Клопат пра будучыню

Люблю дзяцей, таму і прафесію некалі выбірала такую, каб жыць іх інтарэсамі, укладваць у іх душу, натхняцца поспехамі. Усё гэта мне спаўна дало настаўніцтва – у СШ № 1 да нараджэння дачкі выкладала геаграфію. Цяпер пакуль у водпуску па доглядзе за дзіцем. Зараз мы з мужам выхоўваем двух сыноў і дзвюх дачок. Мнагадзетных сем’яў сёння нямала. І ў гэтым вялікая роля дзяржаўнай падтрымкі.
Канешне, дзяцей нараджаем не дзеля льгот, але дапамога дзяржавы вельмі прыемная і важкая. Старэйшы сын Арцём – пяцікурснік Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. На працягу навучання, дзякуючы мнагадзетнаму статусу, не стаяла пытанне забеспячэння месцам у інтэрнаце, штогод атрымліваў аднаразовую дапамогу. Вася – гімназіст. Яго бонусы – бясплатныя харчаванне ў навучальнай установе і заняткі ў школе мастацтваў. Да таго, падручнікі атрымлівае не за поўную аплату – з 50-працэнтнай скідкай. Варвара з задавальненнем наведвае дзіцячы сад. Дома часта заказвае стравы «па-садаўску» і з радасцю расказвае двухгадовай Васілісе, што робіць на занятках.
Дарэчы, для мнагадзетных памер платы за харчаванне ў дашкольнай установе складае палову таго, што аплачваюць іншыя сем’і. Да навучальнага года аказваецца штогадовая матэрыяльная дапамога. Карыстаемся льготамі па аплаце камунальных паслуг, падаткаў.
Калі нарадзілася Васіліса, звярнуліся за назначэннем сямейнага капіталу. Яго, хутчэй за ўсё, калі прыйдзе час, выкарыстаем на адукацыю дзяцей.
Я свядома стаўлюся да выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Дзейнасць народных абраннікаў шматпланавая, іх роля ў развіцці раёна, падтрымцы інтарэсаў насельніцтва – значная. Прыемна, што яны сталі актыўнымі ўдзельнікамі акцыі «Нашы дзеці», пабывалі з падарункамі ў школах, дзіцячых садах, сем’ях, што член парламента Леанід Цупрык асабіста павіншаваў таленавітую гімназістку з Новым годам.
Як маці і як чалавека з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй мяне хвалюе наш заўтрашні дзень, дзень, у якім будуць жыць мае дзеці. Пераканана, што дэпутатамі павінны быць людзі адказныя і прынцыповыя, адкрытыя і аўтарытэтныя і абавязкова кантактныя. 18 лютага аддам свой голас менавіта за такога кандыдата.
Наталля КЕДЗЬ,
настаўніца, мнагадзетная маці.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *