Баланс адказнасці

На студзеньскім пасяджэнні райвыканкама адным з пытанняў парадку дня было забеспячэнне якасці, бяспекі і збалансаванасці харчавання ва ўстановах адукацыі раёна.
– Тэма, ад якой у прамой залежнасці здароўе дзяцей, невыпадкова ўзнімаецца пастаянна, і гэтым толькі падкрэсліваецца яе значнасць. Як пытанне вырашаецца ў нашым раёне, чаго дасягнулі, над чым працуем і якія ёсць цяжкасці, шляхі вырашэння? – задаў тон размове старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Якубоўская падкрэсліла, што арганізацыя харчавання пачынаецца з комплекснай закупкі прадуктаў, ад чаго ў многім залежыць кошт дзіцячых абедаў. Яна падрабязна спынілася на рабоце аддзела ў гэтым напрамку. Перавага аддаецца прамым пастаўкам непасрэдна ад прадпрыемстваў-вытворцаў, у тым ліку мясцоваму малочнаму і кансерваваму заводам, райпо. Для патанення абедаў многія школы і дзіцячыя сады займаюцца саманарыхтоўкай бульбы, іншай агародніны. Прадукты, што паступаюць на харчаблокі, заўсёды бяспечныя і якасныя, што пацвярджаецца адпаведнымі дакументамі.
У гэтым навучальным годзе ва ўстановах адукацыі ўсе вучні ахоплены гарачым харчаваннем. 76 працэнтаў школьнікаў атрымліваюць абеды бяс-платна – за кошт мясцовага бюджэту. Расходы на харчаванне з верасня па снежань 2017 года склалі больш за 166 тысяч рублёў.
З лістапада мінулага года бацькі аплачваюць харчаванне школьнікаў праз сістэму безнаяўных плацяжоў – АРІП.
Арганізаваны пастаянны кантроль за якасцю, тэхналогіяй прыгатавання ежы, тэрмінамі рэалізацыі хуткапсавальных прадуктаў, за захаваннем належных санітарных нормаў. У кожнай установе адукацыі ёсць бракеражныя камісіі, саветы па харчаванні, назначаны адказныя асобы. Створана адпаведная раённая камісія на чале з намеснікам старшыні райвыканкама.
Бяспечныя ўмовы харчавання залежаць, у тым ліку, ад стану харчаблокаў, іх матэрыяльна-тэхнічнай базы. Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама падкрэсліла, што гэтае пытанне пад кантролем, у тым ліку, пастаянна абнаўляецца абсталяванне, мэбля, праводзіцца рамонт. Але ёсць харчаблокі, якія яшчэ неабходна рамантаваць. У аддзеле распрацаваны адпаведны перспектыўны план. Выраблена праектна-каштарысная дакументацыя на рамонт Навасёлкаўскага харчаблока. Збіраецца дакументацыя на рамонт   харчаблока гімназіі за кошт сродкаў Сусветнага банка. У планах і іншае абнаўленне.
Спынілася Святлана Якубоўская і на так званым чалавечым фактары –  добрасумленным стаўленні работнікаў сталовых да сваіх абавязкаў.
Спецыялісты райЦГіЭ правяраюць выкананне санітарных нормаў і правілаў ва ўстановах адукацыі, тэхналогію прыгатавання страў і г.д.
Начальніка ўпраўлення кантролю за работай галін гаспадаркі КДК Брэсцкай вобласці Аляксандра Пузіка, які прымаў удзел у пасяджэнні райвыканкама, цікавіла матэрыяльна-тэхнічная забяспечанасць харчаблокаў, выкананне натуральных нормаў харчавання і іншыя пытанні. Выслухаў прадстаўнік КДК на гэты конт і меркаванне ўрача-гігіеніста райЦГіЭ  Валянціна Скарыны.
Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч акцэнтаваў увагу на персанальнай адказнасці кіраўнікоў устаноў адукацыі за арганізацыю дзіцячага харчавання. Гаварыў пра актуальнасць вырашэння кадравага пытання работнікаў харчаблокаў, цеснае супрацоўніцтва ў гэтым напрамку з навучальнымі ўстановамі, дзе рыхтуюць адпаведных спецыялістаў.

ФАКТ

Па інфармацыі КДК Брэсцкай вобласці, сярод найбольш распаўсюджаных парушэнняў у арганізацыі школьнага харчавання, выяўленых пры праверках, – прадукцыя з сышоўшым тэрмінам прыгоднасці, неразнастайнасць меню, незахаванне санітарных нормаў у харчаблоках. Устаноўлены выпадкі няправільнага фарміравання цэн на абеды ва ўстановах адукацыі вобласці, а таксама нерацыянальнае расходаванне бюджэтных сродкаў. Матэрыяльна-тэхнічная база сталовых у большасці аб’ектаў грамадскага харчавання патрабуе мадэрнізацыі. Выяўленыя КДК і пракуратурай вобласці недахопы ў арганізацыі харчавання сталі каталізатарам навядзення парадку ў гэтай сферы. КДК будзе працягваць кантроль і сёлета.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *