з даволі высокім працэнтам утрымання бялку культуру «Востраў-Агра» не практыкаваў. Яшчэ адзін яе плюс у ранняй уборцы. Пасля чаго вызваленыя ад свірэпы гектары можна засеяць нечым яшчэ раз. Акрамя таго, з азімых у нас жыта і трыцікале. У цэлым азімая група культур займае 426 гектараў.
Што датычыць спраў жывёлагадоўлі, летась надаілі больш, чым у пазамінулым годзе, у студзені 2018-га – больш, чым на аналагічным адрэзку 2017-га. Але дастакова надзённым з’яўляецца пытанне паляпшэння якасці малака, над чым працуем.
З’явіліся ў нас і новыя плошчы –  пастановачныя месцы для буйной рагатай жывёлы. У стары кароўнік, які доўгі час не выкарыстоўваўся, удыхнулі новае жыццё. Рэканструявалі, адрамантавалі і ўжо нават паставілі больш за паўтары сотні кароў. На разліковую лічбу 200 выйдзем некалькі пазней. Як і выканаем неабходнае яго даабсталяванне. Рамонтна-рэканструкцыйныя работы праведзены дастаткова хутка і на 80 працэнтаў за ўласныя грошы. Астатнія –  дафінансаванне з абласнога бюджэту.
Яшчэ адно пытанне, якое спадзяёмся вырашыць, – кадравае. У гэты час у Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы – размеркаванне. Паедзем запрасіць на працу ў наш Востраў ветэрынарнага фельчара і заатэхніка.
Прыемна адзначыць прафсаюзную ўвагу да нашага калектыву. Нядаўна «Востраў-Агра» наведалі кіраўнікі прафсаюза – рэспубліканскага, абласнога, раённага – работнікаў АПК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *