Спартыўны трэнд, ці Расцяжка і дзеля лайкаў

Што ні кажы, а ўсё ж будуем сваё жыццё ў многім азіраючыся на моду. У магазіне шпалер вам скажуць, што папяровыя ўжо ніхто не клеіць, бярыце вініл або флізелінавыя, у буціку прапануюць прымераць штаны клёш – хіт гэтага сезона, а мабільны кнопкавы тэлефон прадавец параіць замяніць на смартфон. Незалежна ад сферы, імкнёмся заўсёды быць у трэндзе. Дарэчы, сярод з’яў, што фарміруюць масавы густ, справядлівым будзе вылучыць і спорт. А дакладней, той лад жыцця, што слэнгава завецца «быць на спорце». Колькасць запісаў, навін, фотаздымкаў па хэштэгах #sport #ЗОЖ #спортэтожизнь і г.д. у розных сацсетках зашкальвае.

Тым не менш, такая маса-візацыя толькі на карысць. Досыць узгадаць, колькі за апошняе дзесяцігоддзе дабавілася розных тэхнік і фізічных практыкаванняў, каб заўсёды быць у добрай форме: пілатэс, стрэтчынг, трэніроўкі на петлях TRX і шмат іншага. Прабежкі, спартыўная хадзьба, гадзінка ў спартзале, а калі пра сезонны спорт – лыжы і канькі – для многіх неад’емная частка жыцця, і не толькі інстаграмаўскага.
Цікава, а ці «на спорце» нашы землякі? Карэспандэнт «ЛВ» з фотаапаратам і блакнотам у руках наведаў спартыўны мікрараён горада, каб паглядзець, хто зай-маецца, што асабліва запатрабавана і г.д.
Безумоўна, за спортам – у спартыўную школу. Улетку тут асабліва ажыўлена: на стадыёне шмат каго можна застаць за вячэрняй прабежкай, на турніках падцягваюцца хлапчукі, а так званая «каробка» ўвогуле ніколі не пустуе.
Юныя ляхавічане з ахвотай наведваюць заняткі па футболе, гандболе, дзюдо і лёгкай атлетыцы. Пустуючых залаў тут проста не бывае. Вынікі адпаведныя: імёны нашых юных землякоў гучаць у ліку пераможцаў міжнародных, рэспубліканскіх і абласных спаборніцтваў. Дзякуючы дасягненням выхаванцаў і іх трэнераў, па выніках атэстацыі за алімпійскі цыкл (4 гады) ДЮСШ павысіла статус і сёлета стала дзяржаўнай вучэбна-спартыўнай установай «Спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву Ляхавіцкага раёна».
Для тых, чый узрост перавышае школьны, СДЮШАР прапануе скарыстацца шэрагам платных паслуг. Цэны «на спорт» тут дэмакратычныя.
У сезон павышаны інтарэс павінен быў засяродзіцца на лыжах ці каньках. Але надвор’е супраціўляецца. Як толькі на некалькі дзён слупок тэрмометра апусціўся ніжэй за нуль і прыцерушыла снегам, на стадыёне арганізавалі лыжню, залілі каток, а горкі каля спартыўнай школы ператварыліся ў галоўны дзіцячы атракцыён.
– Калі снега было досыць, тэмпература дазваляла, ледзь паспявалі абслугоўваць аматараў актыўнага зімовага адпачынку. Многія «наразалі» лыжныя кругі на сваім спартыўным інвентары, іншыя бралі лыжы і канькі напракат. Прыемна, што ўмацаваць здароўе, падбадзёрыцца і ўзняць настрой да нас ішлі і дарослыя, і дзеці. Нават ладзіліся сямейныя заезды. За дзень пакатацца на лыжак прыходзіла каля 30 чалавек, на каньках – у сярэднім 40, – расказвае дырэктар СДЮШАР Валянціна Русакевіч.
Гадзіна пракату лыж каштуе 1,27 рубля, канькоў – 1,20. Калі марозна, лядовая каробка ўмомант напаўняецца дзіцячымі галасамі. Гэта ж зручна, не трэба ехаць, напрыклад, у Баранавічы дзеля гадзіны на лёдзе, лепш побач з сябрамі і недалёка ад дома. Тым больш кошт за такое спартыўнае задавальненне сапраўды дэмакратычны. А дзякуючы спонсарскай падтрымцы фермерскай гаспадаркі «ЖарСк», спартшкола атрымала дзве пары новенькіх канькоў.
Увечары ў гульнявой зале спаборніцкае напружанне толькі ўзрастае. Пасля дзіцячых трэніровак памерацца сіламі ў футболе ці валейболе збіраюцца супрацоўнікі РАНС, РАУС, камунгаса. А былыя выхаванцы, цяпер студэнты, якія прыязджаюць сюды на выхадныя і канікулы, стварылі сваю зборную каманду «Моладзь».
Калі вярнуцца да спартыўнай моды, справядліва адзначыць папулярнасць трэнажорных залаў. У вялікіх гарадах кожны мікрараён можа пахваліцца не адной установай, якая прапаноўвае вя- лікую колькасць аздараўленчых праграм, комплексных трэніровак і г.д.
Падкачацца ёсць магчымасць і ў ляхавічан. Заплаціць крыху больш за рубель – і ў распараджэнні жаночая, мужчынская залы. Безумоўна, спартыўнае абсталяванне не самае сучаснае, з часам не так працуе, як хацелася б, але пры жаданні можна скласці сваю праграму нагрузкі і патрэніравацца.

– З-за вучобы і працы ў Мінску не заўсёды атрымліваецца наведаць трэнажорку. Таму калі прыязджаю на выхадныя дадому, абавязкова на гадзінку іду ў спартзалу. І хоць мой комплекс практыкаванняў можна выканаць і ў хатніх умовах, усё ж атмасфера залы абстрагуе ад праблем і клопатаў, канцэнтруе ўвагу на занятках. Магчыма, тут не хапае бегавой дарожкі, але пры жаданні заўсёды можна знайсці альтэрнатыву, – расказвае Вікторыя Матрашына.
Сваім меркаваннем падзяліўся і Яўгеній Ганчарык:
– Можна знайсці тысячу і адну прычыну, каб адмовіцца ад трэніровак. Спасылацца на занятасць, непрыдатнае абсталяванне, не тую кампанію і г.д. Але хопіць усяго толькі жадання, імкнення – і нават турнік, няхай ён знаходзіцца ў зале, на пляжы або на пляцоўцы, стане выдатным памочнікам на шляху да спартыўнай мары.
Прыемная акалічнасць: на прапанову карэспандэнта, размешчаную ў сацыяльнай сетцы ВКонтакте, расказаць пра заняткі ў ляхавіцкіх трэнажорных залах адгукнулася шмат землякоў. Хтосьці раіў, калі лепш іх наведваць, іншыя выказалі свае меркаванні наконт абсталявання і нават даслалі расклад заняткаў па фітнесе.
Пра фітнес. Па буднях (акрамя серады) ляхавічанкі з інструктарам Ганнай Буйкевіч працуюць над аздараўленнем і падтрыманнем сябе ў добрай фізічнай форме. Спартыўная праграма вельмі разнастайная: практыкаванні на расцяжку з элементамі стрэтчынгу і на фітболах, аэробная трэніроўка на спецыяльных платформах і шмат іншага. А яшчэ дзяўчаты стварылі суполку ў ВКонтакте «Жаночы FITNESS у г.Ляхавічы»: дзеляцца карыснымі парадамі наконт здаровага харчавання, цікавай літаратурай, новымі методыкамі трэніровак.
Адным словам, спорт быў, ёсць і будзе. Набывае новыя формы, развіваецца разам з інфармацыйнымі тэхналогіямі. Галоўнае, разу-мець, што фітнес, футбол, валейбол і іншае – гэта ўсё дзеля сябе, свайго здароўя. Таму актыўней падключайцеся да стылю «на спорце»… І лепш у рэжыме рэальнага часу. А запосціць новую фотку можна і пасля трэніроўкі.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *