Цёплая прапанова

Пад загрузкай торфабрыкетам чарговы 20-тонны аўтамабіль з польскага горада Беласток.

— Такія маршруты для нас не навіна, – расказвае намеснік дырэктара ААТ “Торфабрыкетны завод “Ляхавіцкі” Уладзімір Гунько. – Іменна аўтамабільным транспартам пастаўляецца паліва ў суседнюю краіну. Па чыгунцы – у Прыбалтыку, важкія грузы ідуць у Швецыю.

На працягу 10 гадоў гэтая паўночная краіна з’яўляец-ца спажыўцом тухавіцкіх торфабрыкетаў. Па падліках Уладзіміра Гунько, за гэты час туды адпраўлена больш як 250 тысяч тон беларускага паліва, і Швецыя гатова закупляць яшчэ больш. Прадпрыемства выпускае торфабрыкет выдатнай якасці, пастаянна працуе        над зніжэннем энергаёмістасці прадукцыі, а значыць, і кошту. А сёлета яшчэ і зіма з траскучымі маразамі ўпэўнена ўносіць свае карэктывы: торфабрыкет стаў жыццёва важным стратэгічным прадуктам.

Летась прадпрыемства правяло ўдалы сезон здабычы торфу – сыравіны для  вырабу торфабрыкетаў, якой назапасілі 285 тысяч тон. За мінулы год завод паставіў 130 тысяч 300 тон торфабрыкету і здолеў забяспечыць патрэбу спажыўцоў унутры рэспублікі, больш як 22 тысячы тон адправіў у блізкае і далёкае замежжа. Выпушчана таварнай прадукцыі на 31,5 мільярда рублёў пры заданні 22,3 мільярда.

Вядома, што попыт нараджае прапанову. Ацяпляцца торфабрыкетам вытворчасці ТБЗ “Ляхавіцкі” пажадалі 10 райпаліва-збытаў Брэстчыны, 8 – Магілёўскай вобласці, 2 – Гомельскай, даўнія партнёрскія стасункі завода і Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, Беларускай чыгункі.

Прадпрыемствы, установы, арганізацыі нашага раёна, прыватныя спажыўцы таксама карыстаюцца мясцовым торфабрыкетам. Прычым, самыя блізкія спажыўцы заўсёды прэтэндуюць на першачарговае забеспячэнне іх заявак, якія выконваюцца ў поўным аб’ёме. Праўда, студзень, які зрабіў нам халодны сюрпрыз, не менш здзівіў і вытворцаў: Ляхавіцкі райпалівазбыт (адзіны з усіх спажыўцоў) выбраў толькі 55 працэнтаў брыкету ад студзеньскіх заяўленых аб’ёмаў на паліва. Між тым, Іванава папрасіла 130 працэнтаў, Пінск – 115, Пружаны – 170, Столін – 125 працэнтаў ад раней запланаваных аб’ёмаў. Вось як гэтую сітуацыю патлумачыў дырэктар райпалівазбыту Уладзімір Секач:

— Заявак на торфабрыкет паступае мала. Людзі сэканомілі паліва ў першы месяц зімы, але, галоўнае, што ўсе ведаюць: калі спатрэбіцца, то торфабрыкет будзе дастаўлены без прамаруджванняў.

Стабільная работа ТБЗ “Ляхавіцкі” не толькі гарантуе цяпло для спажыўцоў. Гэта яшчэ і магчымасць завадчанам мець работу, атрымліваць добрую зарплату. Гэтаму садзейнічаюць  пастаяннае абнаўленне і мадэрнізацыя вытворчасці, якую прадпрыемства праводзіць за свой кошт і часткова за сродкі рэспубліканскага інавацыйнага фонду. У выніку ўкараняюцца новыя тэхналогіі, эканомна і беражліва спажываюцца энергарэсурсы. Напрыклад, замянілі частотна рэгулюемыя прывады для электрарухавікоў, устанавілі, дзе было магчыма, лямпы на святлодыёдах, – адчулі эканамічны эфект.

— Зніжэнне энергаёмістасці прадукцыі склала  4 працэнты, – каменціруе ход спраў на ТБЗ “Ляхавіцкі” начальнік  аддзела эканомікі райвыканкама Таццяна Кацуба. – Гэты паказчык выдатна характарызуе эканамічную сітуацыю на вытворчасці. Іншымі словамі, на кожную адзінку выпушчанай прадукцыі на 4 працэнты менш выкарыстоўваецца энергіі.  Адзначу, што сёлета, наогул, прадпрыемства працуе ўпэўнена, ста-більна, надзейна…

Як вынік, і зарплата на торфабрыкетным расце. Летась выпрацоўка на аднаго чалавека склала 125 мільёнаў рублёў, а сярэдняя зарплата – амаль 2 мільёны рублёў.

— Галоўнае, прадпрыемства наладзіла трывалыя стасункі са спажыўцамі прадукцыі, мы маем пастаянны збыт, – гаворыць Уладзімір Гунько. – На заводскіх складах сёння зусім нязначная колькасць торфабрыкетаў – стратэгічны запас.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *