Ляхвіцкі клуб «Пошук» адзначыў Масленіцу

Здаецца, зусім нядаўна мы сустракалі Новы год, радаваліся Калядным святам і снежнай зіме. Але ўжо зусім хутка, трэба спадзявацца, з’явіцца сонца – яркае, вясёлае, – і наступіць вясна. А вясну, як дарагую госцю, трэба сустракаць. І якая ж вясна без Масленіцы!
Менавіта пра гэтае народнае свята і ішла размова на адным з чарговых пасяджэнняў бібліятэчнага маладзёжнага клуба “Пошук”, што адбылося ў мінулую сераду ў інтэрнаце Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Вядучыя прыгадалі легенды, звязаныя з паходжаннем Масленіцы, правялі завочнае падарожжа па краінах Усходняй Еўропы, пазнаёміўшы пры гэтым з цікавымі і незвычайнымі момантамі святкавання Масленіцы ў Польшчы, Чэхіі, Югаславіі.
Асаблівую ўвагу ўдзялілі сустрэчы Масленіцы на Русі. Дзяўчаты – удзельніцы клуба – даведаліся, чаму менавіта блін стаў сімвалам свята, а заадно і рэцэпты прыгатавання бліноў з рознымі начынкамі. Шмат станоўчых эмоцый выклікаў конкурс “Пакаштуй. Угадай”, падчас якога ўдзельнікі дзвюх каманд частаваліся гарачымі блінамі з розным варэннем, спрабуючы здагадацца, з якіх ягад яно зварана.
Кожны з 7 дзён Масленіцы мае свой сэнс і сваю назву. Вядучыя падрабязна спыніліся на кожным з іх, патлумачыўшы, чаму ён так называецца, і што ў гэты дзень варта рабіць.
Дзяўчаты актыўна ўдзельнічалі ў віктарыне, а за правільныя адказы атрымлівалі, канешне ж, бліны.
Праходзяць гады, мяняецца жыццё, адны святы з’яўляюцца, іншыя знікаюць. А Масленіца працягвае заставацца адным з самых вясёлых святаў. Так што праважайце зіму, сустракайце вясну. І не забудзьцеся парадаваць сваіх родных і сяброў сапраўднымі блінамі.
Віталія ЛАГУН, бібліятэкар чытальнай залы цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *