Люты. Субота. Школа

Першая субота лютага – звычайны выхадны дзень. Але для многіх ён – сапраўднае свята, свята сустрэчы здзяцінствам і юнацтвам, школьнымі сябрамі і першым каханнем. У гэты дзень у школах краіны ўрачыста праходзяць вечары сустрэчы выпускнікоў. Як у бацькоўскі дом, злятаюцца ў родную школу яе выпускнікі.

Гэта  добрая традыцыя, дзякуючы ёй людзі, якія даўно  развіталіся са школьнай партай, з аднакласнікамі і настаўнікамі, могуць праз гады і дзесяцігоддзі, нібы на машыне часу, вярнуцца ў бесклапотнае дзяцінства. І не важна, колькі мінула пасля развітальнага выпускнога балю – 50 ці 5 гадоў. Пераступіўшы школьны парог, ужо дарослыя людзі ператвараюцца ва ўчарашніх школьнікаў – такіх жа гарэзлівых, няўрымслівых, вясёлых і лёгкіх на пад’ём. А ўбачыўшы сваіх былых аднакласнікаў, быццам скідваеш з плячэй многія гады. Так цягне ў родную школу яшчэ і таму, што любімыя настаўнікі назаўсёды застаюцца такімі.

Нягледзячы на мароз, шчырай цеплынёй сустракала ў мінулую суботу шматлікіх гасцей і СШ № 2 у Ляхавічах. Нават суровае надвор’е, якім палохае люты, не стала перашкодай для тых, хто спяшаўся сюды на вечар сустрэчы са школьнымі сябрамі. Яшчэ ў фае кожнаму выпускніку на памяць былі ўручаны папяровыя званочкі. Галоўныя героі – выпускнікі розных гадоў, не паспеўшы распрануцца, вачыма шукалі свайго суседа ці суседку па парце, тых, з кім спасцігалі разумнае, добрае, вечнае, з кім прагульвалі ўрокі… А потым разам спяшаліся да стэнда са школьнымі фотаздымкамі розных гадоў. І гаварылі, гаварылі, гаварылі.

Фанфары абвясцілі пачатак. І на цэлы вечар такая знаёмая спартыўная зала ператварылася ў прыгожае і гасціннае месца сустрэчы выпускнікоў. Святочнае мерапрыемства пад назвай “Аднойчы шмат гадоў таму” захапіла адразу. З прывітальным словам да ўсіх звярнулася дырэктар СШ № 2 Святлана  Якубоўская. Безумоўна, галоўная ўвага юбілейным выпускам. А такіх было нямала – 35, 30, 25, 20, 15, 10, 5 гадоў пасля заканчэння школы. Не засталіся без увагі і тыя, хто скончыў школу толькі летась.

Кожны юбілейны выпуск асаблівы, непаўторны, непадобны на іншыя. Менавіта гэту “фішку” ўдала абыгралі арганізатары свята. Так, выпускнікі з 30-гадовым стажам успаміналі, “сярэбраныя” юбіляры танцавалі ламбаду, хто скончыў 15 гадоў таму адказвалі на пытанні і г.д. І ўсе дзякавалі роднай школе, прызнаваліся ў любві сваім самым лепшым у свеце настаўнікам, дарылі школе падарункі. Сюрпрызам былі і песні ў выкананні сённяшніх вучняў – гучалі хіты з юнацтва розных пакаленняў. А потым усе разышліся па класах, каб у чарговы раз успомніць,  разам пасмяяцца, расказаць пра дзень сённяшні і пра тое, як склаўся лёс кожнага.

Якімі сталі яны, тыя, хто 10 гадоў запар разам вучыліся граматна пісаць і выкладаць свае думкі, слухалі пра гісторыю сваёй краіны, даказвалі тэарэмы, праводзілі хімічныя і фізічныя доследы, вывучалі анатомію і астраномію, завочна падарожнічалі на ўроках геаграфіі і спасцігалі замежную мову, пісалі сачыненні і сачылі за лёсам герояў вядомых літаратурных твораў, бегалі на лыжах і здавалі спартыўныя нарматывы?

Сярод тых, хто сёлета адзначаў чвэрць стагоддзя заканчэння школы, – людзі розных прафесій. Педагогі і медыкі, тэхнолагі і ваенныя, індывідуальныя прадпрымальнікі і будаўнікі, банкіры і страхавыя работнікі, музыканты і прадстаўнікі іншых прафесій – імі сталі мае аднакласнікі. Да кожнага цяпер звяртаюцца на вы, у многіх ужо дарослыя дзеці, ёсць шчасліўчыкі, якія ўжо  сталі бабулямі і дзядулямі. І, нягледзячы на тое, што прайшло цэлых 25 гадоў, засталіся такімі ж, калі і змяніліся – то толькі крыху і тое ў лепшы бок. Гэта раней мы былі “акі” і “бэкі” (у залежнасці ад таго, “А” клас быў ці “Б”), а цяпер — школьныя сябры, сустракаючы якіх міжволі ўсміхаешся і, канешне, радуешся, бо гэта светлае імгненне з юнацтва.

З асаблівай цеплынёй і пяшчотай дарослыя людзі, якіх лёс параскідваў у розныя мясціны, успаміналі настаўнікаў. Як можна забыць урокі гісторыі Вольгі Альшаковай і Фаіны Петрашэвіч, геаграфіі – Уладзіміра Страмавуса, алгебры і геаметрыі – Клаўдзіі  Здановіч і Антаніны Паповай, хіміі – Лідзіі Траццяк і Зінаіды Крыцук, біялогіі – Галіны Кісель. Зараз без усмешкі не ўспомніш, як цяжка давалася замежная мова, і як з намі мучыліся ў яе засваенні Людміла Найда, Ванда Прусевіч, Клаўдзія Станкевіч, Ніна Кавальчук і наша самая класная “класная”  Лілія Бурак.

Лілія Вікенцьеўна ніколі ні пра каго не сказала дрэннага. Яна ў кожным бачыла толькі пазітыўнае – гэта дарагога каштуе. Зоя Осіпава і Людміла Ясевіч знаёмілі нас не толькі з правапісам і сінтаксісам рускай і беларускай мовы, але і вучылі суперажываць героям літаратурных твораў. Мы, дзяўчаты, баяліся фізікі – такой цяжкай для нас яна была навукай. Адно радавала – выкладала гэты прадмет патрабавальная і добразычлівая Леакадзія Люкіш.

Гэта пры нас, будучых выпускніках 1987 года, рабіла свае першыя крокі ў якасці намесніка дырэктара Ванда Прусевіч (якая потым упэўнена кіравала школай больш за 20 гадоў) і вучылася кіраўніцкай дзейнасці ў вопытных Мікалая Валністага і Васілія Ясевіча. Толькі добрымі словамі ўспамінаем настаўнікаў спеваў  Георгія Каліноўскага, фізкультуры – Юрыя Мяжуева і Івана Адамчыка, працоўнага навучання – Раісу Скурат і Леаніда Сініцу і іншых педагогаў. Дзякуй вам за навуку, за тое, што вы былі і ёсць.

Галіна КАНЬКО

3 thoughts on “Люты. Субота. Школа

  • 11/02/2012 в 22:03
    Permalink

    Спасибо Галина за статью, спасибо, что вспомнила об учителях, видна работа профессионала!

  • 14/02/2012 в 21:58
    Permalink

    Действительно, пишет от души.Заречная рулит!!!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *