Эканоміка з плюсам

Мікалай ТАРЛЮК, дырэктар   ДП «Нача»:

– Летась жніво на Ляхавіччыне стартавала зажынкамі на палях нашага сельгаспрадпрыемства. Як паказаў час, такая падзея аказалася добрым знакам. «Нача» першай пачала адказнейшую ўборачную кампанію і першай яе завяршыла. Прычым валавы збор зерня без уліку кукурузы перавысіў ураджай 2016 года на 400 тон, асабліва добра ўрадзіў рапс. Гэты факт паспрыяў дасягненню дастойных паказчыкаў не толькі ў раслінаводстве, але і жывёлагадоўлі.
Важкімі лічбамі адзначылася і корманарыхтоўка. Гаспадарка заняла першае месца сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна на нарыхтоўцы кармоў. Сакавітых травяністых кармоў назапасілі 28 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, так што начаўскія рагулі маюць багаты і збалансаваны рацыён, за што шчодра аддзячваюць ростам надояў. Летась у сярэднім ад кожнай каровы надаілі 6672 кілаграмы малака – на 198 кілаграмаў больш, чым пазалетась. Рэнтабельнасць малочнай вытворчасці склала 48 працэнтаў.
Выраслі не толькі колькасныя, але і якасныя паказчыкі. Калі ў 2016 годзе на перапрацоўку гатункам экстра прадалі 43 працэнты сыравіны, то летась – 70 працэнтаў, вышэйшым, адпаведна, 57 і 30 працэнтаў. Таварнасць малака – 92 працэнты.
Яшчэ адзін плюс у жывёлагадоўлі –павелічэнне пагалоўя буйной рагатай жывёлы. Сёння начаўскі статак на 202 галавы большы, чым на пачатку 2017 года.
Наша дзяржаўнае прадпрыемства за ўласныя сродкі рэканструявала тры будынкі былой свінафермы ў Гарлеўшчыне. Два з іх сталі кароўнікамі, дзе абжываюцца цяляты, а яшчэ ў адным захоўваем мінеральныя ўдабрэнні. Ёсць свая будаўнічая брыгада, таму работы выконваюцца гаспадарчым спосабам, а гэта дадатковая эканомія.
Канешне, за кожнай з названых лічбаў стаіць праца ўсяго калектыву. Ён у «Начы» хоць і невялікі – 125 чалавек, але здольны паказваць дастойныя вынікі.
Клапоцімся і пра маладое кадравае папаўненне. Летась на работу па размеркаванні прыехаў аграном з вышэйшай адукацыяй. Як чалавеку сямейнаму яму адразу выдзелілі добраўпарадкаваны катэдж. Спадзяёмся, што гэта сям’я застанецца ў Начы надоўга.
Аграрыі «Начы» сканцэнтраваны на падрыхтоўцы да веснавых палявых работ. Удабрэнняў у гаспадарцы хапае, амаль завершаны работы па падрыхтоўцы тэхнікі. У асноўным рамонтам машынна-трактарнага парка займаюцца нашы механізатары і інжынерна-тэхнічнай служба.
Канешне, асноўная ўвага на вытворчы складнік, але трымаем на кантролі і сацыяльны. Імкнёмся задаволіць усе просьбы працаўнікоў, цесна супрацоўнічаем з Начаўскім сельвыканкамам.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *