Каб зарабіць, не абавязкова быць ІП

З лютага ў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Ляхавіцкім раёне працуе “прамая лінія” па пытаннях дэкларавання і падаткаабкладання даходаў і г.д. (тэл. 2-34-86, 2-41-47). На пытанні грамадзян адказваюць работнікі аддзела падаткаабкладання  фізічных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.

У інспекцыю за растлумачэннем тых ці іншых пытанняў ужо звярнуліся 5 жыхароў горада і раёна. Некалькі званкоў датычылі ажыццяўлення дзейнасці без дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка.

–Збіраюся заняцца развядзеннем пародзістых шчанят для продажу. Ці трэба для гэтага рэгістравацца індывідуальным прадпрымальнікам?

Старшы падатковы інспектар Ганна БІЗА: – Калі продаж жывёл для атрымання прыбытку будзе насіць сістэматычны характар, то такая дзейнасць у адпаведнасці з Грамадзянскім кодэксам з’яўляецца прадпрымальніцкай, а, значыць, ажыццяўляць яе можна толькі пасля рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка.

Разам з тым, ёсць выключэнні, калі продаж жывёл можна ажыццяўляць без рэгістрацыі ў якасці ІП, але з абавязковай аплатай падаткаў. Такімі выключэннямі, у адпаведнасці з падатковым заканадаўствам, з’яўляюцца рознічны гандаль жывёламі на гандлёвых месцах на рынках не больш за 5 дзён у кожным каляндарным месяцы, а таксама рэалізацыя кацянят і шчанят пры ўмове ўтрымання дома кошкі, сабакі. Такім чынам, калі грамадзянін у сябе дома ўтрымлівае кошку ці сабаку, то ён мае права прадаваць кацянят і шчанят больш за 5 дзён на працягу месяца і ў любым месцы, дзе такі гандаль не забаронены. Але, падкрэсліваю, – толькі пасля аплаты адзінага падатку. Дарэчы, у такім выпадку фізічнай асобе не трэба будзе падаваць падатковую дэкларацыю аб атрыманых на працягу года даходах.

Аплата адзінага падатку абавязковая, нават калі такая рэалізацыя дамашняй жывёлы ажыццяўляецца разава.

Для фізічных асоб адзіны падатак вылічваецца падатковымі органамі на падставе заявы і аплачваецца па месцы пастаноўкі на ўлік у падатковым органе ці па месцы рэалізацыі. Зрабіць гэта неабходна да пачатку рэалізацыі.

Стаўка адзінага падатку з фізічных асоб пры продажы кацянят ці шчанят пры ўмове ўтрымання дома кошкі ці сабакі, згодна рашэння Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў ад 14 студзеня 2011 года № 63, ў Ляхавічах складае 50 тысяч рублёў у месяц.

Калі ж дамашнія жывёлы перадаюцца іншым людзям бясплатна, адзіны падатак аплачваць не трэба.

– Хацеў бы заняцца музычным абслугоўваннем вяселляў і іншых урачыстасцяў. Чуў, што для гэтага не абавязкова рэгістравацца ІП. Якія падаткі мне давядзецца плаціць?

Старшы падатковы інспектар Ганна БІЗА: – З 1 студзеня 2011 года для фізічных асоб, якія жадаюць атрымліваць дадатковы прыбытак, дапоўнены пералік відаў дзейнасці, пры якіх аплачваецца адзіны падатак і не патрабуецца рэгістрацыя ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. У гэты пералік уключаны такія віды дзейнасці як музычнае абслугоўванне вяселляў, юбілеяў і іншых урачыстых мерапрыемстваў, прадастаўленне паслуг         тамады, фотаздымка, выраб фатаграфій.

Заканадаўствам вызначана, што гэтыя віды дзейнасці не адносяцца да прадпрымальніцкай дзейнасці пры ўмове, калі фізічная асоба ажыццяўляе іх самастойна, без прыцягнення іншых асоб па працоўных і грама-дзянска-прававых дагаворах. І значыць, рэгістрацыі ў якасці ІП пры аказанні спажыўцам гэтых відаў паслуг не патрабуецца.

Фізічным асобам, якія займаюцца вышэйзгаданай дзейнасцю, падатковымі органамі налічваецца адзіны падатак. Да пачатку аказання такіх паслуг неабходна звярнуцца ў інспекцыю МПЗ (г. Ляхавічы, плошча Леніна, 3, кабінет 309) з заявай аб ажыццяўленні такой дзейнасці. У заяве ўказваецца від дзейнасці, перыяд заняткаў і месца іх ажыццяўлення, а таксама падставы для прадастаўлення падатковай ільготы па адзіным падатку. Ільготы прадугледжаны для асоб, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту (мужчыны – 60 гадоў, жанчыны – 55 гадоў), інвалідаў, бацькоў,  якія выхоўваюць 3 і больш дзяцей да 18 гадоў ці дзіця-інваліда да 18 гадоў.

Згодна рашэння Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, адзіны падатак для нашага рэгіёна аплачваецца ў наступных памерах: музычнае абслугоўванне вяселляў, юбілеяў і іншых урачыстых мерапрыемстваў, прадастаўленне паслуг тамады – 145 тысяч рублёў у месяц у горадзе і 90 тысяч – у сельскай мясцовасці; фотаздымка, выраб фатаграфій – 125 тысяч рублёў у месяц у гора-дзе, 90 – на вёсцы.

Аплачваецца адзіны падатак да пачатку аказання паслуг штомесяц і толькі за тыя месяцы, у якіх дзейнасць ажыццяўляецца.

Заканадаўства дазваляе фізічным асобам аказваць адначасова некалькі відаў паслуг. Пры гэтым аплату адзінага падатку фізасобы робяць па тым відзе паслуг, па якім устаноўлена найбольш высокая стаўка адзінага падатку.

Дарэчы, менавіта музычнае абслугоўванне з’яўляецца найбольш папулярным відам дзейнасці сярод плацельшчыкаў адзінага падатку ў нашым раёне: у 2011 годзе  адзіны падатак аплачвалі 3 жыхары Ляхавіччыны, сёлета – 1.

– Вырошчваю на сваім прысядзібным участку гладыёлусы. У мяне застаюцца лішкі пасадачнага матэрыялу, і я хацела б яго прадаць. Ці трэба звяртацца ў падатковую інспекцыю? І ці залежыць гэта ад таго, якую суму я атрымаю ад продажу?

Галоўны падатковы інспектар Аксана СМАРШЧОК: – У адпаведнасці з Падатковым кодэксам фізічныя асобы, якія не ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць, маюць права рэалізоўваць на гандлёвых месцах на рынках ці іншых месцах вырабленыя, перапрацаваныя ці набытыя імі тавары. Такі гандаль можа ажыццяўляцца не больш за 5 дзён у кожным каляндарным месяцы.

Да пачатку рэалізацыі неабходна падаць заяву ў падатковую інспекцыю, указаць найменне тавару, які збіраецеся прадаваць, месца і час рэалізацыі. Плацельшчыку ўручаецца падатковае паведамленне на аплату адзінага падатку з указаннем сумы падатку і рахунка для аплаты.

Памер падатку, які трэба аплаціць, у такім выпадку не залежыць ад велічыні атрыманай выручкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *